Музыка55

Былы кіраўнік «Моладзі БНФ» чытае рэп і працуе ў познаньскім тэатры — вось як так склалася

Некалі 25-гадовы Дзяніс Мандзік быў палітычным актывістам, ладзіў пікеты і зборы подпісаў. Цяпер былы кіраўнік «Моладзі БНФ» — рэпер з мянушкай MANDZIK, досведам працы ў польскай традыцыйнай кухні і новым альбомам наперадзе. Пагутарылі з хлопцам пра метамарфозы ў яго жыцці.

Фота: архіў суразмоўцы

«Калі загінуў Коржыч, мы зрабілі вялікі вайсковы білет з пенапласту і выйшлі з ім на пікет пад Генштаб»

Дзяніс пачаў рабіць музыку ў 2017 годзе. На той час хлопец меў некалькі гадоў досведу ў моладзевай палітыцы, быў актывістам і потым кіраўніком «Моладзі БНФ». 

Той час для яго поўны добрых успамінаў. Атрымлівалася рабіць файныя акцыі і знаходзіць новых актывістаў, кажа хлопец:

«Прымаў удзел у кампаніі па рэабілітацыі паэткі Ларысы Геніюш. Мы тады збіралі подпісы па ўсёй Беларусі за яе рэабілітацыю, за тое, каб ёй у яе роднай Зэльве паставілі помнік. Вялікіх вынікаў гэта не дало — з-за таго, што нейкія дзецюкі назбіралі подпісаў, ніхто не будзе змяняць палітыку дзяржавы. Але ў нас атрымалася зрабіць вялікі рэзананс, шмат людзей проста даведаліся, што ў нас ёсць такая класная паэтка.

Калі я быў кіраўніком, у Пячах загінуў салдат Саша Коржыч, гэта была вельмі гучная справа. Мы зрабілі вялікі вайсковы білет з пенапласту, размалявалі яго і выйшлі з ім на пікет пад Генштаб, каб прыцягнуць увагу да гэтай гісторыі».

З іншага боку, хлопец атрымліваў багата крытыкі, і гэта падсвядома адштурхоўвала ад актывізму. Хлопец з дзяцінства любіў творчасць, і яшчэ падчас працы ў моладзевай палітыцы пачаў пісаць вершы. Яго знаёмы, паэт Віталь Рыжкоў, ацаніў іх невысока і параіў Дзянісу лепш чытаць рэп — так і пачаўся яго шлях.

Свой тагачасны рэп Дзяніс называе неахайным — маўляў, вучыўся з кожнай песняй. Ён і пазней часам удзельнічаў у актывізме, напрыклад, у «Моладзевым блоку», але ж палітыка аказалася для яго крыніцай выгарання.

Цяпер MANDZIK рыхтуе да выхаду новы альбом пад назвай «М.». За літарай хаваецца шмат — і яго прозвішча, і імя каханай, і любоў да Мінска, куды хлопец пераехаў з роднага Барысава:

«Раней я выпускаў больш рэпавыя трэкі пра жыццё ў Беларусі і беларускі кантэкст, гэта было звязана і з тым, што быў вымушаны ў 2020-м эміграваць з Беларусі. Прыкладна тры з чатырох гадоў маёй эміграцыі сышло на тое, каб асэнсаваць, што я цяпер не ў Беларусі. Давялося прайсці праз пэўныя псіхічныя праблемы, займацца з псіхатэрапеўтам. 

Толькі праз тры гады жыцця галавой і сэрцам у Беларусі, а фізічна ў Польшчы, я змог пачаць нейкае новае жыццё — прыстасавацца да таго, што ёсць цяпер. Гэты апошні год стаў для мяне адкрыццём самога сабе, і альбом якраз пра гэта: пра падзеі, якія адбываліся цягам гэтага году, пра мяне і мае стасункі з каханым чалавекам, якія таксама бываюць цяжкімі. Там будзе і пра мяне як асобу, пра складанасці, якія я праходзіў цягам свайго жыцця».

Фота: архіў суразмоўцы

Рэп ад MANDZIK можна пачуць на канцэртах, але на жыццё хлопец зарабляе іншым — ён працуе ў польскім тэатры танцу ў Познані, у тэхнічным аддзеле. Задача — рыхтаваць сцэну да спектакля, ладзіць святло і гук.

Дзяніс таксама здымаецца ў ютуб-шоу «Отцы и эти» з цёзкам Дзянісам Дудзінскім, дзе яны размаўляюць на розныя тэмы з пункту гледжання людзей з вялікай розніцай ва ўзросце. 

«Міліцыянты, якія праходзілі міма, пыталіся, за што мяне затрымалі — казаў, за тое, што карміў галубоў»

Дзяніс выехаў з Беларусі ў верасні 2020-га пасля ўдзелу ў пратэстах:

«Пачалі выходзіць на маіх блізкіх, і я зразумеў, што маё затрыманне — пытанне часу. Вырашыў не чакаць і з’ехаў з краіны. Гэта было правільна, бо пасля майго ад’езду сілавікі прыйшлі на кватэру ў Барысаве, дзе я быў прапісаны, і зладзілі там вобшук.

Мяне абвінавацілі ў хуліганстве — быццам бы я пашкодзіў машыну суддзі, які мяне судзіў перад гэтым у ліпені. Але калі пашкодзілі тую машыну, мяне ўжо не было ў краіне».

Тады, у сярэдзіне ліпеня 2020-га, Дзяніс з сябрамі зладзілі ў Барысаве акцыю — кармленне галубоў на плошчы. Паклікалі сяброў, набылі трохі хлеба і пайшлі кампаніяй на плошчу. Актывісты селі на зямлю і сталі чакаць птушак, але ж замест птушак перад імі з’явілася больш за дзесяць міліцыянтаў. Маладзёнаў затрымалі.

«З намі была мая тагачасная дзяўчына, з якой мы павінны былі праз тры дні ажаніцца. Вырашылі зрабіць гэта перад пратэстамі, каб, калі нехта з нас апынецца ў турме, іншы чалавек мог яго наведваць і рабіць перадачы. 

Памятаю, як сядзеў у РАУСе гадзінамі з кавалкам хлеба ў руках. Міліцыянты, якія праходзілі міма, пыталіся, за што мяне затрымалі — казаў, за тое, што карміў галубоў. Яны смяяліся і казалі, што я прыдумляю, а я паказваў ім той хлеб», — згадвае беларус.

Дзяніс успамінае дзіўнае пытанне міліцыянта: «Як перакладаецца «вяселле» на рускую мову?» Хлопец адказаў, што гэта «свадьба», а яму сказалі, быццам яго будучая жонка на такое ж пытанне адказала «веселье». Маладзёны мяркуюць, што міліцыянт хацеў даказаць, што яны робяць памылкі ў беларускай мове.

Ім пагражалі: калі не падпішуць пратаколы, то іх пасадзяць на суткі і не будзе ніякага вяселля, а так абяцалі абмежавацца штрафам. Гэтым тая справа і скончылася.

Вяселле прайшло ў запланаваны час, але пазней пара разышлася — як кажа Дзяніс, не вытрымалі сумесную эміграцыю.

Фота: архіў суразмоўцы

Калі хлопец прыехаў у Польшчу, адразу пайшоў працаваць у дастаўку ежы: 

«Хацеў падзарабіць. У мяне тады было мала варыянтаў, а ў дастаўку накшталт Uber ці Bolt не трэба доўга ўладкоўвацца. Ніколі не цураўся такой працы і лічу, што тая мая праца кур’ерам дала мне нашмат больш за грошы. Цягам першых месяцаў майго жыцця ў Познані я добра вывучыў горад, здолеў там хадзіць без карт і паказваць горад іншым людзям. 

А пазней я пайшоў працаваць кухарам, у Беларусі ўжо меў такі досвед. Тут да майго сябра звярнуўся чалавек, у якога ёсць некалькі рэстаранаў і сваё канцэртнае агенцтва, ён запрасіў нас з сябрам папрацаваць сезон у гарах у сваім рэстаране з гатэлем. Тое месца знаходзіцца ў Ніжняй Сілезіі, амаль што на мяжы з Чэхіяй. Я там працаваў на вялікай кухні, вывучыў польскую нацыянальную кухню ў дадатак да іншых мне вядомых».

Дзяніс прызнаецца, што пераезд яму даўся цяжка. Ён доўга жыў з думкай, што ягоная эміграцыя доўга не працягнецца, і гэта не давала засяродзіцца на звычайным жыцці. Было складана займацца музыкай, недзе паўтара года хлопец нічога не пісаў.

А потым зразумеў — з гэтым трэба нешта рабіць:

«Пачаў хадзіць на псіхатэрапію, хаця ніколі не думаў, што сам на гэта пайду — лічыў, што добра спраўляюся сам. Але, напэўна, гэта было адно з маіх найлепшых рашэнняў. Недзе год хадзіў на тэрапію, і гэта мне вельмі дапамагло. Вырашылі нават тыя праблемы з дзяцінства і юнацтва, пра якія я і не здагадваўся, што яны перашкаджаюць мне жыць. 

Зразумеў, што не жыву сваё жыццё, проста сяджу на месцы і чагосьці чакаю. А пакуль гэта адбываецца, я мог бы развівацца і рабіць нешта карыснае. Стаў адчуваць сябе лепей з кожным месяцам, пачаў рабіць багата цікавай музыкі. Жыццё стала нашмат прасцей».

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары5

  • Цырульніца
    21.09.2024
    А дзе тая старшынька былая з бровамі Смілевіч? Вось гэта чаліня была дык чаліня, пакуль Мандзік ня скінуў. Зусім згубілі лідарку!
  • 12121
    21.09.2024
    Былы кіраўнік «Моладзі БНФ».... Оказался просто челом, который очутился на этом месте случайно... Время расставляет все на свои места.
  • Включить
    21.09.2024
    Собирали дурацкие подписи в БНФ и не думали, что занимаются ерундой. Ну, дети как дети. И только эмиграция включила им голову.

Цяпер чытаюць

Дзе ляжыць выкуплены Статут ВКЛ? Павел Мацукевіч — пра тое, што беларусы мусяць сабе вярнуць5

Дзе ляжыць выкуплены Статут ВКЛ? Павел Мацукевіч — пра тое, што беларусы мусяць сабе вярнуць

Усе навіны →
Усе навіны

У Мінску прадаецца кватэра, з якой можна выйсці праз акно6

Франак Вячорка выставіў на аўкцыён свой скандальны гадзіннік35

Намеснік міністра Казакевіч запэўнівае, што расійскага стэндапера ніхто не біў. І пагражае завесці крыміналкі за паклёп27

БЧБ-нявеста звярнулася да беларусаў, якім няпроста за мяжой23

На станцыі метро «Трактарны завод» памёр чалавек

Белстат заявіў, што на заробкі за мяжу выехала рэкордная колькасць беларусаў. МУС кажа, што ўсё наадварот5

67-гадовага расійскага дысідэнта Аляксандра Скобава прыгаварылі да 16 гадоў калоніі5

Зноў на дзве капейкі даражэе бензін

Новая тканіна можа сама награвацца больш чым на 30 градусаў, каб ратаваць у экстрэмальна халоднае надвор'е2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Дзе ляжыць выкуплены Статут ВКЛ? Павел Мацукевіч — пра тое, што беларусы мусяць сабе вярнуць5

Дзе ляжыць выкуплены Статут ВКЛ? Павел Мацукевіч — пра тое, што беларусы мусяць сабе вярнуць

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць