Кіно33

«Анатомія падзення»: фільм-пераможца Канскага кінафестывалю даследуе жыццё пары, у якім не ўсё так адназначна

Муж пісьменніцы Сандры Войтэр скончыў жыццё самагубствам ці быў забіты? Прысяжным давядзецца вырашыць, а для гэтага — уважліва прааналізаваць жыццё сям’і. «Анатомія падзення» французскай рэжысёркі Жусцін Трыет — стужка пра складанасць рэальнасці ў свеце, дзе людзі вельмі лёгка складаюць меркаванне наконт той ці іншай з’явы. Таксама гэта гісторыя «падзенняў»: мужчыны — з акна, а сям’і — у бездань недаверу, падазронасці і ўзаемных абвінавачванняў.

Anatomie d'une chute
«Анатомія падзення» рэжысёркі Жусцін Трые. Фота: Les Films Pelléas

Сямейная драма, роздум пра тое, што такое праўда і што такое выдумка, крыху дэтэктыў і нават трылер, а па форме — юрыдычная хроніка, «Анатомія падзення» 44-гадовай рэжысёркі Жусцін Трые атрымала галоўны прыз сёлетняга Канскага кінафестывалю — Залатую пальмавую галінку.

У гэтай карціне асабліва адметная роля нямецкай акцёркі Сандры Хюлер, якая, дарэчы, сыграла ў двух сёлетніх фільмах-пераможцах: акрамя «Анатоміі падзення, яна грала таксама ў «Зоне інтарэсаў» Джонатана Глейзера — у ролі Хедвіг Хёс, жонкі каменданта лагера Асвенцім Рудольфа Хёса (гэтая стужка атрымала другое месца, або гран-пры).

У «Анатоміі падзення» Хюлер грае Сандру Войтэр, пісьменніцу, якая паўстае перад судом як падазраваная ў забойстве свайго мужа Самюэля. Ён памёр пасля падзення з акна ў іх маляўнічым шале ў французскіх Альпах. Сведак няма — сын Даніэль у гэты час гуляў з сабакам. Фільм прэпаруе асабістыя стасункі, поўныя стыхійных учынкаў і нелагічнасці, вачыма адчужанай, рацыянальнай прававой сістэмы, якая шукае парадак у хаосе і выразныя прычынна-выніковыя сувязі.

Sandra Hüller in Anatomie d'une chute
Сандра Хюлер грае паспяховую пісьменніцу, якую абвінавачваюць у забойстве мужа. Фота: Les Films Pelléas

Жусцін Трые, якая ў папярэдніх сваіх фільмах дэманстравала розныя эмацыйныя кінапрыёмы, гэтым разам прытрымліваецца ўмеранасці, што надае яе драме майстэрскую яснасць. Яна вядзе гледача праз дрыгву няўлоўных успамінаў, увесь час супярэчлівых аповедаў і ненадзейных апавядальнікаў. Пазбаўлены ад усіх наўмысных акцэнтаў, амаль дакументальны падыход кожнаму пакідае прастору для ўласных разваг. 

Рэжысёрка ўтойвае дастаткова інфармацыі, каб зрабіць праўдападобным і тое, што Сандра забойца, і тое, што гэта не так.

Напрыклад, нерашучасць Сандры гаварыць па-французску дома ў спалучэнні з яе няздольнасцю зрабіць гэта ў судзе, нягледзячы на тое, што яна пражыла ў Францыі шмат гадоў, можна ўспрыняць па-рознаму: і як уразлівасць гераіні, якая жыве ў чужой краіне супраць сваёй волі, і як махлярства ды цвердалобасць жанчыны, якая не хоча падпарадкоўвацца і гуляць па чужых правілах. Чаму верыць — глядач павінен выбраць сам.

Фільм не маніпулюе нашымі сімпатыямі, а просталінейная, без празмернасцяў эстэтыка падкрэслівае, наколькі банальнае і нават стамляльнае папраўдзе расследаванне.

Сын Даніэль — ненадзейны сведка, бо на некалькі гадоў раней ён страціў зрок у выніку няшчаснага выпадку. Хлопчык трапіў у аўтамабільную аварыю, калі быў пад наглядам свайго бацькі. Гэта падзея мела велізарныя наступствы для сям'і, бо бацькі з таго часу былі ахопленыя пачуццём віны і так да канца і не перажылі гора. Якраз тады іх стасункі пачалі разбурацца.

Сэмюэль пагрузіўся ў дэпрэсію, таксама ён не мог прызнаць паспяховасць сваёй жонкі, якая дасягнула лепшых вынікаў у творчасці, чым ён, і абвінавачваў Сандру ў «крадзяжы» яго ідэі, бо яна ператварыла напісаны ім урывак у раман-бестселер — гэта мы даведаемся з аўдыязапісу, прайгранага ў судзе.

Але з боку Сандры таксама не ўсё так гладка: нягледзячы на тое, што спачатку мы ёй безумоўна верым, і сын таксама на яе баку, з цягам часу становіцца зразумела, што многія паказанні не сыходзяцца і шмат рэчаў яна замоўчвае. Даніэль таксама пачынае вагацца ў сваім меркаванні.

Старанна прапрацаваны сцэнар не мае якіх-небудзь незавершаных «хвастоў», а ніводны з персанажаў не ёсць плоскім, аднамерным — кожны паўстае складаным героем са сваімі жаданнямі, матывацыяй, пошукам выратавання. Гэтыя асаблівасці ставяць «Анатомію падзення» на адзін узровень з добрай мастацкай літаратурай.

Milo Machado Graner in Anatomie d'une chute
Майла Мачада-Гранер у ролі 11-гадовага Даніэля. Фота: Les Films Pelléas

Адна з асаблівасцяў сюжэта — муж Сандры памірае па сцэнары, вельмі падобным да інцыдэнту ў адным з яе раманаў, што, безумоўна, прыцягвае ўвагу суддзі і выклікае шмат пытанняў. Як літаратура дачыняецца з рэальнасцю, ці ёсць яна толькі фантазіяй або выражэннем падсвядомых жаданняў ці планаў? Тое, як творчыя людзі робяць жыццё блізкіх матэрыялам для сваёй працы, — адна з тэм у фільме.

Агулам стужка паказвае, што ўсякая чалавечая праўда больш складаная, чым яе просты факталагічны выклад. У дадатак да прадуманага сюжэта, які трымае ў напрузе да самага канца, «Анатомія падзення» ставіць пад сумнеў само паняцце факта і заахвочвае да таго, каб з асцярогай ставіцца да вытлумачэння чужых паводзінаў, пра якія — нам здаецца — штосьці вядома.

Больш са свету кіно:

«Апалае лісце»: Акі Каўрысмякі зноў на вялікім экране, і гэтае вяртанне — падарунак для гледачоў

Харысан Форд атрымаў «Залатую пальмавую галіну». Гэта было вялікай нечаканасцю для славутага акцёра

«Вяртанне ў Сеул»: несентыментальная драма пра пошук бацькоў і ідэнтычнасці

Каментары3

  • сандру
    29.05.2023
    у малога бчб-стужкі на швэдры
    у нас такое кіно глядзець нельга
  • mikola
    29.05.2023
    kamu geta cikava? U kago mnoga czasu.....
  • Вольга
    29.05.2023
    mikola, Дык вам жа павінна быць цікава - бо маеце процьму вольнага часу - каб столькі лухты пісаць штодня пад амаль кожным матэрыялам НН. 

Цяпер чытаюць

Старшыня Рады бяспекі заклікаў беларусаў устрымацца ад паездак у Расію7

Старшыня Рады бяспекі заклікаў беларусаў устрымацца ад паездак у Расію

Усе навіны →
Усе навіны

На Камароўцы «абясцэніліся» ягады

Пашкодзіў радзімку — атрымаў рак. Анколаг развянчаў міфы пра меланому1

Магілёвец паглядзеў у свой мабільнік: геалакацыя вызначалася як Смаленск7

Украіна ўдарыла на НПЗ у Ніжагародскай вобласці, які забяспечвае Маскву і вобласць палівам4

«Мы ачмурэлі ад таго, наколькі гэта дорага». Колькі беларусы зараз трацяць на вяселле3

Лідарку венесуэльскай апазіцыі Марыю Карыну Мачада не пусцілі на радзіму3

Гэты архітэктар праектуе падземныя гарады для самых багатых на выпадак Трэцяй сусветнай вайны7

Сабака ўкусіў дзіця непадалёк ад дзіцячай пляцоўкі, калі тое спрабавала залезці на дрэва? Версіі маці і гаспадара3

Рэлігія можа дзейнічаць на мозг як наркотык — у добрым сэнсе слова4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Старшыня Рады бяспекі заклікаў беларусаў устрымацца ад паездак у Расію7

Старшыня Рады бяспекі заклікаў беларусаў устрымацца ад паездак у Расію

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць