Беларусы распавядаюць пра дактыласкапію на ўездзе ў Грузію. Спецыяльна для грамадзян Беларусі?
Два чалавекі, якія ўязджалі ў Грузію ў сакавіку, распавялі, што перад пашпартным кантролем у іх знялі адбіткі пальцаў. Крытэрам, паводле іх слоў, стаў пашпарт Беларусі, піша devby.io.

Адзін з чытачоў, які ў сакавіку прыляцеў у Батумі (не з Беларусі), сутыкнуўся з новай працэдурай у аэрапорце. Паводле яго слоў, яшчэ перад пашпартным кантролем нейкія людзі ў форме прасілі прыбылых паказаць вокладку пашпарта. Убачыўшы пашпарт Беларусі, супрацоўнік папярэдзіў хлопца, што яму неабходна здаць адбіткі пальцаў.
«Праграма была на рускай мове»
— Я думаю, што справа менавіта ў беларускім пашпарце, бо супрацоўнік нават не глядзеў на маё імя — проста павярцеў пашпарт у руках і сказаў, што мне трэба здаць адбіткі пальцаў. Я аддаў дакумент у акенца пагранічнага кантролю, пашпарт застаўся там, пасля чаго мяне папрасілі пачакаць на лаўцы.
Неўзабаве мяне адвялі ў пакой, дзе стаіць абсталяванне для дактыласкапіі. Жанчына-памежніца завяла на мяне картку і пачала здымаць адбіткі пальцаў. Усё праходзіла даволі ветліва: маўляў, не хвалюйцеся, гэта стандартная працэдура.
Але мне здаецца, што гэта была не зусім стандартная працэдура. Па-першае, я не першы раз прылятаю ў Грузію і дагэтуль ніколі з такім не сутыкаўся. Нават людзей, якія правяраюць пашпарты да пашпартнага кантролю, я раней не бачыў.
Па-другое, калі на мяне пачалі заводзіць картку, я заўважыў, што праграма была на рускай мове (што дзіўна для службы нацыянальнай бяспекі, якая карыстаецца праграмай на замежнай мове). Я нават запомніў назву — «Дакто-2000» — і загугліў. Аказалася, што гэта беларуская распрацоўка. Дарэчы, праграма запытала маё імя па бацьку, без яго яна не дазваляла завесці картку.
«Дакто-2000» (нельга сцвярджаць, што гэта ПА сапраўды выкарыстоўвалася /-ецца ў Грузіі) Аўтаматызаваная дактыласкапічная ідэнтыфікацыйная сістэма (АДІС) Дакт-2000» — распрацоўка рэзідэнта ПВТ кампаніі «ТОДЭС» (у партфелі 20+ буйных інфармацыйных сістэм для дзяржавы). Прызначана для дактыласкапічных улікаў і праверак слядоў рук, узятых з месцаў нераскрытых злачынстваў, па масівах дактылакарт асоб, якія стаяць на дактыласкапічным уліку ў экспертна-крыміналістычных падраздзяленнях, а таксама аператыўна-даведачных дактыласкапічных улікаў інфармацыйных падраздзяленняў сістэмы праваахоўных органаў. Таксама можа быць выкарыстана для дактыласкапічнай рэгістрацыі грамадзян і ў ідэнтыфікацыйных сістэмах рознага прызначэння.
Па-трэцяе, жанчына не вельмі ўпэўнена карысталася гэтай праграмай — яна пастаянна клікала на дапамогу іншых супрацоўнікаў, з чаго я раблю выснову, што працэдура новая.
Раней я прылятаў у Грузію з Мінска ў лютым — нічога такога не было. Мае знаёмыя таксама прыляталі з Мінска восенню — і таксама без праблем.
Не ведаю, ці былі ў нашай чарзе яшчэ грамадзяне РБ. Акрамя мяне, на дактыласкапію нікога не адпраўлялі.
Devby.io запытаў у чытачоў, якія нядаўна прыязджалі ў Грузію, ці заўважылі яны нешта новае падчас пашпартнага кантролю. Некалькі чалавек (у асноўным тыя, хто перасякаў мяжу месяц таму і раней) адказалі, што нічога незвычайнага не было.
Два тыдні таму адна дзяўчына без праблем прыляцела з Польшчы ў Батумі. Яшчэ адна дзяўчына распавяла, што пры перасячэнні наземнай мяжы з Турцыяй у пачатку сакавіка яе сябра-беларуса, які мае грузінскі дазвол на жыхарства, пратрымалі каля акенца даўжэй, чым звычайна, але не больш за тое.
Аднак знайшоўся яшчэ адзін чытач, у якога ў сакавіку знялі адбіткі пальцаў у аэрапорце Тбілісі.
«Потым нас з украінцам дапытваў чалавек у цывільным»
— Я ляцеў з Цэнтральнай Азіі ў ЕС транзітам праз Грузію. У аэрапорце Тбілісі па вокладцы пашпарта (яго нават не адкрывалі) мяне і аднаго ўкраінца адвялі ўбок. Здаецца, быў яшчэ нехта з цёмна-сінім пашпартам, каго таксама адвялі, але я не ўпэўнены, што гэта быў беларус.
Потым нас з украінцам дапытваў чалавек у цывільным: дзе і кім працуем, дзе будзем жыць у Грузіі. Чалавек у цывільным увесь час нешта пісаў у тэлефоне.
Пасля гэтага ўкраінца адпусцілі, а мяне адвялі ў асобны пакой, дзе без тлумачэнняў знялі адбіткі пальцаў і далоняў (ПА было на англійскай мове, інтэрфейс, падобна, быў на Windows, імя па бацьку не запытвалі).
Пасля гэтага мяне яшчэ трохі патрымалі і пусцілі ў краіну.
У чарзе быў яшчэ адзін азербайджанец, якому адмовілі ва ўездзе, бо ў яго не было страхоўкі, зваротнага білета і забраніраванага гатэля. Гэтыя прычыны яму зачыталі проста пры мне.
У мяне ж была і страхоўка, і бронь, але нічога з гэтага нават не спыталі.
Да гэтага я ўжо двойчы быў у Грузіі, абодва разы як турыст, але з такой працэдурай сутыкнуўся ўпершыню.
А вось вылет у ЕС прайшоў без праблем: у аэрапорце Кутаісі мой пашпарт праверылі за дзве хвіліны і прапусцілі.
Каментары