Лукашэнка загадаў усім фірмам таксі перайсці ў беларускую юрысдыкцыю. А таксама зліваць інфармацыю пра паездкі
Сёння ў Аляксандра Лукашэнкі прайшла нарада, на якой абмеркавалі працу транспарту. Закранулі працу таксі — праект указа Лукашэнкі на гэты конт ужо гатовы. Чакаецца шмат зменаў на рынку.

Віцэ-прэмʼер Анатоль Сівак, які ва ўрадзе адказвае за транспартную сферу, расказаў, што ў большасці выпадкаў нерэгулярныя пасажырскія перавозкі (у асноўным, работа таксі) арганізуюць замежныя фірмы, так званыя дыспетчары.
Іх інфармацыйныя сістэмы і рэсурсы часта знаходзяцца за межамі Беларусі. Абмежаванняў для дзейнасці нерэзідэнтаў у якасці арганізатараў перавозак (дыспетчараў) у цяперашні час не ўстаноўлена, таксама не патрабуецца атрыманне якіх-небудзь дазволаў.
У выніку гэтыя замежныя субʼекты зацікаўлены толькі ў атрыманні даходаў, нягледзячы на законнасць выканання такіх перавозак, паскардзіўся Сівак. Таксама беларускія ўлады не маюць доступу да інфармацыі пра паездкі беларусаў.
«Інфармацыя аб выкананых заказах і звесткі аб заказчыках перавозак захоўваюцца на серверах, якія знаходзяцца за межамі Беларусі, што непасрэдна ўплывае на забеспячэнне нацыянальнай бяспекі», — сказаў віцэ-прэмʼер.
«Гэта значыць, ты заказваеш таксі, у маршрутцы дзесьці едзеш, гэтая ўся інфармацыя збіраецца на замежных серверах, і там гэта ўсё захоўваецца?» — удакладніў Лукашэнка.
Анатоль Сівак пацвердзіў, што гэта сапраўды так: «Грошы чалавека і інфармацыя аб гэтай перавозцы сыходзіла за мяжу. У дадзеным выпадку, ў Галандыю. Калі пачаліся санкцыі, гэтая карціна змянілася — грошы пачалі сыходзіць у Расію. Акрамя таго, вам за перавозку неабходна заплаціць, напрыклад, 10 рублёў. Гэтая кампанія сабе пакідала 20-30%, умоўна тры рублі, а сем вяртала перавозчыку. Вось такая была схема разлікаў. Па такой схеме працуюць і іншыя сэрвісы».
Віцэ-прэмʼер таксама паскардзіўся на пагаршэнне сітуацыі з бяспекай пасажырскіх перавозак, аб чым, паводле яго, сведчыць статыстыка ДТЗ. Паводле яго, нібыта расце колькасць скаргаў з боку насельніцтва і адносна даступнасці паслуг, раскладу перавозак.
«Існуючыя памеры штрафаў і меры адказнасці не дазваляюць належным чынам спыніць парушэнні заканадаўства», — сказаў Анатоль Сівак.
Як высветлілася, ужо гатовы праект Указа, ён «быў падрыхтаваны з мэтай навядзення парадку ў сферы аўтамабільных перавозак пасажыраў».
«Прадугледжана стварэнне дзяржаўнага рэестра перавозак пасажыраў, у які будуць уключацца звесткі аб перавозчыках, транспартных сродках (аўтобусах, легкавых аўтамабілях і аўтамабілях таксі), вадзіцелях і дыспетчарах. Гэта завершаны пералік», — далажыў віцэ-прэмʼер.
Там прадугледжаны абавязак для субʼектаў даваць дзяржаўным органам доступ да інфармацыі аб выкананых заказах.
А самі заказы на перавозкі можна будзе перадаваць толькі тым перавозчыкам, звесткі пра якіх будуць унесены ў рэестр.
Для змяншэння імпарту паслуг, зніжэння рызыкі ўцечкі персанальных даных грамадзян праектам указа ўстаноўлена права замежных кампаній аказваць паслугі дыспетчара нерэгулярных перавозак пасажыраў (дыспетчара таксі) толькі ў выпадку стварэння імі на тэрыторыі Беларусі юрыдычнай асобы. Яны таксама будуць абавязаны выкарыстоўваць у сваёй дзейнасці інфармацыйныя сістэмы і рэсурсы, размешчаныя на тэрыторыі Беларусі.
Плануецца ўстанавіць абавязак відэафіксацыі выканання перавозак пасажыраў, як сцвярджаецца, у мэтах «павышэння ўзроўню бяспекі для перавозчыкаў».
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары