«Стымуляваў варожасць суайчыннікаў да Радзімы». Абвінавачанне Паўлу Белавусу рыхтык такое, як у сталінскія часы
Стваральніку Symbal.by выставілі абвінавачанне: «на працягу дзесяці гадоў вёў актыўную дзейнасць, накіраваную на змену дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам».

Як паведаміў начальнік упраўлення Следчага камітэта па Мінску Сяргей Паско, у 2011 годзе «абвінавачаны для пошуку аднадумцаў пачаў трансляваць патрэбную яму інфармацыю ў масы».
«Пад выглядам культурна-гістарычнага развіцця ў розных агульнадаступных сацыяльных сетках і на сайтах ён распаўсюджваў ідэі беларускага нацыяналізму, мэтай якіх з'яўлялася змена дзяржаўнай улады ў Беларусі. Абвінавачаны зарэгістраваўся ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка і заснаваў таварыства з абмежаванай адказнасцю (крама па анлайн— і афлайн-продажы тавараў), пасля чаго пачаў праводзіць розныя масавыя мерапрыемствы», — паведамляюць афіцыйныя СМІ.
«Створаныя бізнэс-праекты адкрылі прадпрымальніку новыя магчымасці. Так як Беларусь заўсёды знаходзілася ў цэнтры ўвагі на палітычнай арэне, хутка знайшліся тыя, хто быў гатовы спансіраваць развіццё яго антыдзяржаўнай дзейнасці. Фігурант падпісаў не менш за 12 дагавораў з рознымі замежнымі прадстаўнікамі і кампаніямі. З тых часоў экстрэмісцкая дзейнасць на тэрыторыі Беларусі набывала новыя абароты дзякуючы ўліванням з-за мяжы».
«Следствам устаноўлена, што абвінавачаны ў інтарэсах замежных арганізацый для хутчэйшай змены дзяржаўнай улады стымуляваў варожасць суайчыннікаў у дачыненні да Радзімы. Сваімі злачыннымі дзеяннямі Павел Белавус на працягу дзесяці гадоў ставіў пад пагрозу знешнюю і ўнутраную бяспеку дзяржавы. За гэта ён атрымаў ад замежных спонсараў больш за $150 тыс., 50 тыс. еўра і 40 тыс. злотых».
Па выніках расследавання Белавусу выстаўлена абвінавачанне па наступных артыкулах Крымінальнага кодэкса:
— ч. 1 арт. 356 (здрада дзяржаве);
— ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак);
— ч. 3 арт. 361 (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь);
— ч. 1 арт. 361-1 (кіраўніцтва экстрэмісцкім фарміраваннем).
На маёмасць абвінавачанага накладзены арышт на агульную суму больш за Br50 тыс. Да яго з санкцыі пракурора прыменена мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту. Расследаванне крымінальнай справы завершана, матэрыялы перададзеныя пракурору для накіравання ў суд.
Павел Белавус быў затрыманы 15 лістапада 2021 года. Спачатку яму давалі адміністрацыйныя суткі, а потым была заведзена крымінальная справа.
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары