У Германіі мужчына, назваўшыся «генерал-лейтэнантам», цэлы год здзекаваўся з сям’і і рыхтаваў яе да адбіцця выдуманай атакі
У Германіі разгарэўся скандал пасля выкрыцця Марвіна Б., які, выдаючы сябе за высокапастаўленага вайскоўца, тэрарызаваў сям’ю ў адной з маленькіх вёсак Верхняй Швабіі (паўднёвы захад Германіі), піша Bild.

Марвін Б. прадстаўляўся «генерал-лейтэнантам» і супрацоўнікам спецназа KSK, выкарыстоўваючы маніпуляцыі для падпарадкавання даверлівых людзей.
У жніўні 2023 года Марвін Б. пазнаёміўся з 18-гадовай дзяўчынай па імені Ліза (імя зменена) і хутка ўвайшоў у давер да яе сям’і. Ён пераканаў іх, што на дом рыхтуецца напад, і толькі ён можа ператварыць жыллё ў «абаронены аб’ект».
«Ён сказаў, што нам пагражае смерць і што нам нельга выходзіць з дома. Каб заставацца ў форме, нам даводзілася выконваць практыкаванні з мяшкамі з пяском. Ён таксама прымушаў нас скакаць на адной назе», — распавёў журналістам бацька сям’і.
Злачынец прыдумаў неіснуючых салдат, стварыў фальшывыя акаўнты ў сацсетках і пачаў шантажаваць членаў сям’і.
Асабліва жорсткімі былі яго дзеянні ў дачыненні да жанчын.
Ён пагражаў дачцэ, што заб’е выдуманага «ваеннага доктара», калі яна не пагодзіцца на сэксуальны кантакт і не здыме гэта на відэа. Пад ціскам дзяўчына і яе сяброўка выканалі яго патрабаванні.
Бацька сям’і пазней прызнаўся, што нават аддаў злачынцу 30 000 еўра на «лячэнне яго хворай дачкі». Толькі праз год сяброўка сям’і звярнулася ў паліцыю, і праўда раскрылася.
Суд прызнаў Марвіна Б. вінаватым у двух выпадках згвалтавання, махлярстве, парушэнні правілаў дарожнага руху (ён кіраваў аўтамабілем без правоў, прыкрываючыся «службовай неабходнасцю»).
Марвіна Б. прыгаварылі да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі.
Каментары