У Мінску адкрыўся новы гандлёва-забаўляльны цэнтр — «Авія Мол». Некаторыя наведвальнікі ўжо паспелі назваць яго памеры «абсалютна нялюдскімі». Разбіраемся, наколькі гэтыя заявы адпавядаюць рэчаіснасці і з чым насамрэч варта параўноўваць «Авія Мол».

Паводле афіцыйных даных, агульная плошча «Авія Мола» складае 138 200 м². Сюды ўваходзяць не толькі гандлёвыя галерэі, але і зоны харчавання, забаў, тэхнічныя памяшканні і велізарны паркінг прыкладна на 3000 машын.
Арэндная гандлёвая плошча афіцыйна не раскрываецца, але, паводле ацэнак экспертаў, яна можа складаць ад 60 да 70 тысяч квадратных метраў. Паведамляецца, што ў цэнтры размесцяцца 500 крам і 35 рэстаранаў.

Калі параўноўваць з іншымі гандлёвымі цэнтрамі Беларусі, то «Авія Мол» сапраўды найбольшы. Вось як выглядаюць яго асноўныя канкурэнты:
Dana Mall — 97 000 м², з якіх каля 48 000 м² — гандлёвая частка.
Palazzo — 94 870 м², гандлёвая частка — 45 500 м².
«Замак» — 93 298 м², гандлёвая плошча — каля 40 000 м².
Green City — 83 000 м², гандлёвая плошча — 60 500 м².
Такім чынам, «Авія Мол» апярэджвае свайго найбліжэйшага канкурэнта Dana Mall па агульнай плошчы амаль на 40%.
Як ён выглядае ў параўнанні з гандлёвымі цэнтрамі суседніх краін?
Калі параўноўваць з найбуйнейшымі гандлёвымі цэнтрамі суседніх сталіц, то па агульнай плошчы «Авія Мол» саступае варшаўскаму Westfield Arkadia (287 000 м²) амаль удвая, але пераўзыходзіць віленскі Akropolis (110 000 м²).

Што да гандлёвых плошчаў, то тут «Авія Мол» саступае літоўскаму цэнтру, у якога гэты паказчык складае 88 500 м².

Найбуйнейшы гандлёвы цэнтр Украіны — Respublika Park у Кіеве. Яго агульная плошча — 300 000 м², а гандлёвая — 135 000 м². Унутры — больш за 500 крам і больш за 50 рэстаранаў, а таксама забаўляльна-гульнявы парк Neopolis з найдаўжэйшай у Еўропе трасай амерыканскіх горак у закрытым памяшканні — 501 метр.

Але ўсе гэтыя гандлёвыя цэнтры саступаюць маскоўскаму «Авія Парку», агульная плошча якога — 400 000 м², з якіх гандлёвая — 230 000 м². У цэнтры — больш за 500 крам, акварыум і забаўляльны парк.

Як бачым, на фоне ГЦ суседніх сталіц «Авія Мол» — не такі ўжо волат. Але ў параўнанні з Palazzo або Dana Mall ён сапраўды падасца вам вельмі вялікім.
Каментары