Грамадства11

У Беларусі нарэшце з'явяцца электронныя рэцэпты і бальнічныя. Праект затрымаўся на тры гады з-за санкцый

Да канца 2025 года ўлады абяцаюць нарэшце запусціць у Беларусі нацыянальную сістэму электроннай аховы здароўя. Усе даныя пра стан здароўя пацыента і лячэнне будуць захоўвацца ў асабістым кабінеце. З часам працягнуць бальнічны і аформіць рэцэпт на лекі можна будзе дыстанцыйна. Для чаго патрэбен гэты праект і чаму яго запуск не адбыўся ў 2022-м, як раней абяцалі чыноўнікі, піша Deutsche Welle.

Фота ілюстрацыйнае

Нацыянальная сістэма электроннай аховы здароўя — маштабны праект, які закране кожнага грамадзяніна Беларусі: і пацыентаў (больш за 9 млн чалавек), і медыцынскіх спецыялістаў (больш за 50 тысяч дактароў і 120 тысяч сярэдніх медыцынскіх работнікаў).

Мэта праекта — палепшыць якасць медыцынскіх паслуг і стварыць адзіную сістэму, дзе будуць сабраныя ўсе даныя пра стан здароўя і лячэнне пацыента. Распрацоўшчыкі абяцаюць зрабіць не толькі сайт, але і мабільны дадатак.

Медустановы будуць паступова падключаць да новай сістэмы. У краіне цяпер больш за 550 бальніц, амаль 1400 паліклінік. За год медарганізацыі фіксуюць больш за 100 мільёнаў наведванняў, лячэнне ў бальніцах атрымлівае больш за 2,5 мільёна пацыентаў, яшчэ 2,6 мільёна выклікаў абслугоўвае хуткая дапамога.

У сістэме аховы здароўя паступова адыходзяць ад папяровых носьбітаў. Задача — зрабіць так, каб медработнік змог аператыўна атрымаць поўную інфармацыю пра пацыента, нават калі той звярнуўся па дапамогу ў іншым населеным пункце, тлумачаць у Міністэрстве аховы здароўя.

Таксама праект дазволіць кіраваць чэргамі, дыстанцыйна афармляць рэцэпты на прэпараты і працягваць бальнічныя, захоўваць даныя пра аналізы і абследаванні, выклікаць медработнікаў на дом. Гэта павінна знізіць нагрузку на супрацоўнікаў, ашчадзіць час пацыентам. А яшчэ дапамагчы ў развіцці тэлемедыцыны. Сабраная ў электронным выглядзе інфармацыя дапаможа хутчэй сістэматызаваць статыстычныя даныя па ахове здароўя ў краіне.

Чыноўнікі абяцалі, што праект запрацуе яшчэ ў 2022 годзе, але гэтаму перашкодзілі накладзеныя на Беларусь разам з Расіяй санкцыі.

Фармальна заходнія краіны не ўводзілі абмежаванні па медыцынскай частцы. Наадварот, у рашэннях адзначаецца, што забарона не тычыцца медыцынскіх вырабаў і прэпаратаў. Але ўскосна санкцыі ўсё ж паўплывалі на медыцыну, што прызнаваў былы міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч:

«2022 год унёс істотныя санкцыйныя карэктывы ў працу па стварэнні нацыянальнай сістэмы электроннай аховы здароўя».

Амбіцыйны праект быў заяўлены ў 2020 годзе, яго стварэнне было прадугледжана пагадненнем аб пазыцы з Міжнародным банкам рэканструкцыі і развіцця (МБРР). Падтрымку абяцала і Сусветная арганізацыя аховы здароўя.

Міністэрства аховы здароўя заключыла дамову з кампаніяй Ericsson Nikola Tesla, гэта харвацкі філіял шведскага вытворцы, да пачатку вайны ў кампаніі быў офіс у Менску. Сума кантракту перавышала 57 мільёнаў даляраў.

Увесну 2022-га харвацкая кампанія ў сваіх справаздачах яшчэ адзначала, што Мінск, хоць і цесна супрацоўнічае з Расеяй, непасрэдна не ўдзельнічае ў вайне, аднак праз год пайшла з рынку — аперацыйны прыбытак паменшыўся на 15%.

«Пасля ўвядзення санкцый ЕС у дачыненні да Беларусі нам давялося скасаваць дамову аб праекце ўкаранення электроннай аховы здароўя і спыніць усе новыя продажы на гэтым рынку», — тлумачыла прэзідэнтка Ericsson Nikola Tesla Гардана Кавачавіч.

У кастрычніку 2022-га Сусветны банк перавёў усе пазыкі Міжнароднага банка рэканструкцыі і развіцця, дадзеныя Беларусі або гарантаваныя ёю, у статус неабслугоўваных. Сума пратэрміноўкі склала больш за 68 мільёнаў даляраў, непагашаная асноўная сума па пазыках МБРР — 967 мільёнаў даляраў. З мая 2020-га не было ўхвалена ніводнай пазыкі для Беларусі, а ў сакавіку 2022 года група Сусветнага банка спыніла ўсе свае праграмы ў Беларусі.

Міністэрству аховы здароўя давялося шукаць новага выканаўцу, які ўсё ж такі створыць сістэму электроннай аховы здароўя, з разлікам ужо на бюджэтныя сродкі. Спачатку гаворка ішла пра 2024 год, цяпер называецца новы тэрмін — да канца 2025-га.

Заказчыкам праекта выступае Міністэрства аховы здароўя. Генпадрадчык — «Агенцтва сэрвісізацыі і рэінжынірынгу», кампанія створаная ў 2021 годзе і спецыялізуецца на абслугоўванні дзяржаўных інфармацыйных сістэм. Аператары — Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр медыцынскіх тэхналогій, інфарматызацыі, кіравання і эканомікі аховы здароўя і «Белтэлекам».

Як адзначаюць распрацоўшчыкі, на фоне ўзлому дзяржаўных сэрвісаў «Кіберпартызанамі» адчувальным застаецца пытанне абароны інфармацыі пра пацыентаў. Трэба арганізаваць абароненую сетку перадачы даных з кожнай медыцынскай установы, нават у вёсках.

У кожнага лекара будзе лічбавы подпіс, пры дапамозе якога можна будзе ўвайсці ў сістэму. Распрацоўшчыкі разлічваюць, што гэта таксама дапаможа павысіць абарону. Таксама электронны лічбавы подпіс будзе выкарыстоўвацца пры афармленні бальнічных, электронных рэцэптаў, накіраванняў на абследаванні.

Каментары1

  • Санкцыі
    24.03.2025
    Паліна Шарэнда-Панасюк кажа, што санкцыі трэба ўсіліць. І яе саратніца Наталля Радзіна таксама.

Цяпер чытаюць

Масавыя арышты афіцэраў прайшлі на авіябазе ў Мачулішчах — абвінавачваюць у сувязях з апазіцыяй36

Масавыя арышты афіцэраў прайшлі на авіябазе ў Мачулішчах — абвінавачваюць у сувязях з апазіцыяй

Усе навіны →
Усе навіны

Сімулятар беларуса. Хутка выйдзе гульня, у якой трэба чысціць бульбу3

Памерла кінааператарка Таццяна Логінава2

Першыя вынікі: «Адзіная Расія» набірае 58%14

Былы гулец зборнай Англіі па футболе трапіў пад каток проста падчас матча ВІДЭА

88‑гадовы кіроўца справакаваў аварыю ў цэнтры Мінска1

Мінчук зняў ролік пра чаргу ў паліклініцы, дзе было больш за 150 чалавек. За гэта на яго напісалі заяву ў міліцыю21

«Альтэрнатыва для Германіі» папярэдне выйграе выбары ў другім рэгіёне46

Памёр бард і пісьменнік Анатоль Кудласевіч4

Тры найбуйнейшыя металургічныя заводы Украіны спынілі працу пасля расійскіх атак. Цэлая галіна прамысловасці аказалася пад пагрозай 10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Масавыя арышты афіцэраў прайшлі на авіябазе ў Мачулішчах — абвінавачваюць у сувязях з апазіцыяй36

Масавыя арышты афіцэраў прайшлі на авіябазе ў Мачулішчах — абвінавачваюць у сувязях з апазіцыяй

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць