Дзесяцігоддзямі ў Еўрапейскім саюзе існавала няпісанае правіла: Германія адказвае за грошы, Францыя — за войска. Цяпер гэты парадак мяняецца. Берлін імкнецца стаць вядучай вайсковай дзяржавай кантынента, што змяняе палітычны баланс. Парыж занепакоены стратай уплыву, а Варшава, наадварот, спадзяецца, што ў альянсе з Берлінам здолее стрымаць Расію.

Да 2029 года Германія плануе выдаткоўваць на абарону 153 мільярды еўра штогод. Гэта каля 3,5% ВУП — самая амбітная вайсковая праграма з часоў аб'яднання краіны. Для параўнання, Францыя плануе дасягнуць узроўню 80 мільярдаў еўра толькі да 2030 года, піша POLITICO.
Польшча, у сваю чаргу, ужо сёлета выдаткуе на абарону 44 мільярды еўра, што складае 4,7% ВУП — найвышэйшы паказчык у НАТА. Варшава мае цвёрды намер стварыць адну з наймацнейшых армій у Еўропе.
Аднак эканамічныя рэаліі розныя. Пакуль Парыж змагаецца з дзяржаўным доўгам, які перавышае 110% ВУП, а Варшава спрабуе ўтрымаць бюджэт пад кантролем на фоне рэзкага росту вайсковых выдаткаў, нізкая запазычанасць Берліна дае яму свабоду дзеяння, якой суседзі могуць толькі пазайздросціць.
Адзін з чыноўнікаў ЕС назваў гэты зрух «тэктанічным». Іншы дыпламат у інтэрв'ю выданню выказаўся больш проста: «Гэта самае важнае, што цяпер адбываецца на ўзроўні ЕС».
«Германія найперш»: стаўка на ўласную прамысловасць
Берлін не спяшаецца перадаваць кантроль над закупкамі зброі еўрапейскім структурам. Наадварот, ён плануе актыўна выкарыстоўваць артыкул 346 Дамовы аб ЕС, які дазваляе абыходзіць правілы канкурэнцыі дзеля падтрымкі нацыянальных вытворцаў.
Паводле ўнутраных дакументаў, з якімі азнаёмілася Politico, да канца 2026 года Бундэстаг плануе зацвердзіць абаронныя кантракты на суму 83 мільярды еўра. Гэта толькі пачатак. Існуе таксама доўгатэрміновы «спіс жаданняў» Бундэсвера на 377 мільярдаў еўра, які ахоплівае больш за 320 праграм узбраенняў.

Характэрна, куды пойдуць гэтыя грошы. Менш за 10% новых кантрактаў дастанецца амерыканскім пастаўшчыкам. Амаль усе астатнія сродкі застануцца ў Еўропе, і значная іх частка — у самой Германіі. Эканамічны рухавік ЕС ператвараецца яшчэ і ў вайскова-прамысловы.
Трывога ў Парыжы
У Францыі на пераўзбраенне Германіі глядзяць са скепсісам і занепакоенасцю. Нягледзячы на спробы прэзідэнта Макрона наладзіць адносіны, недавер да Берліна ў французскіх вайсковых колах застаецца глыбокім.
«З імі будзе цяжка працаваць, бо яны будуць надзвычай дамінаваць», — прызнаўся адзін з французскіх чыноўнікаў. Ён змрочна пажартаваў, што Германіі больш не трэба будзе ўрывацца ў Эльзас і Мозэль (французскія рэгіёны, акупаваныя ў 1940 годзе), «яны могуць проста іх купіць».
Французскія і еўрапейскія чыноўнікі таксама задаюцца пытаннем, якую геапалітычную ролю мае намер адыгрываць Берлін пад кіраўніцтвам Мерца.
Апошнія спрэчкі вакол праекта стварэння Баявой авіяцыйнай сістэмы новага пакалення (Future Combat Air System, FCAS) коштам 100 мільярдаў еўра, які павінен быў рэалізоўвацца Францыяй, Германіяй і Іспаніяй, толькі ўзмацнілі трывогу. Але затрымкі і спрэчкі пра тое, якой краіне павінна дастацца большая частка працы, даводзяць гэтае партнёрства амаль да разрыву.
