«Мой дзед удзельнічаў у разгоне Усебеларускага з’езда!» Што расіяне пішуць пра Беларусь і беларускую гісторыю пад відэа Тамары Эйдэльман
Пад відэа па гісторыі Беларусі на YouTube-канале Тамары Эйдэльман разгортваецца жывое і эмацыйнае абмеркаванне. Асабліва шмат каментатараў з Беларусі, але нямала і з Расіі. Сабралі найбольш адметныя.

Расійскі гісторык Тамара Эйдэльман апублікавала на сваім канале відэаролікі пра гісторыю Беларусі, якія выклікаюць у аўдыторыі жывую рэакцыю. Пад відэа шмат каментароў, у тым ліку і ад расіян.
Адзін з найбольш змястоўных і багатых на дэталі каментароў пакінуў расіянін, які падарожнічаў па Беларусі:
«Пабываў у Беларусі год таму. Падарожнічаў з Усходу на Захад. Нармальная краіна пад кіраўніцтвам ненармальнага дыктатара. Як гэта атрымліваецца, я не магу зразумець».
Ён распавядае пра Віцебск, Полацк, Мінск, Нясвіж і Гродна. Уражанні глыбока эмацыйныя і насычаныя культурнымі асацыяцыямі:
«Віцебск аказаўся лепшы, чым я думаў; Полацк — горшы. Ад Мінска я нічога не чакаў, тым больш дзівосным ён аказаўся. (…) У Мінску на дзіва добры мастацкі музей. У галерэі сармацкага партрэта я пратырчаў да самага закрыцця. (…) Гродна — гэта Стэфан Баторы, гэта душнаватая, але ўсё ж цікавая аповесць Караткевіча «Хрыстос прызямліўся ў Гародні». (…) Беларусь — гэта тэрыторыя асаблівая».
Па словах аўтара, у Мінску яму было важна паглядзець на Акрэсціна:
«Для мяне было важна паглядзець на свае вочы на гэта чортава Акрэсціна — дзе ўнутры будынка нелюдзі катавалі і калечылі людзей, а ў парку побач людзі дапамагалі пацярпелым ад нелюдзей як маглі (…) Я афігеў ад Беларусі ў 2020-м годзе. Цяжкія справы. Ты можаш зрабіць усё правільна і ўсё роўна прайграць».
Звяртае мужчына ўвагу і на праблему з беларускай мовай, якую «на вуліцах за 10 дзён чуў роўна 0 разоў».
Свой вялікі каментарый ён ёміста падсумоўвае:
«Краіна з вельмі багатай гісторыяй, высокім узроўнем бытавой культуры, жахлівай урбаністыкай і жахлівай палітычнай сістэмай».
Сямейная памяць і траўмы гісторыі
Шмат каментатараў згадваюць свае сямейныя сувязі з Беларуссю — з пяшчотай, а часта і з трагізмам.
Расіянін піша:
«Я ўсё дзяцінства правёў у Беларусі. Тата быў афіцэрам. Жылі мы ў Слуцку і Лідзе. Кожны горад па-свойму дарагі. Пабываў у асноўных гарадах рэспублікі. Мае аднакласнікі ўдзельнічалі ў пратэстах. Я вельмі ўдзячны Вам, Тамара Натанаўна, за лекцыі па гісторыі Беларусі».
Іншая згадвае:
«Маіх продкаў раскулачылі і выслалі з Беларусі ў Сібір! Ніколі не была на радзіме маёй бабулі і дзядулі. Дзякую за экскурс у гісторыю гэтай дзяржавы».
Яшчэ адна каментатарка дзеліцца цяжкім успамінам бабулі пра вайну:
«Яна шмат што расказвала, але да партызанаў у яе неадназначнае стаўленне. Магчыма, і таму, што бачыла ад іх не толькі добрае. Напрыклад, у яе быў брат. Партызаны напіліся і пачалі буяніць, а Васіль (так звалі брата), якому тады было 15 гадоў, пачаў іх ушчуваць. Партызаны яго паставілі да сценкі і расстралялі».
