Вайна66

Дачка памерлага каліноўца працягвае яго справу

Некалі былы каліновец Аляксандр Царук загарэўся ідэяй дапамагаць беларускім ветэранам. Калі Аляксандр памёр ад раку, справу падхапіла яго дачка Вольга Галамеева. Пагутарылі з ёй.

Вольга з бацькам. Фота: архіў суразмоўцы

Вольга расказвае, што арганізацыю «Сашко» распачынаў яе бацька, Аляксандр Царук, для якога «Сашко» было франтавым пазыўным. 

Аляксандр вярнуўся з вайны летам 2022-га. Сутыкнуўся і з фізічнымі, і з псіхалагічнымі наступствамі фронту. У мужчыны выявілі разбурэнне тазасцёгнавага сустава, моцна балела сцягно, а таксама, кажа Вольга, у яго былі прыкметы посттраўматычнага разладу.

Па сабе і сваіх саслужыўцах былы ваяр адчуваў — патрэбная дапамога:

«Да яго неаднаразова прыязджалі пабрацімы з вайны, жылі ў яго. Адзін з іх, дарэчы, хацеў атрымаць літоўскую візу, але яму адмовілі. Бацька гутарыў з імі і бачыў, якая ім трэба дапамога. Перш за ўсё, гаворка пра псіхолага, да якога варта было ісці і яму самому.

І ў 2023-м бацька стварыў нашу арганізацыю, а яшчэ да гэтага ён ладзіў вечар памяці па [загінулым дабраахвотніку Паўлу] «Волату». Усё ўжо было аформлена, адзінае, што спачатку арганізацыя называлася Krait, гэта пазней я памяняла назву».

Былым ваярам звычайна патрэбна дапамога з псіхалагічнай падтрымкай, легалізацыяй ды рэабілітацыяй. Шмат у каго ёсць жонкі і дзеці, якіх таксама трэба падтрымаць.

Аляксандр Царук. Фота: архіў суразмоўцы

Сам Аляксандр Царук памёр ад раку 13 красавіка 2024 года. Вольга згадвае бацьку як вельмі адкрытага, добрага і таварыскага чалавека:

«Калі ён прыехаў з вайны і мы яго сустракалі на віленскім аўтавакзале, прыйшлі не толькі яго сябры, але і знаёмыя, з якімі ён нават не камунікаваў шчыльна. Але пры гэтым бацька быў вельмі сціплы, ніколі не казаў адкрыта пра свае праблемы. Калі ў яго пыталіся, як справы, заўжды адказваў, што ўсё добра. 

Нават калі яму паставілі анкалагічны дыягназ, ён імкнуўся нікому пра гэта не казаць, і ў мяне пазней пыталіся людзі, чаму я ім не расказвала пра яго хваробу. Адзінае, што пасля аперацыі бацька адкрыў збор, таму што не мог працаваць, хаця працаваў да апошняга».

Для Вольгі гісторыя бацькі — прыклад таго, якія складанасці могуць напаткаць ветэрана ў мірным жыцці:

«Думаю, мой бацька не вытрымліваў псіхалагічнага цяжару. У яго было нешта накшталт дэпрэсіі, хаця ён і казаў, што ўсё добра. Так разумею, яму быў патрэбны псіхолаг яшчэ тады, калі ён толькі прыехаў з вайны, але бацька заўжды казаў, што псіхолаг яму не трэба. Трэба было данесці да яго, што гэта не так.

Я гутарыла з ім, каб падтрымаць, да яго прыходзілі сябры. Але я бачыла, што і яму, і іншым ветэранам цяжка. Не хаваю, што ў бацькі былі і праблемы з алкаголем, пра гэта пісалі ў прэсе. Усё гэта існуе, таму трэба не замоўчваць такія праблемы і дапамагаць людзям, каб яны не зачыняліся ў сабе».

Вольга — палітуцякачка, як і яе бацька. Яна жыве ў Літве з дачкой, сумяшчае справы арганізацыі з іншай працай і навучаннем у Ковенскай інжынернай калегіі.

Па даных Вольгі, у Літве цяпер жыве каля 40 беларусаў, якія паехалі ваяваць супраць Расіі пасля пачатку поўнамаштабнай вайны. Гэта і былыя каліноўцы, і добраахвотнікі з іншых падраздзяленняў. Жанчына кажа, што ёй важна працягнуць справу бацькі па дапамозе ім. 

Злева направа: былыя добраахвотнікі Васіль Верамейчык (якога нядаўна В'етнам выдаў беларускаму КДБ), Аляксандр Царук, Аляксандр Клачко і Андрэй Кушняроў (Андрэй вярнуўся на фронт і служыць у батальёне «Ваўкі да Вінчы»). Фота: архіў суразмоўцы

Жанчына расказвае: калі ветэраны прыязджаюць з фронту, ім патрэбны час, каб звыкнуцца з мірным жыццём. Трэба перастройвацца, наладжваць побыт і зносіны з людзьмі, а ўспаміны накладваюць на ўсё гэта адбітак. 

«Грамадства іх не надта прымае. І вось ты бачыш, што гэты ветэран знешне адкрыты да ўсіх, але прыходзіць дахаты і замыкаецца ў сабе. Усё гэта назапашваецца як снежны камяк, і не ўсе могуць пражыць гэтыя пачуцці, некаторыя сканчаюць жыццё самагубствам.

Для мяне добраахвотнікі — гэта героі, якія паехалі ваяваць за Беларусь, бо разумеюць, што на ўкраінскім фронце наш вораг. А людзі гэта не заўжды разумеюць, называюць іх наймітамі і ваякамі. Так што трэба даносіць грамадству, што ветэраны — нармальныя людзі са сваімі клопатамі, і яны зрабілі выбар, які магчымы не для кожнага, для гэтага выбару трэба мець стрыжань унутры», — разважае Вольга.

Яна ўспамінае гісторыю ветэрана, які так і не знайшоў сабе месца за межамі фронту. Гэта быў саслужывец яе бацькі, немалады мужчына — яму было за 50 гадоў.

Той чалавек хацеў звальняцца з арміі, пераязджаць у Літву і працаваць там, у Беларусі яму было б небяспечна. Ветэран падаўся на атрыманне літоўскай візы, бо не здолеў бы працаваць у Літве па польскай візе. Паводле словаў Вольгі, пасярэдніцкая арганізацыя адмовіла яму ў лісце да літоўскага МЗС, бо ён раней працаваў вартаўніком у дзяржаўнай установе ў Беларусі. Таму той немалады чалавек быў вымушаны вяртацца на фронт і ваяваць далей.

Цяпер на сайце «Сашко» адкрытыя два грашовыя зборы. Першы з іх — збор на падарункі для 11 дзяцей ветэранаў, якія жывуць у Літве. Запланаваны бюджэт у 1200 еўра: Вольга кажа, што калі атрымаецца сабраць больш, рэшту перададуць на падарункі дзецям ветэранаў у Польшчы.

Таксама ідзе збор 3000 еўра на псіхалагічную дапамогу жонкам і партнёркам ветэранаў:

«Ім таксама складана будаваць з ветэранам адносіны і сумеснае жыццё. Ёсць шмат праблем у побыце і ва ўзаемаразуменні, узнікаюць нязгоды. Разумееш, што трэба перш за ўсё падтрымаць яго, а табе хто дапаможа? Што рабіць са сваімі перажываннямі і як гэта ўсё пражыць? І вось мы цяпер жадаем дапамагчы шасці такім жанчынам».

Ветэраны — звычайныя мірныя людзі, кажа Вольга, якім трэба дапамагчы стаць на ногі, і гэта не ў матэрыяльным сэнсе, а парадай ці справай. Магчыма, трэба ўзяць такога чалавека на працу, вырашыць яго медычныя пытанні, пакуль ён не легалізаваўся. Вольга з паплечнікамі гатовая ў гэтым дапамагчы.

Паўдзельнічаць у зборах «Сашко» можна на сайце арганізацыі.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары6

  • барадзед
    16.12.2024
    моцны дзядзька і дачка ўся ў яго
    сапраўды значную тэму падымаюць
  • paval
    16.12.2024
    сайт сдлан на рускай платформе тильда, странно
  • Імя
    16.12.2024
    Воля, а ты з дачушкай ляцела да бацькі, каб сустрэць 2022, а цябе Польшча пасадзіла на карантын? Калі гэта так, можа знайдземы адна адную? Бо разам сустракалі Новы год.

Цяпер чытаюць

Спецслужбы збіраюць інфармацыю па чатах дыяспары. Найперш шукаюць студэнтаў5

Спецслужбы збіраюць інфармацыю па чатах дыяспары. Найперш шукаюць студэнтаў

Усе навіны →
Усе навіны

Як склаўся лёс палкоўніка Лосева, які пакрываў банду марозаўцаў і атрымаў 18 гадоў калоніі4

Прэм’ер Літвы: Бачыць у кожным прыбылым шпіёна — неадэкватна5

Запланаваны ў Вільні канцэрт Крысціны Арбакайце выклікаў абурэнне ў сацсетках. Умяшаўся нават прэм’ер краіны26

Сацпакет айцішніка ў Мінску схуднеў? Якімі плюшкамі завабліваюць Lesta, EPAM ды іншыя

Ксёндз Акалатовіч: Мяне абвінавацілі ў шпіянажы на карысць Польшчы і Ватыкана16

Гэта песня на башкірскай мове завірусілася ў свеце. Але і выклікала дыскусію ва Украіне2

Мадонна і Элтан Джон памірыліся. У чым сутнасць канфлікту1

Траюрадная сястра Уэйна Грэцкі са Свіслачы расказала пра падарунак ад легендарнага канадца і што падарыла яму ў адказ3

ЗША плануюць павялічыць абаронны бюджэт да рэкорднага $1 трыльёна5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Спецслужбы збіраюць інфармацыю па чатах дыяспары. Найперш шукаюць студэнтаў5

Спецслужбы збіраюць інфармацыю па чатах дыяспары. Найперш шукаюць студэнтаў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць