Навука і тэхналогіі

Тэлевізары LG «гніюць» з краёў: працяглы тэст паказаў праблему OLED-экранаў

У некаторых OLED-тэлевізараў з часам пачынаюць адміраць пікселі па краях экрана. Што адбываецца з экранамі і наколькі распаўсюджаная праблема, піша нямецкае выданне CHIP.

Прыклады пашкоджання пікселяў па краях OLED-экранаў, якімі карыстальнікі падзяліліся на Reddit. Калаж: rtings.com

У OLED-тэлевізараў даўно вядомая праблема выгарання экрана. Калі на ім працяглы час паказваецца нерухомая выява, напрыклад, лагатып тэлеканала, яе контуры могуць застацца бачнымі нават пасля змены карцінкі.

Аднак цяпер выявілася яшчэ адна праблема, якая не звязаная з працяглым паказам нерухомых выяў. У некаторых OLED-тэлевізарах паступова выходзяць са строю пікселі па краях экрана, прычым гэта адбываецца і пры звычайным выкарыстанні.

Дэфект атрымаў назву Edge Rot, што літаральна азначае «гніенне краёў». Спачатку ўздоўж рамкі з'яўляюцца асобныя няспраўныя пікселі, але з часам пашкоджаныя ўчасткі могуць павялічвацца.

З такой праблемай сутыкнуўся і супрацоўнік нямецкага тэхналагічнага выдання CHIP. У 2020 годзе ён купіў тэлевізар LG OLED CX, а прыкладна праз пяць гадоў заўважыў першыя няспраўныя пікселі ўздоўж верхняга краю. Гарантыя да таго часу ўжо скончылася.

На працягу наступных месяцаў пашкоджанні распаўсюджваліся далей і сталі добра заўважнымі. Пры гэтым, паводле ўладальніка, тэлевізар выкарыстоўваўся ў звычайных хатніх умовах.

Што паказалі 18 тысяч гадзін выпрабаванняў

Спецыялізаваны партал RTINGS правёў маштабны тэст даўгавечнасці тэлевізараў. У межах даследавання 16 мадэляў з OLED-панэлямі вытворчасці LG Display адпрацавалі ў лабараторыі па 18 тысяч гадзін. Гэта прыкладна адпавядае дзесяці гадам звычайнага хатняга выкарыстання.

Вынікі аказаліся нечаканымі: у 14 з 16 тэлевізараў выявілі пашкоджанні ўздоўж краёў экрана. У шасці выпадках яны былі сур'ёзнымі, яшчэ ў пяці — значнымі, а ў трох — нязначнымі.

Асабліва часта праблема ўзнікала ў старэйшых OLED-панэлях тыпу WBC, якія выкарыстоўваліся ў мадэлях 2020‑2022 гадоў. Сярод выпрабаваных былі не толькі тэлевізары LG, але і прылады Sony з экранамі той жа кампаніі.

Для параўнання даследчыкі праверылі тры тэлевізары з панэлямі QD-OLED вытворчасці Samsung Display. У іх падобных пашкоджанняў не выявілі.

Аднак гэта не азначае, што экраны Samsung цалкам абароненыя ад такой праблемы. Трох прылад недастаткова для канчатковых высноў. Ды і самі даследчыкі падкрэсліваюць: вынікі паскоранага лабараторнага тэсту не азначаюць, што такая ж няспраўнасць абавязкова з'явіцца ва ўсіх уладальнікаў адпаведных мадэляў.

Чаму экраны псуюцца

Дакладную прычыну дэфекту пакуль не вызначылі. Спецыялісты RTINGS мяркуюць, што праблема можа быць звязаная з асаблівасцямі вытворчасці OLED-панэляў.

Адна з магчымых прычын — недасканаласць ахоўнага пакрыцця, якое павінна ізаляваць святловыпрамяняльныя элементы ад вонкавага асяроддзя. Калі яго герметычнасць парушаецца, унутр можа пранікаць вільгаць, якая паступова пашкоджвае пікселі. Не выключаюць даследчыкі і забруджванняў, што трапляюць у панэль яшчэ падчас вытворчасці.

Кампанія LG прызнае існаванне такой з'явы, але сцвярджае, што яна можа ўзнікаць у вельмі невялікай колькасці тэлевізараў пры працяглым уздзеянні высокай тэмпературы, вільготнасці або іншых неспрыяльных умоў. Пры звычайным хатнім выкарыстанні падобных праблем, паводле вытворцы, быць не павінна.

Аднак гісторыі ўладальнікаў і назіранні RTINGS паказваюць, што пашкоджанні сустракаюцца і ў тэлевізарах, якія не падвяргаліся экстрэмальным умовам.

Што рабіць уладальнікам OLED-тэлевізараў

Найбольш непрыемная асаблівасць дэфекту ў тым, што вядомага спосабу прадухіліць яго няма. У адрозненне ад выгарання экрана, рызыку якога можна змяншаць правільнымі наладамі і разнастайным кантэнтам, краявое пашкоджанне пікселяў, відаць, залежыць пераважна ад канструкцыі і якасці вытворчасці панэлі.

Ёсць і добрыя навіны. Паводле галіновых спецыялістаў, на якіх спасылаецца RTINGS, у вытворчасці OLED-панэляў LG з 2024 года адбыліся істотныя змены, якія павінны зменшыць рызыку такіх няспраўнасцяў.

Але пацвердзіць гэта працяглымі выпрабаваннямі пакуль немагчыма: новыя мадэлі яшчэ не паспелі дастаткова састарэць. Таму даследчыкі працягваюць назіраць за сучаснымі OLED-тэлевізарамі.

Каментары

Цяпер чытаюць

Дакументальна пацверджаная гібель на расійскім баку 730 грамадзян Беларусі62

Дакументальна пацверджаная гібель на расійскім баку 730 грамадзян Беларусі

Усе навіны →
Усе навіны

Экскаватар ужо зносіць мінскую «Белую крэпасць» — адзіны прыватны дом сярод забудовы шматпавярховікаў ВІДЭА3

Прэс-сакратар Азарава, чыю машыну падарвалі ў Маскве, быў афіцэрам СЗР Расіі3

У сям'і Уладзіміра Пуціна з'явілася Меланія2

У Маскве, імаверна, узарвалі аўтамабіль прэс-сакратара былога прэм'ера Украіны Азарава2

У Оршы запусцілі новую вытворчасць: з лёну будуць рабіць тонкую пражу для адзення

Пад Мінскам прадаецца лецішча-замак1

Расійская армія страціць 650 тысяч чалавек забітымі да канца года — FT9

42% правільных адказаў. Навукоўцы праверылі, што перадавыя ШІ ведаюць пра Беларусь і што ім недаступна9

Наладжваецца бізнэс па афармленні расіянамі беларускіх ВНЖ на фіктыўных падставах. Усё дзеля куплі аўто на беларускіх нумарах11

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Дакументальна пацверджаная гібель на расійскім баку 730 грамадзян Беларусі62

Дакументальна пацверджаная гібель на расійскім баку 730 грамадзян Беларусі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць