Грамадства6565

«Жыццё кіпіць, бурліць і віруе». Якой пабачылі Беларусь эмігранты, якія вярнуліся на радзіму пасля доўгай адсутнасці

Некаторыя эмігранты часта вяртаюцца ў Беларусь, іншыя — па розных прычынах пакідаюць яе на гады. Беларусы, якія нядаўна прыязджалі на радзіму пасля доўгага перапынку, падзяліліся з выданнем Most уражаннямі ад паездак. Імёны суразмоўцаў змененыя ў мэтах бяспекі.

«Велізарная «заброшка», на якую нацягнулі прыгожы фасад»

Андрэй рэлакаваўся ў Польшчу ў 2022 годзе і з таго часу паспеў з'ездзіць у Беларусь два разы. Уражанні ад паездак вельмі адрозніваюцца.

«Калі я прыехаў у Менск у 2023 годзе, пасля года жыцця ў Польшчы, у мяне склалася адчуванне фальшывасці, стэрыльнасці. Як быццам увесь горад — гэта велізарная «заброшка», на якую нацягнулі надрукаваны на тканіне прыгожы фасад.

Прасторныя вуліцы, чыстыя тратуары, але занадта мала жыцця. Я памятаю, што мяне ўразіла колькасць пустых прастор і амаль поўная адсутнасць людзей на вуліцах».

Праз год, гэтым летам, Андрэй зноў паехаў у Беларусь і гэтым разам Мінск яго прыемна здзівіў.

«Куча людзей на вуліцах, велізарная колькасць новых машын на дарогах, самі дарогі шмат дзе новыя, па ўсім горадзе нейкія будоўлі, рамонты. Жыццё кіпіць, бурліць і віруе. Мінск як быццам ажыў».

Прычыну такіх перамен Андрэй бачыць у тым, што «беларусы змірыліся».

«Людзі прывыклі жыць у страху, цяпер для іх гэта новая норма. Яны проста павылазілі з нор і перасталі трывожыцца пра будучыню».

«Ужо адвыкла ад такога вялізнага выбару малочкі»

Алена з'ехала з Беларусі ў 2021 годзе. Прычына ад'езду не была звязаная з палітыкай, але паколькі ў 2020 годзе жанчына актыўна падтрымлівала пратэсты, вяртацца на радзіму без вострай неабходнасці ёй не хацелася.

Улетку 2024-га такая неабходнасць усё ж узнікла, Алене прыйшлося прыехаць у Гомель для афармлення права атрымання ў спадчыну.

«Я чакала ўбачыць панылы горад, сумных людзей і пустыя паліцы ў крамах. Прынамсі, так з Польшчы бачыцца Беларусь, калі чытаеш медыя. У рэальнасці ўсё выглядае па-іншаму. Людзі шпацыруюць, усюды шмат моладзі, адкрываюцца новыя ўстановы, цэнтральныя вуліцы выглядаюць прыгожымі і квітнеючымі. Дзеля справядлівасці адзначу, што ў спальных раёнах за тры гады асабліва нічога не памянялася».

Алена кажа, што яе ўразілі нізкія цэны ў крамах і разнастайнасць прадуктаў.

«Я ўжо адвыкла ад таго, што на паліцах можа быць такі велізарны выбар малочкі. Я набірала прыкладна такі ж кошык прадуктаў, як у Варшаве, але грошай пакідала на касе ў паўтара-два разы менш. Ежа ў кавярні таксама каштуе капейкі. Вядома, я разумею, што і заробак у Гомелі не такі, як у Польшчы. Але па большай частцы гамяльчан не скажаш, што яны бядуюць. Хоць і ўвесь час скардзяцца на нізкія заробкі».

«Сяброўка раптам стала аглядацца і папрасіла гаварыць цішэй»

Алена заўважыла, што ў прыватных размовах людзі сталі больш закрытымі.

«Я шмат кантактавала са сваякамі і сябрамі. Калі гаворка заходзіла пра палітыку ці пра жыццё ў Польшчы, некаторыя з іх выключалі свае тэлефоны або выносілі іх у іншы пакой, баючыся праслухоўвання. А калі мы паднялі гэтыя тэмы ў кавярні з сяброўкай, яна раптам стала аглядацца і папрасіла мяне гаварыць цішэй. Калі я з'язджала з Беларусі, такога не было, тады ў людзей было менш страху».

Як потым даведалася Алена, страх сачэння — не параноя. Сябры расказалі ёй, што ў дзяржаўных установах і на прадпрыемствах цяпер працуюць спецыяльныя супрацоўнікі, якія могуць у любы момант праверыць змесціва тэлефонаў у любога работніка.

«Я спыталася ў прыяцелькі, якая выкладае ў мінскай ВНУ: «Няўжо цяпер ва ўніверсітэтах засталіся толькі лаяльныя да ўлады людзі?» Яна засмяялася і адказала: «Вядома, не. Мы проста ўсе цяпер партызанім».

Алена заўважыла, што на гарадскіх вуліцах стала яшчэ больш міліцыі. Яе сяброўка паскардзілася, што ў арэндныя кватэры, дзе раней жылі супрацоўнікі ўніверсітэтаў, музеяў і тэатраў, цяпер засяляюць работнікаў міліцыі. І дадала, што ў мікрараёне, першапачаткова пабудаваным для работнікаў культуры і адукацыі, цяпер узводзіцца дом для супрацоўнікаў МУС.

Алене здалося, што, нягледзячы на татальны кантроль з боку дзяржавы, беларусы ўнутры краіны з усіх сілаў спрабуюць жыць звычайным жыццём, не зацыкліваючыся на цяжкасцях.

«Людзі працуюць, гадуюць дзяцей, робяць рамонты, ездзяць на адпачынак, садзяць агароды. І зусім не таму, што перагарнулі старонку. І ва Украіне жыццё працягваецца нават пад абстрэламі, з'язджаюць далёка не ўсе. Так і ў Беларусі. Я радая за беларусаў, у якіх атрымліваецца будаваць жыццё ў гэтай краіне, нягледзячы ні на што».

«Цяжка сябе пераканаць, што тут усё дрэнна»

Арцём паехаў у Польшчу вясной 2022 года. Улетку 2024 года ён паехаў у Мінск, каб закрыць ІП.

«Мне падалося, што за два гады нічога не змянілася, як быццам я і не ад'язджаў. Але атрымалася зірнуць на Мінск вачыма турыста, і гэта быў пацешны вопыт. Мінск — вельмі савецкі горад, але раней мне гэта ў вочы не кідалася. А пасля Еўропы здалося, што ў вачах мітусіцца ад зорак, сярпоў-молатаў і ўсяго такога».

Арцёма здзівілі цэны ў крамах, кавярнях, рэстаранах, сферы паслуг.

«Нешта ў два разы танней, нешта ў тры, нешта ў пяць — медпаслугі, напрыклад. Мазгамі разумееш, што гэта не ад вялікіх заробкаў, але калі можаш сабе дазволіць у разы больш, чым у Польшчы, то цяжка сябе пераканаць, што тут усё дрэнна».

«Падыдуць, правераць тэлефон — і ўсё, прывітанне, турма і катаванні»

Арцём гаворыць, што калі знаходзішся ў Беларусі, то ўзнікае спакуса паверыць у вонкавы дабрабыт і атрымліваць асалоду ад жыцця. Але вялікая колькасць работнікаў міліцыі на кожным куце не дае забыцца пра спецыфіку Беларусі.

«Перыядычна проста страшна рабілася, што зараз падыдуць, правераць тэлефон — і ўсё, прывітанне, турма і катаванні».

За час паездкі Арцём паспеў пабываць і ў Беларусі, і ў Расіі. У яго склалася ўражанне, што ў абедзвюх краінах цяпер можна жыць добра і камфортна.

«Гэтыя байкі, якія ходзяць сярод эмігрантаў, пра пустыя паліцы ў крамах і атмасферу татальнага страху — поўная лухта. Але, з іншага боку, у глабальных рэчах, праз якія я і пераехаў, не памянялася нічога: «беспредел» сілавікоў, саўдзел у вайне, залежнасць ад Расіі. Я ўсведамляю, што гэтыя рэчы важныя не для ўсіх. Для многіх галоўнае, каб праца была, працавалі бары і рэстараны, было сытае і спакойнае жыццё. А якой цаной гэта дасягаецца — не ўсім цікава. Тая ж Масква — камфортны і класны горад. Я б там жыў, але, як той казаў, ёсць нюанс».

Каментары65

  • FF
    30.08.2024
    Во, а калі я казаў, што жыццё ў Мінску віруе, мяне тут мінусавалі. Людзі, калі вы хочаце бачыць Мінск пустым і ціхім, гэта не значыць, што ён такі насамрэч ёсць
  • Совет
    30.08.2024
    Братья, нужно дезу вкидывать очень осторожно, потому что перестанут верить, что вы оппозиционное сми.
  • СМ
    30.08.2024
    Не дзіва, што беларусы за мяжой скажона ўяўляюць рэаліі ўнутры Беларусі. Навошта далёка хадзіць: калі эмігрант чытае "Нашу Ніву", у яго складаецца ўражанне, што тут засталіся толькі Бондарава, Дзермант, Агаыонаў і Жан Содаль)) Але я не асуджаю рэдакцыю: пра тое, як людзі збіраюць дапамогу тым, хто пацярпеў ад рэжыма, альбо як менты пад час ператрусаў даюць людзям магчымасць пачысціць тэлефоны і т.п. - пра гэта, вядома, нельга пісаць, ні імёнаў, ні месца дзеяння, ні іншых падрабязнасцяў. А такія прыклады не проста ёсць, іх безліч, яны адбываюцца літаральна кожны дзень. І беларусаў у краіне засталося ў тысячы разоў больш, чым бонадаравых і дзермантаў.
    І яшчэ. Калі нехта лічыць, што на танцы і дыскатэкі ходзіць толькі апалітычнае балота, а змагары ўвесь
    час сядзяць недзе ў падполлі і з трагічнымі тварамі спяваюць "Магутны Божа" - дык вось вам навіна: змагары таксама любяць канцэрты, бары, тусоўкі. Людзі любяць жыццё і хочуць жыць. Але калі настане зручны момант, гэта не перашкодзіць ім выйсці на плошчы і выказаць сваё меркаванне. Тым больш, што за чатыры гады у іх назапасілася шмат чаго, што ім хочацца і патрэбна сказаць.

Цяпер чытаюць

Раніцай Вербнай нядзелі расіяне ўдарылі дзвюма балістычнымі ракетамі па цэнтры Сум. Дзясяткі загінулых2

Раніцай Вербнай нядзелі расіяне ўдарылі дзвюма балістычнымі ракетамі па цэнтры Сум. Дзясяткі загінулых

Усе навіны →
Усе навіны

Мінчан так дастала істэрычная суседка, што яны былі вымушаныя з'ехаць. Аднак праблемы на гэтым не скончыліся5

З раніцы нешта гарэла на Камароўскім рынку2

28-гадовага хлопца з Пінска асудзілі за ўдзел у «масавых беспарадках». Што за ён?1

Прадстаўнік Трампа абвергнуў публікацыю The Times пра падзел Украіны на манер пасляваеннага Берліна4

Чаму Вялікдзень у католікаў і праваслаўных найчасцей не супадае і часта складае месяц?6

Загадка арыентацыі старажытных храмаў. Чаму цэрквы павернуты не туды10

У інтэрнэце перапрадаюць білеты на матчы хакейнага «Дынама» ў плэй-оф КХЛ. У разы даражэй2

Расіі пагражаюць новыя санкцыі, калі не будзе пагаднення аб перамір'і да канца красавіка2

У пачатку вайны кавэзэшніцу Марыну Грыцук вывозілі з-пад Кіева на танку. Цяпер яна вядзе мерапрыемствы ў Расіі19

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Раніцай Вербнай нядзелі расіяне ўдарылі дзвюма балістычнымі ракетамі па цэнтры Сум. Дзясяткі загінулых2

Раніцай Вербнай нядзелі расіяне ўдарылі дзвюма балістычнымі ракетамі па цэнтры Сум. Дзясяткі загінулых

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць