Грамадства

У Мінску прадаюць будынкі былога хаба «Ок16» на Кастрычніцкай

На аўкцыённай пляцоўцы «ІПМ-Таргі» з'явіўся лот: у Мінску па адрасе Кастрычніцкая, 16 прадаюць старадаўнія завадскія карпусы. Гэты акурат тыя памяшканні, у якіх у 2017-2021 гадах размяшчаўся знакаміты хаб «Ок16».

У склад лота ўваходзяць тры будынкі агульнай плошчай 6 158 квадратных метраў на тэрыторыі ў 1,75 гектара:

  • вытворчы корпус Г плошчай 4 157 квадратных метраў;
  • вытворчы корпус Д плошчай 1 115 квадратных метраў;
  • вытворчы корпус Ж плошчай 886 квадратных метраў.

Гэтыя памяшканні былі пабудаваныя ў 1907 годзе як завод «Энергія» (з 1930 — Мінскі машынабудаўнічы завод імя Варашылава, з 1961 — Мінскі станкабудаўнічы завод імя Кастрычніцкай рэвалюцыі).

Але найбольшую грамадскую вядомасць яны набылі некалькі гадоў таму, калі будынкі ў сакавіку 2017 года купіў Белгазпрамбанк, які цяпер пазначаны ў лоце як прадавец.

Набываліся будынкі не для вытворчых, а для культурных мэтаў. Ужо тады Белгазпрамбанк на чале з Віктарам Бабарыкам быў вядомы карпаратыўнай калекцыяй з Шагалам і Суціным, падтрымкай міжнароднага тэатральнага фестывалю «Тэарт» і «Восеньскім салонам» з адсылкай да парыжскіх «Веснавых салонаў».

Высокія столі і адсутнасць калон дазволілі ператварыць прастору ў тэатральную залу і зрабіць яе прыдатнай для пастановак эксперыментальнага тэатра. За час існавання «Ок16» сегмент альтэрнатыўнага беларускага тэатра ўмацаваўся. Тут былі пастаўлены спектаклі, якія сталі аднымі з найлепшых за апошнія гады, — «Вартавыя Тадж-Махала», «Крыжовы паход дзяцей» ці «З вучылішча».

У той жа час хаб меў шэраг памяшканняў, дзе адбываліся як тэатральныя фестывалі, так і канцэрты акадэмічнай музыкі, маштабныя выставы, адукацыйныя мерапрыемствы, IT-канферэнцыі ды іншае.

Паводле задумы прастора мусіла стаць культурным інкубатарам і культурным акселератарам. «У інкубатары маладым камандам даецца шанец з нуля на льготных умовах стварыць, напрыклад, свой бізнэс. Акселератар — месца, куды прыходзіць ужо жывы праект, каб вырасці ў якасці, памерах і эфектыўнасці. Мы хочам стаць своеасаблівай пясочніцай, куды можна прыйсці і з нуля нешта стварыць, але асноўная наша мэта — дапамагчы вырасці праектам, якія ўжо існуюць», — тлумачыў у 2018 годзе кіраўнік праекта Георгій Заборскі.

За кароткі час «Ок16» стаў самай прэстыжнай альтэрнатыўнай культурнай пляцоўкай горада. Летам 2019 года яе арт-дырэктаркай стала Марыя Калеснікава, яна ж заспела крызіс праз пандэмію — тады каманда прасторы перайшла на 90-працэнтную дыстанцыйную працу і шчыльна занялася сваёй прысутнасцю ў віртуальнай прасторы. Як аказалася, вярнуцца да паўнавартаснай працы ёй не давялося. Пасля таго, як Віктар Бабарыка вырашыў у 2020 годзе балатавацца ў прэзідэнты, а Калеснікава стала адной з яго найбліжэйшых паплечніц, хаб разам з імі трапіў пад рэпрэсіі і мусіў спачатку фактычна, а пасля і фармальна спыніць сваю дзейнасць.

Пасля з'яўляліся чуткі, што ў памяшканнях былога хаба хочуць размясціць гандлёвыя аб'екты, але, як выглядае, гэтым намерам здзейсніцца не ўдалося. І цяпер будынкі прадаюцца з малатка.

Стартавая цана лота — 10 мільёнаў рублёў. Крок аўкцыёну складае 5% ад бягучай цэны. Акрамя таго, пераможца таргоў аплачвае ўзнагароджанне арганізатару таргоў (2% ад цаны продажу лота) і 500 рублёў выдаткаў. Гэта значыць, што пакупнік павінен будзе выкласці за будынак 10 710 500 рублёў, або прыкладна 3,34 мільёна даляраў па актуальным курсе.

Таргі пачнуцца 6 жніўня ў 11:00.

Каментары

Цяпер чытаюць

У Мінску ўсё ж назвалі прыпынкі ў гонар «паляка-рэваншыста» і «русафоба», супраць якіх марна ваявала Бондарава1

У Мінску ўсё ж назвалі прыпынкі ў гонар «паляка-рэваншыста» і «русафоба», супраць якіх марна ваявала Бондарава

Усе навіны →
Усе навіны

Праз атакі на расійскія НПЗ беларускі бензін вярнуўся на рынак РФ5

У Касцюковічах у каледжы 17‑гадовая дзяўчына збіла аднагодку на вачах у іншых навучэнцаў3

Трамп прыдумаў план міру для Газы. Яго падтрымалі амаль усе5

Малдова паказала, як Пуціну і Лукашэнку можна даваць па зубах і ў гібрыднай вайне25

Андрэй Стрыжак прыдумаў вясёлы, але карысны чэлендж25

Ніколь Кідман і Кіт Урбан разводзяцца пасля 20 гадоў шлюбу2

Жыхары Брэста ўжо паставілі і ўпрыгожылі высокую навагоднюю ёлку4

Трагічная смерць у Мінску: мужчына загінуў ад аскепка люмінесцэнтнай лямпы1

На трасе ў Баранавіцкім раёне загінуў 19‑гадовы хлопец

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Мінску ўсё ж назвалі прыпынкі ў гонар «паляка-рэваншыста» і «русафоба», супраць якіх марна ваявала Бондарава1

У Мінску ўсё ж назвалі прыпынкі ў гонар «паляка-рэваншыста» і «русафоба», супраць якіх марна ваявала Бондарава

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць