Жаночае здароўе: што трэба ведаць пра дабраякасныя ўтварэнні і рызыкі раку
Паліпы, кісты, міёмы, фібраадэномы — гэтыя словы часта выклікаюць у жанчын трывогу. Але ці ўсе ўтварэнні сапраўды небяспечныя? Гінеколаг Станіслаў Салавей у інтэрв'ю «Еўрарадыё» тлумачыць асаблівасці іх узнікнення, а таксама вызначае групы рызыкі раку грудзей і метады прафілактыкі.

Такія ўтварэнні, як паліпы, міёмы, кісты і фібраадэномы, як тлумачыць Станіслаў Салавей, узнікаюць у выніку гарманальна-залежных працэсаў, што з’яўляюцца натуральнай часткай жаночай фізіялогіі. Падчас менструальнага цыклу ў арганізме адбываюцца пастаянныя змены — рост тканак (праліферацыя), гарманальныя ўздымы і спады. Калі не адбываецца апладатварэнне, гэтыя фазы паўтараюцца зноў і зноў.
Гэтая цыклічнасць, падобная да пастаяннага пераключэння паміж «газам і тормазам», у пэўны момант можа даць збой. У выніку тканкі пачынаюць дзяліцца бескантрольна, што прыводзіць да ўтварэння пухлін — як дабраякасных, так і злаякасных.
Спецыяліст адзначае, што нават дабраякасныя пухліны здольныя да бясконцага дзялення. Адрозненне толькі ў тым, што яны не прарастаюць у суседнія тканкі і не даюць метастазаў.
Асобна Салавей спыняецца на эндаметрыёзе. Паводле меркавання некаторых даследчыкаў, ён паводзіць сябе як анкалагічнае захворванне. Эндаметрыёз можа распаўсюджвацца па арганізме, утвараць адсевы, што па сутнасці нагадвае метастазаванне. Таму некаторыя спецыялісты лічаць эндаметрыёз варыянтам саркомы.
Гэтае захворванне патрабуе асабліва сур’ёзнага стаўлення, а таксама ранняй дыягностыкі і своечасовага лячэння.

Ці трэба баяцца дабраякасных утварэнняў?
Міёма маткі — гэта распаўсюджаная з’ява. Яна ёсць прыкладна ў кожнай трэцяй жанчыны ў 40—45 гадоў і амаль у траціны да 35. Але калі яна не расце і не выклікае сімптомаў — гэта не падстава для панікі. За гэтай сітуацыяй проста трэба назіраць.
Сам спецыяліст прыводзіць прыклад: «У мяне ёсць паліп у жоўцевым пузыры. Ён не расце, не турбуе — значыць, няма сэнсу рабіць аперацыю». Так і з міёмай: калі яна сябе ніяк не праяўляе — няма неабходнасці нешта з ёй рабіць.
Але калі яна пачне расці або выклікаць праблемы — гэта папраўная сітуацыя. Існуе хірургічнае лячэнне, якое можа вырашыць праблему. Так, ёсць пэўныя рызыкі (напрыклад, спайкі), але гэта не катастрофа. Галоўнае — не баяцца, а своечасова назіраць.
Салавей адзначае, што з’яўляецца прыхільнікам аральных кантрацэптываў. Нягледзячы на некаторыя пабочныя эфекты, яны зніжаюць рызыкі паліпаў, гіперплазіі, кіст яечнікаў і нават памяншаюць верагоднасць некаторых анкалагічных захворванняў і ніяк не павялічваюць, як раней лічылася, колькасць захворванняў на рак малочнай залозы.

Рак грудзей. Тры групы жанчын і скрынінгі для іх
У 2022 годзе рак малочнай залозы стаў найбольш распаўсюджаным відам раку сярод жанчын у 157 краінах. За гэты ж год у свеце было 2,3 мільёна выпадкаў, з якіх 670 тысяч жанчын памерлі. У краінах з высокім узроўнем развіцця кожная 12-я жанчына на працягу жыцця сутыкнецца з гэтым дыягназам.
Як можна знізіць верагоднасць захворвання? У першую чаргу, па словах Салаўя, гэта назіранне, якое дазваляе своечасова выявіць хваробу, калі яна цалкам паддаецца лячэнню. Напрыклад, сёння вядома, што нават у перыяд лячэння раку малочнай залозы можна зрабіць перапынак, зацяжарыць, нарадзіць, карміць грудзьмі — і потым вярнуцца да лячэння. Гэта не пагаршае прагноз.
Як падкрэслівае Салавей, гэта не меркаванне, а вынік даследавання, праведзенага ў Італіі і апублікаванага ў мінулым годзе.
«Большасць ракаў малочнай залозы можна выявіць, калі мы робім адносна стандартны скрынінг»,
— даводзіць Салавей і дзеліць усіх жанчын на тры ўмоўныя групы.
1. Жанчыны без спадчыннай рызыкі
Калі ў сям’і не было выпадкаў раку малочнай залозы, то пачынаючы з 45 гадоў неабходна рэгулярна праходзіць мамаграфію.
Салавей падкрэслівае, што нельга спадзявацца выключна на самаабследаванне малочных залоз. Паводле даследаванняў, гэты метад дазваляе выявіць захворванне ў лепшым выпадку толькі на другой стадыі, калі шанцы на поўнае выздараўленне ўжо ніжэйшыя.
Акрамя мамаграфіі, існуе яшчэ адзін даступны метад, здольны выявіць паталогіі, — ультрагукавое даследаванне (УГД) грудзей. Хоць УГД, напрыклад, у ЗША не ўваходзіць у стандарты скрынінгу (у адрозненне ад мамаграфіі), гэта бяспечны, бязболевы і даступны інструмент, які часта выкарыстоўваецца ў клінічнай практыцы.
2. Жанчыны з сямейнай гісторыяй, але без пацверджаных мутацый
Гэтая група павінна пачаць назіранне раней і больш часта, з чаргаваннем мамаграфіі і МРТ з інтэрвалам назіранняў раз у паўгода або раз на год.
У Германіі, па словах Салаўя, раней існавала практыка: адняць 5 гадоў ад узросту, у якім рак выявіўся ў блізкага сваяка, і пачаць назіранне з гэтага ўзросту.
3. Жанчыны з пацверджанымі генетычнымі мутацыямі (BRCA1, BRCA2 і іншыя)
Для іх магчыма актыўнае прафілактычнае лячэнне, уключаючы прафілактычную мастэктамію (выдаленне грудзей) або аварыэктамію (выдаленне яечнікаў), а таксама інтэнсіўнае назіранне з дапамогай сучасных дыягнастычных метадаў.
Не ўсе жанчыны ўпісваюцца ў гэтыя рамкі. Бываюць выпадкі, калі рак узнікае раней, чым пачынаецца скрынінг. Напрыклад, у жанчыны ва ўзросце 37 гадоў, у якой у сям’і ніколі не было анкалогіі. Скрынінг яе яшчэ не закранае, але хвароба ўжо прысутнічае. Такія выпадкі выключаць немагчыма.
У 19-гадовай дзяўчыны грудзі павялічыліся з другога памеру да сёмага. Магчыма, прычынай стала прышчэпка ад каранавіруса
Чаму так шмат маладых хварэе на рак?
«Зай, ну што тут саромецца, давай». Чытачка — пра свой досвед кантакту з беларускай гінекалогіяй
Гарманальная кантрацэпцыя і рызыка развіцця раку: якую сувязь паказалі новыя даследаванні
Каментары