Германія ўжо разглядае альтэрнатыўныя варыянты супрацы са Швецыяй ці Вялікабрытаніяй альбо працяг супрацоўніцтва толькі з Іспаніяй. Такая перспектыва выклікае заклапочанасць Францыі, для якой FCAS — гэта хутчэй палітычны праект, звязаны з яе ядзерным стрымліваннем і прэтэнзіяй на вайсковае лідарства ў Еўропе. Калі Берлін будзе рабіць стаўку на саюз з краінамі Паўночнай і Усходняй Еўропы, Парыж рызыкуе страціць сваю цэнтральную ролю.
Асцярожнае адабрэнне Варшавы
Аднак не ўсе бачаць у моцнай Германіі пагрозу. У Варшаве яе пераўзбраенне лічаць неабходным і нават запозненым крокам.
«Мы не можам увесь час казаць: «Усе павінны выдаткоўваць больш на абарону. Але толькі не вы, Германія», — адзначае былы пасол Польшчы ў Ізраілі і ЗША Марэк Магероўскі.
Польскія чыноўнікі падкрэсліваюць: так, гістарычныя траўмы нікуды не зніклі, але цяперашнія абставіны патрабуюць рэалізму.
Намеснік міністра абароны Польшчы Павел Залеўскі адзначае, што нарошчванне ваеннай магутнасці Германіі адбываецца на фоне сігналаў Вашынгтона аб скарачэнні сваёй еўрапейскай прысутнасці. У будучыні менавіта Польшча і Германія стануць галоўнымі абаронцамі ўсходняга флангу.
Тым не менш, у Варшаве добра памятаюць не толькі Другую сусветную вайну, але і прарасійскую палітыку былой канцлеркі Ангелы Меркель. Занепакоенасць выклікае і рост папулярнасці ў Германіі прапуцінскай партыі «Альтэрнатыва для Германіі» (AfD), у якой хапае прапуцінскіх элементаў.
«Мы нічога не забываем і будзем пастаянна правяраць, наколькі рашуча Германія гатовая абараняць міжнародны парадак ад Расіі», — падкрэслівае Залеўскі.
Новы цэнтр Еўропы
Як адзначае выданне, хуткае ўзмацненне Германіі і неадназначная рэакцыя партнёраў сведчаць пра тое, што цэнтр цяжару ў Еўропе ссоўваецца на ўсход. Эканамічны гігант ЕС Германія становіцца вайскова-прамысловым, Францыя трымаецца за свой ядзерны статус, а Польшча ператвараецца ў цяжкавагавіка на ўсходнім флангу НАТА.
Перад Бруселем стаіць выклік: ці зможа ЕС накіраваць гэты новы імпульс у супольныя структуры, ці гэта прывядзе да яшчэ большай раз'яднанасці? Пакуль што ўзмацненне Берліна ўспрымаецца як вяртанне да адказнасці, а не як заяўка на панаванне. Але нават прыхільнікі прызнаюць, што маштаб пераменаў цяжка ўсвядоміць.
«Гэта можа палохаць, без сумневу, — кажа адзін з еўрапейскіх дыпламатаў. — Але Германія — частка ЕС і НАТА, у яе кааліцыйныя ўрады. І да таго ж, да поўнай рэалізацыі гэтых планаў яшчэ шмат што можа здарыцца».
Новы ўрад Германіі рыхтуецца да рэкордных выдаткаў на войска
У Германіі адкрываюць самы буйны завод боепрыпасаў у Еўропе
Танкі замест аўтамабіляў. ВПК замяняе аўтапрамысловасць у якасці галоўнага рухавіка эканомікі Германіі
За два гады Еўропа ў шэсць разоў нарасціла вытворчасць боепрыпасаў
Патрэбы НАТА мяняюць эканоміку Еўропы. Але еўрапейскай абаронцы не хапае шэрагу крытычна важных прадуктаў
«Наіўна спадзяваліся зарабляць у Еўропах, прыязджаць дадому лячыць зубы на халяву і здаваць кватэру». Прапаганда пачала апраўдваць дарагія жыроўкі для «дармаедаў»
Каментары
:)