Свет

У Іспаніі і Партугаліі аднаўляюць падачу электраэнергіі і шукаюць прычыну маштабнага блэкаўту

Пакуль няма прыкмет таго, што гэта магла быць запланаваная кібератака.

Электразабеспячэнне на тэрыторыі Іспаніі пасля блэкаўту ў панядзелак адноўлена прыкладна напалову, заявіў прэм'ер-міністр краіны Педра Санчэс, піша Бі-бі-сі.

«Паводле даных электрасетак, амаль 50% электразабеспячэння ўжо адноўлена. Задача складаецца ў тым, каб працягваць аднаўленне падачы на працягу бліжэйшых гадзін», — сказаў ён у тэлезвароце, дадаўшы, што электраэнергія паступае ў Іспанію з Францыі і Марока.

Прэм'ер не ўдакладніў, калі падача электраэнергіі будзе поўнасцю адноўлена, і адзначыў, што некаторым работнікам давядзецца застацца дома ў аўторак.

Дакладная прычына маштабнага адключэння ў Іспаніі і Партугаліі застаецца невядомай. Партугальскі прэм'ер Луіш Мантэнегру сказаў, што крыніца блэкаўту «верагодна, знаходзіцца ў Іспаніі», у той час як іспанскі прэм'ер Санчэс адзначыў, што ўлады займаюцца пошукам прычын. «Усе магчымыя прычыны аналізуюцца, падкрэсліваю, не выключаецца ні адна гіпотэза, ні адна магчымасць», — сказаў ён.

Адключэнне пачалося незадоўга пасля апоўдня ў панядзелак і закранула гарады па ўсёй краіне, пры гэтым Балеарскія і Канарскія астравы не пацярпелі.

Партугальскія ўлады раней заяўлялі, што адключэнне магло быць выклікана рэдкай атмасфернай з'явай, звязанай з ваганнямі тэмпературы.

Міністэрства ўнутраных спраў Іспаніі абвясціла надзвычайнае становішча і патлумачыла, што такая мера неабходная, каб дапамагчы рэгіёнам, якія засталіся без электрычнасці.

На мацерыковай частцы Партугаліі і ў Андоры таксама знікла электраэнергія. Паводле даных агенцтва Reuters, па ўсёй Партугаліі не працавалі святлафоры, метро было закрыта ў сталіцы Лісабоне і Порту, таксама спынілася чыгуначнае злучённе.

У Лісабоне з-за адключэння электраэнергіі не прымаліся плацяжы па картах. Да банкаматаў былі чэргі. Такая ж сітуацыя назіралася ў Іспаніі. Работа грамадскага транспарту была парушана, пасажыраў эвакуявалі з цягнікоў, таксама не працавалі святлафоры.

Партугальская энергетычная кампанія REN (Rede Elétrica Nacional) адразу паведаміла, што перабоі сталі вынікам «няспраўнасці ў іспанскай электрасетцы».

«З-за рэзкіх ваганняў тэмпературы ў цэнтральнай частцы Іспаніі ўзніклі анамальныя ваганні на лініях звышвысокага напружання (400 кВ) — з'ява, вядомая як «індуцыраваныя атмасферныя вібрацыі»», — адзначае REN.

Прэзідэнт Еўрапейскай рады Антоніу Кошта заявіў, што на дадзены момант няма ніякіх прыкмет таго, што адключэнне электраэнергіі было выклікана кібератакай. У Мадрыдзе многія прадпрыемствы, крамы і рэстараны апынуліся ў цемры. У многіх месцах таксама знік інтэрнэт.

Паводле паведамленняў мясцовых жыхароў, у цэнтры іспанскай сталіцы з-за непрацуючых святлафораў утварыліся заторы

Іспанская нацыянальная чыгуначная кампанія Renfe заявіла, што ў 12:30 па мясцовым часе «ўся нацыянальная электрасетка краіны была адключана». «Цягнікі спыніліся» і «не адпраўляліся» на ўсіх станцыях, гаворыцца ў паведамленні кампаніі.

Метрапалітэн Мадрыда паведаміў, што яго работа «перапыненая» з-за адключэння электраэнергіі.

На штогадовым тэнісным турніры Madrid Open з-за адключэння электраэнергіі прыйшлося прыпыніць гульню. Брытанскі тэнісіст Джэйкаб Фернлі быў вымушаны пакінуць корт, паведамляе PA media.

Іспанскі аператар электрасетак Red Electrica паведамляе, што пачынае аднаўляць электразабеспячэнне на поўначы і поўдні краіны.

Адзін з жыхароў іспанскага муніцыпалітэта Валь-дэ-Ушо (за 30 км ад Валенсіі) распавёў Бі-бі-сі, што сігнал яго мабільнага тэлефона не працаваў каля двух гадзін, што, па яго словах, было страшна, бо ён спрабаваў атрымаць свежыя навіны пра тое, што адбываецца.

Цяпер сігнал адноўлены, і ён, як і іншыя мясцовыя жыхары, скарыстаўся тым, што няма электрычнасці, і пайшоў пасядзець у кафэ за столікам на вуліцы.

Французскі аператар энергасістэмы RTE паведаміў, што дапамагае забяспечваць электраэнергіяй іспанскую сетку.

У RTE заявілі, што ўжо аднавілі падачу 700 МВт для патрэбаў Іспаніі і павялічаць аб'ём дапамогі, як толькі энергасістэма Пірынейскага паўвострава зможа прыняць больш.

Каментары

Цяпер чытаюць

ГрамадстваАбнаўляецца3434

Вызваленыя 52 палітвязні. Статкевіч адмаўляецца дэпартавацца, стаіць у нейтральнай зоне

Усе навіны →
Усе навіны

Маска скінулі з першага месца самых багатых людзей свету2

Што робіцца раніцай чацвярга з выездам з Беларусі?2

Кітайскія аўто ўсё часцей сустракаюцца на беларускіх дарогах. Але ці варта іх купляць? Расказваюць уладальнікі17

Палітычны актывіст і прыхільнік Трампа Чарлі Кірк, у якога ўчора стралялі ў Юце, памёр7

«Нейкае напружанне ў паветры пачало навісаць». Як дырэктар адной беларускай кампаніі агітаваў удзельнічаць у вайне3

Мінскі шматпавярховік апанавалі прусакі. Вінаватая пякарня на першым паверсе1

Пугачова расказала, як з’язджала з Расіі і хто з Адміністрацыі Пуціна з ёй гаварыў8

Сярод белага дня ў ЗША стралялі ў палітыка і папулярнага блогера Чарлі Кірка28

Цела 18-гадовага студэнта Універсітэта фізкультуры знайшлі каля інтэрната2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Вызваленыя 52 палітвязні. Статкевіч адмаўляецца дэпартавацца, стаіць у нейтральнай зоне34

ГрамадстваАбнаўляецца34

Вызваленыя 52 палітвязні. Статкевіч адмаўляецца дэпартавацца, стаіць у нейтральнай зоне

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць