Грамадства1212

Суддзя, вядомая многім палітвязням, і пракурор з медалём ад Лукашэнкі. Хто судзіў Алеся Пушкіна

Сёння ўначы палітвязень і мастак Алесь Пушкін памёр за кратамі. Распавядаем, што вядома пра тых, хто прысудзіў яму пяць гадоў строгага рэжыму.

Алена Шылько

Суддзёй па справе Алеся Пушкіна, які сёння памёр за кратамі, была Алена Шылько. Яна сапраўдны ветэран рэпрэсій супраць беларускіх актывістаў.

Алене Шылько 51 год, на пасадзе суддзі не менш за 17 гадоў. Палітычныя справы яна вядзе як мінімум з 2006-га.

Сітуацыя тады была адметная. Былы кіраўнік «Алмаза» Мікалай Карпянкоў (той самы, што пазней кіраваў ГУБАЗіКам) без дай прычыны страляў па машыне Юрыя Радзівіла, аднаго з кіраўнікоў штаба кандыдата ў прэзідэнты ў 2006-м Аляксандра Казуліна. Юрый Радзівіл падаў за гэта на Карпянкова ў суд, але сам быў арыштаваны і асуджаны на тры месяцы арышту за быццам бы «супраціў міліцыянтам», хоць Карпянкоў не здолеў уцямна патлумачыць, якая была нагода страляць.

Сярод самых вядомых спраў Шылько ў мінулым таксама прысуд Змітру Дашкевічу і Эдуарду Лобаву ў 2010-м. Мужчынам прысудзілі два і тры з паловай гады адпаведна за нібыта напад на выпадковых мінакоў, які насамрэч быў правакацыяй беларускіх спецслужбаў напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2010 года.

Зміцер Дашкевіч і Эдуард Лобаў падчас суда ў 2011 годзе. Фота: «Радыё Свабода»

Яна судзіла яшчэ як мінімум чацвярых фігурантаў справы «Плошчы-2010» і ўсім дала розныя тэрміны ў калоніі, агулам каля 15 гадоў. За гэта яе ў 2011-м уключылі ў санцыйны спіс ЕС.

Пачынала Шылько ў судзе Маскоўскага раёна Мінска, а пасля перайшла ў Мінскі гарадскі суд. Тут яна паспела прысудзіць болей за 60 гадоў зняволення беларускім палітвязням з 2020-га.

Падчас суда Алесь Пушкін парэзаў сабе жывот у знак пратэсту 25 сакавіка 2022 года. Суддзю гэта не засмуціла, а самога Алеся за гэта адправілі ў ШІЗА на 13 сутак. На абвяшчэнні прысуду Алесь зладзіў яшчэ адзін перформанс, распрануўшыся і паказаўшы свае шрамы, за што атрымаў яшчэ 13 сутак карцара. Алена Шылько прысудзіла яму пяць гадоў зняволення, як і прасіў пракурор.

Аляксандр Кароль

Аляксандр Кароль падчас навучання ва ўніверсітэце (за ім акурат Акадэмія кіравання). Фота: «УКантакце»

Аляксандру Каралю 31 год, і родам ён з Бабруйска. Выпускнік Акадэміі кіравання пры Лукашэнку, ён пайшоў працаваць у пракуратуру. Пачынаў памочнікам пракурора Заводскага раёна Мінска.

Цяпер Кароль атрымаў павышэнне — працуе старшым пракурорам аддзела дзяржаўнага абвінавачання Генеральнай пракуратуры. Палітвязні па абвінавачаннях, якія ён падтрымліваў, атрымалі амаль 70 гадоў зняволення. Але першая ягоная гучная справа была супраць «рускамірцаў», аўтараў скандальнага выдання «Рэгнум».

Тады быў чарговы віток канфлікту паміж Лукашэнкам і ўладамі РФ. Аўтараў кансерватыўнага выдання «Рэгнум» Юрыя Паўлаўца, Дзмітрыя Алімкіна і Сяргея Шыптэнку судзілі за «распальванне міжнацыянальнай варожасці» праз артыкулы, у якіх яны глуміліся з беларускіх улад і папракалі іх недастаткова адданым стаўленнем да Расіі. Тады Кароль запрасіў ім па пяць гадоў калоніі з адтэрміноўкай на тры гады, і ўсіх траіх вызвалілі ў зале суда.

Наступная палітычная справа Караля — суд над анархістам Змітром Паліенкам у 2019-м па чатырох крымінальных артыкулах. У знак пратэсту супраць закрыцця суда Паліенка парэзаў сабе вены, усчаўся вялікі скандал. У выніку суд зрабілі адкрытым і адмовіліся ад трох артыкулаў абвінавачання. Кароль запрасіў для Паліенкі шэсць гадоў калоніі, але прысудзілі яму тры гады «хатняй хіміі» і выпусцілі ў зале суда.

30 лістапада 2021 года Кароль атрымаў з рук Лукашэнкі медаль «За працоўныя заслугі». Тады падчас урачыстай цырымоніі Лукашэнка сказаў, што бачыць «людзей, якія генерыруюць выбітныя ідэі», а Швед кіруе «найлепшай у свеце пракуратурай».

Лукашэнка выдае медаль Каралю. Фота: БелТА

Таксама Кароль быў пракурорам па справе Калеснікавай і Знака, справе «Вясны» і шэрагу завочных спраў супраць дзеячаў-эмігрантаў. А ўвесну 2022 года Кароль прадстаўляў дзяржабвінавачанне па справе Алеся Пушкіна. Ён запрасіў для мастака пяць гадоў строгага рэжыму. Сёння палітвязень памёр за кратамі.

«Наша Ніва» запыталася ў Аляксандра Караля, ці адчувае ён нешта з нагоды смерці Алеся Пушкіна. Ён прачытаў паведамленне і, не адказаўшы, выдаліў яго.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары12

  • даведка
    11.07.2023
    Обычно медаль «За трудовые заслуги» получали руководители и простые работяги ближе к пенсии, а тут салага.
  • даведка
    11.07.2023
    Силовиков и особенно ментов после 2020 года Лукашенко стал награждать медалями засекреченными указами, которые не опубличиваются, чтобы награждаемые не знали, что наградил он этими медальки за несколько лет уже несколько тысяч человек и награды те давно утратили всякую свою значимость. Но прокуроров и судей Лукашенко продолжает награждать публично, тем самым целенаправленно клеймя этих шельм...
  • 363
    11.07.2023
    Капец им

Цяпер чытаюць

Студэнт гістфака БДУ, якога катавалі ў міліцыі падчас пратэстаў. Расказваем пра загінулага каліноўца Аляксандра Сераду12

Студэнт гістфака БДУ, якога катавалі ў міліцыі падчас пратэстаў. Расказваем пра загінулага каліноўца Аляксандра Сераду

Усе навіны →
Усе навіны

Новы прэм’ер Канады назваў заявы Трампа «вар’яцтвам»

Ваяроў беларускага батальёна «Волат» прымусова пераводзяць у іншыя падраздзяленні18

Лукашэнка: Ніякай вайны з Еўропай Пуцін не плануе. Калі б планаваў — я б дакладна ведаў13

Зяленскі: Курская аперацыя выканала сваё заданне4

Праз тры месяцы пасля вызвалення з наваполацкай калоніі памёр былы палітвязень. Яму было 485

Беларускі фермер паказаў, як трымерам рыхтуе клубніцы да сезону — мільёны праглядаў

У AirPods плануюць дадаць сінхронны пераклад размовы

Лукашэнка пра Зяленскага: Валодзя як сын мне быў, але паступіў як гніда32

Генштаб УСУ абверг заяву Трампа аб «акружэнні ўкраінскіх войскаў»2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Студэнт гістфака БДУ, якога катавалі ў міліцыі падчас пратэстаў. Расказваем пра загінулага каліноўца Аляксандра Сераду12

Студэнт гістфака БДУ, якога катавалі ў міліцыі падчас пратэстаў. Расказваем пра загінулага каліноўца Аляксандра Сераду

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць