Засоўванне ў сметнікі палітыкаў і акцыя «Рускія ідуць дамоў». Чым вядомы Дзям'ян Ганул, якога сёння забілі ў Адэсе?
Сёння стала вядома пра забойства ў Адэсе вядомага актывіста і валанцёра, 31-гадовага Дзям'яна Ганула. Чым ён вядомы, піша Бі-бі-сі.

Імя Ганула вядомае з 2013—2014 гадоў, калі ён у складзе «Правага сектара» быў удзельнікам Рэвалюцыі Годнасці, а ў Адэсе ўзначальваў сілавы блок мясцовай ячэйкі праварадыкальнай партыі.
Ганул таксама быў удзельнікам супрацьстаяння 2 мая 2014 года на Куліковым полі, дзе ў Доме прафсаюзаў у выніку сутыкненняў паміж прарасійскімі і праўкраінскімі актывістамі загінулі 47 чалавек.
Напярэдадні, 13 сакавіка, стала вядома, што Еўрапейскі суд па правах чалавека прызнаў, што ўлады Украіны дапусцілі пэўныя парушэнні і павінны выплаціць кампенсацыі сем’ям загінулых і пацярпелым у гэтых сутыкненнях. ЕСПЧ адзначыў, што гэтыя падзеі ў значнай ступені былі выкліканы расійскай прапагандай.
Пасля тых трагічных падзей Ганул быў удзельнікам многіх гарадскіх акцый пратэсту. Ён стварыў грамадскую арганізацыю «Вулічны фронт» і разам з аднадумцамі выступаў супраць незаконных будоўляў. Часта акцыі пратэсту заканчваліся сутыкненнямі.

У 2017 годзе Ганул быў фігурантам крымінальнай справы. У той час дэпутат парламента, а цяпер камандзір 3-й асобнай штурмавой брыгады Андрэй Білецкі прапаноўваў узяць актывіста на паручальніцтва. Па гэтай справе пацярпелым быў тагачасны кіраўнік паліцыі Адэскай вобласці Дзмітрый Галавін.
Сярод акцый Ганула таксама была «Смеццевая люстрацыя» ў 2014 годзе, калі палітыкаў саджалі ў смеццевыя кантэйнеры.
Гэта адбылося ў Адэсе з вядомым палітыкам Нестарам Шуфрычам і тагачасным кіраўніком Фонду сацыяльнага страхавання Алегам Рудэнкам.
Ганул неаднаразова ўдзельнічаў у акцыях перад кансулятам Расіі ў Адэсе. У лістападзе 2021 года разам з аднадумцамі ён прынёс туды труну з надпісамі «Груз 200» і «Рускія ідуць дамоў».

У пачатку 2022 года, калі ў Адэсе павінен быў адбыцца канцэрт расійскага рэпера Басты — Ганул дамогся яго адмены.
Ён таксама быў ініцыятарам дэмантажу мемарыяльных дошак і помнікаў камуністычным дзеячам.
Як распавяла раней журналістка Украінскай службы Бі-бі-сі, якая размаўляла з загінулым, Ганул выглядаў чалавекам, надзвычай абазнаным у гісторыі горада. Ён выступаў за захаванне гістарычных помнікаў, але заклікаў адрозніваць, як ён казаў, «рускія маркеры» — помнікі, якія Расія ўстанаўлівала ў Адэсе для фарміравання вобразу «рускага горада».
Загінулы актывіст таксама праводзіў акцыі ў абарону жывёл. У прыватнасці, ён арганізоўваў у Адэсе пратэсты супраць эксплуатацыі жывёл у цырку.
Ганула неаднаразова запалохвалі. У 2020 годзе невядомыя разбілі бітамі і спалілі яго аўтамабіль.
У маі 2023 года ў Адэсе невядомыя ў вайсковай форме збілі яго. Паліцыя завяла крымінальную справу, аднак яна не дайшла да суда.
Каментары