Іншая гісторыя — пра дапамогу яўрэю:
«Мая бабуля, родам з Заходняй Беларусі, хавала доктара яўрэя па нацыянальнасці, ён сам пайшоў, баяўся за дзяцей, якіх выратаваў».
Знайшоўся сярод гледачоў чалавек, у якім згадвае Першы ўсебеларускі з'езд, праўда, называе яго «беларускім Устаноўчым сходам»:
«Муж маёй стрыечнай бабулі — Людвіг Пятровіч Рэзаўскі (Резаузский). Латышскі бальшавік, удзельнічаў у разгоне беларускага ўстаноўчага сходу ў 1917 годзе. За некалькі месяцаў [до того], як гэта[е самае] адбылося ў Петраградзе. Дзякуй за выпуск!»
Побыт, людзі, атмасфера
Для многіх беларусы — гэта перш за ўсё людзі, і менавіта з гэтага пачынаецца любоў да краіны.
Расіянка піша:
«У Беларусі была тройчы, з розніцай у 20 гадоў, і кожны раз дзівілася чысціні і шчырай добразычлівасці жыхароў, а якія прадукты смачныя! У 8-м класе мяне ўзнагародзілі ад школы пуцёўкай, наведалі Мінск і Баранавічы, па просьбе маці купіла кнігу «Я з вогненнай вёскі», знайшла толькі на беларускай і прачытала, усё зразумела. Страшная праўда вайны…»
Расіянін, які цяпер жыве ў Польшчы, адзначае, што некалькі дзён назад вярнуўся з Мінска, і застаўся ў захапленні ад горада і людзей:
«Адкрываў для сябе Беларусь, можна сказаць. Мінск — надзвычайны горад! І людзі таксама цудоўныя!».
Іншая заўважае:
«Ніколі не была ў Беларусі, але па водгуках іншых людзей і знаёмствах з беларусамі ў Піцеры склалася ўражанне, што гэта мяккі ў зносінах, добразычлівы народ. Часам маеш зносіны з якім-небудзь такім чалавекам і хочацца спытаць: «Вы беларус?»»
Адкрыццё Беларусі праз культуру
Некаторыя каментатары пішуць, што ніколі не былі ў Беларусі, але адкрылі яе праз мастацтва.
Адна жанчына піша:
«Ніколі не была ў Беларусі, але вельмі люблю гэты край. Васіль Быкаў сярод маіх любімых пісьменнікаў стаіць асабняком. Праз яго творчасць шмат адкрылася, што было закрыта для нас лакіраванай прапагандай. Памятаю ўзрушэнне пасля чытання «Круглянскага маста».
Іншы прызнаецца, што зацікавіўся беларускай культурай дзякуючы гурту «Ляпіс Трубяцкой»:
«Пачаў слухаць іх панкаўскія песні, і сярод іх былі песні і на Беларускай. І мяне тады так уразіла Беларуская мова — здаецца і падобная да рускай, але зусім нейкая свая, самабытная, я б нават сказаў містычная».
Ён рэкамендуе ўсім паслухаць песні «Зорачкі» і «Грай», а Беларусі жадае «вызваліцца ад вусатага дыктатара і зладзіць рэнесанс сваёй культуры».
Завяршае каментар словамі салідарнасці: «ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ! ЖЫВЕ ВЕЧНА!»
Як бачым, каментарыі пад лекцыяй Тамары Эйдэльман паказваюць: беларуская гісторыя для многіх — гэта не чужая тэма. У ёй — сямейныя ўспаміны, настальгія, удзячнасць за праўду, асуджэнне гвалту і спадзяванне на лепшае.
Каментары
Шмат раз сустракал пры наведванне суседзей з усхода і нават на поўдне
Каб паказаць ён другі ..другая
А у мяне бабушка дедушка мама папа беларус..
Ці дзесці спытают Вы наверное беларус??))