Расійскаму шаману, які ішоў выганяць Пуціна, працягнулі лячэнне ў спецбальніцы
Суд ва Усурыйску разгледзеў справу аб пераводзе шамана Аляксандра Габышава ў псіхбальніцу агульнага тыпу, вырашыўшы працягнуць яму лячэнне ў бальніцы спецыяльнага тыпу, піша Расійская служба Радыё Свабода.

«Адзначылі, так сказаць, тры гады знаходжання Аляксандра Габышава ва ўсурыйскай псіхбальніцы», — заявіў праваабаронца Аляксей Пранішнікаў.
25 снежня 2024 года Усурыйскі райсуд пастанавіў змяніць тып лячэння Габышава з псіхіятрычнай клінікі спецтыпу на стацыянар агульнага тыпу. Раней суд некалькі разоў адмаўляў у пераводзе шамана Габышава ў стацыянар агульнага тыпу, абарона палітвязня абскарджвала рашэнне суда.
Вясной 2019 года шаман Аляксандр Габышаў пачаў паход з Якуцка ў Маскву для правядзення «абраду выгнання Пуціна». Праз некалькі тыдняў паліцэйскія затрымалі яго на мяжы Бураціі і Іркуцкай вобласці. Пазней Габышава змясцілі ў псіханеўралагічны дыспансер, а затым супраць яго завялі крымінальную справу за заклікі да экстрэмізму.
У кастрычніку 2021 года суд адправіў Габышава на прымусовае лячэнне ў Новасібірскую псіхбальніцу спецыяльнага тыпу. У красавіку 2022 года яго перавялі ў бальніцу ва Усурыйску.
Каментары