Свет55

«Калдуновы саюз»: Тайвань умацоўвае партнёрскія сувязі з краінамі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы

Паводле даследавання Цэнтра ўсходнеазіяцкіх даследаванняў (CEIAS, Славакія), у 2022-м на гэтыя краіны прыпадала 60 працэнтаў усіх відаў кантактаў Тайваня з краінамі ЕС. Чаму так адбываецца і пры чым тут калдуны?

Квазідыпламатычнае прадстаўніцтва Тайван яў краінах Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы ў 2022 годзе
Квазідыпламатычнае прадстаўніцтва Тайваня ў краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы на 2022 год. Аўтар: CEIAS

Былыя савецкія калоніі і сатэліты, атрымаўшы ў 1939—1991 гг. моцны імунітэт супраць камунізму, больш ахвотна ідуць на супрацоўніцтва з Тайванем, чым «стары» Захад. Яны менш баяцца рэакцыі афіцыйнага Пекіна. 

Паводле даследавання CEIAS, у 2022 годзе назіраўся сямікратны рост колькасці кантактаў краін ЕС з Тайванем у параўнанні з 2019 годам (167 супраць 23). Супрацоўніцтва вялося на міжурадавым, парламенцкім, вайсковым узроўнях, у эканамічнай, кібернетычнай, культурнай і праваабарончай сферах. Тры пятыя ўсіх гэтых кантактаў прыходзіліся на краіны Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Лідарамі былі Літва, Славакія, Чэхія і Польшча.

Эксперты адзначаюць, што на працягу 2022 года Літва і Славакія мелі больш кантактаў з Тайванем, чым Францыя або Германія.

Штуршком да імклівага росту прысутнасці Тайваня ў краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы стала пандэмія COVID-19. Яна істотна парушыла глабальныя лагістычныя ланцугі, стварыла новыя выклікі і пагрозы і прымусіла ўрады многіх краін задумацца пра адыход ад ранейшых геапалітычных стэрэатыпаў.

Тайвань, які лічыць сябе спадкаемцам Кітайскай Рэспублікі, створанай у выніку рэвалюцыі 1911 года, і не прызнае законнасці камуністычнага перавароту ў мацерыковым Кітаі ў 1949 г., усталяваў неафіцыйныя дыпламатычныя зносіны з Літвой у 1991 г. Цікава, што ў 1940 г. Кітайская Рэспубліка не прызнала анексіі трох рэспублік Балтыі Савецкім Саюзам, хаця ўласна Тайвань на той момант належаў Японскай Імперыі (ад 1895 да 1945 года). Такім чынам, ва ўзаемнай цікавасці Тайваня і Літвы (і іншых адносна новых сяброў ЕС) ёсць выразны ідэалагічны чыннік: агульнае непрыняцце камуністычных дыктатур СССР і КНР з іх падаўленнем грамадзянскіх і эканамічных свабод і мілітарысцкай замежнай палітыкай.

Але да лістапада 2021 года, калі ў Вільні адкрылася прадстаўніцтва Тайваня, якое толькі фармальна не мае статусу амбасады, рэальнае супрацоўніцтва паміж краінамі было мінімальным.

Урад Літвы прадбачыў рэзкую рэакцыю афіцыйнага Пекіна на гэты крок, але не пабаяўся яго зрабіць. У выніку КНР панізіла статус свайго прадстаўніка ў Літве з узроўню пасла да паверанага ў справах і мінімізавала або скасавала праекты эканамічнага супрацоўніцтва.

У пэўнай ступені афіцыйная Літва, а таксама некаторыя мясцовыя няўрадавыя арганізацыі, узялі на сябе ролю адваката інтарэсаў Тайваня ў ЕС.

Яны прыцягвалі ўвагу еўрапейскай супольнасці да рэзка ўзрослай пагрозы яго гвалтоўнага паглынання Кітаем, адзначалі эканамічную і ваенную рызыку такога развіцця падзей для ўсяго Заходняга свету.

Рашэнне Літвы супрацоўнічаць з Тайванем было абумоўлена эканамічнымі прычынамі. Літва мае амбіцыі заняць сваю нішу на глабальным рынку мікраэлектронікі. У чацвёртым квартале 2022 года доля тайванскай кампаніі па вытворчасці паўправаднікоў (Taiwan Semiconductor Manufacturing Company — TSMC) на сусветным рынку электронных мікрасхем склала 58,5 працэнта, на другім месцы аказалася Samsung з 15,8 працэнта рынку.

У Заходнім свеце мацнее тэндэнцыя да рэіндустрыялізацыі, да вяртання многіх вытворчасцяў з Усходняй Азіі ў Еўропу і Амерыку, і Літва імкнецца не ўпусціць тут свой шанец.

У канцы 2022 года літоўская кампанія Teltonika падпісала дамову з тайванскім Даследчым інстытутам прамысловых тэхналогій на будаўніцтва завода па вытворчасці мікрасхем у Літве. Інвестыцыі тайванскага боку ацэньваюцца ў 10 млн еўра, а будаўніцтва завода мае быць скончана ў 2027-м.

У 2020 годзе імпарт прадукцыі з Тайваня больш чым у 2,5 раза перавысіў экспарт Літвы ў гэтую краіну (97,3 млн даляраў супраць 37,8). Літва экспартуе пераважна тытунёвыя вырабы, хімічную прадукцыю, драўніну і мэблю, а імпартуе электронныя кампаненты і прадукцыю машынабудавання. Робяцца толькі першыя крокі па паглыбленні гандлю паміж дзвюма краінамі ў розных галінах, які кампенсаваў бы эканамічныя страты Літвы з-за разрыву адносін з Кітаем.

З 12 самых усходніх краін ЕС (уключаючы Аўстрыю), як адзначае CEIAS, сёння прадстаўніцтвы Тайваня адсутнічаюць толькі ў Харватыі, Славеніі і Эстоніі.

«Калдуновы саюз». Крыніца: https://pbs.twimg.com/

Ну, а іранічная і дасціпная назва «Калдуновы саюз» для гэтага своеасаблівага клуба партнёраў Тайваня на ўсходзе і ў цэнтры Еўропы дадзена, каб паказаць даўнія ўплывы старажытнага Кітая на большасць краін Еўразіі. Варыяцыі папулярных там вырабаў з цеста з начынкай усярэдзіне («цзяоцзы») уваходзілі ў кухню розных народаў пад рознымі назвамі: у Расіі пад фіна-вугорскім словам «пельмені», у палякаў «перогі», у беларусаў і літоўцаў «калдуны», ва ўкраінцаў «варэнікі», у італьянцаў «равіёлі». Таму сёння тайванскую дыпламатыю на ўсходзе Еўропы называюць «калдуновай».

Каментары5

  • Рэальнасьць
    20.03.2023
    Яшчэ адна ўпушчаная магчымасьць для Беларусі.
  • кіт
    20.03.2023
    Рэальнасьць , так і ё, ПВТ і “Вялікі камень” пайшлі на дно. Дакладней іх туды апусцілі лукашысты.
  • лавіцель вядзьмарак
    20.03.2023
    вядзьмарка, пельменны саюз - то у вас, у мардвы і яе саюзнікаў ды сатэлітаў. там і рф, рб, і паўноч. карэя з сірыяй ды іранам.

Цяпер чытаюць

Кацярына Пытлева: Рак вярнуўся7

Кацярына Пытлева: Рак вярнуўся

Усе навіны →
Усе навіны

У «Вялікім камені» пабудуюць стылёвы жылы комплекс. Вось якія цэны8

У Мінску адкрыюць новую вуліцу да канца года

Адной з мэтаў званка Стуба і Сцёрэ Пуціну была ацэнка псіхалагічнага стану расійскага прэзідэнта5

Памёр полацкі музыкант Руслан Кунцэвіч

Загінуў 42‑гадовы адміністратар лёзненскага пабліка Уладзімір Данюк

Блогерка назвала тры прычыны, чаму расіяне цяпер масава робяць ВНЖ у Беларусі29

Нікалас Мадура ў турме захапіўся рэлігіяй і філасофіяй2

Стралок з Кракава, які забіў дзевяць чалавек, памёр у бальніцы15

Магілёў, Віцебск і Гомель удалося далучыць да БССР толькі таму, што Масква такім чынам хацела спакусіць Заходнюю Беларусь — апублікаваныя дакументы58

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Кацярына Пытлева: Рак вярнуўся7

Кацярына Пытлева: Рак вярнуўся

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць