Беларускі архітэктар пабываў у Стакгольме і застаўся ў поўным захапленні — не ад багацця, а ад прадуманасці і разнастайнасці
«Беларускія нуварышы палічылі б, што так могуць жыць толькі беднякі-сераднякі».

Беларускі архітэктар і адзін з адміністратараў беларускай Вікіпедыі Уладзіслаў Чаховіч падзяліўся ўражаннямі ад свайго першага візіту ў Стакгольм: упершыню наведаўшы сталіцу Швецыі, ён застаўся пад моцным уражаннем ад ідэальнага горада, дзе ў першую чаргу заўсёды думаюць пра людзей, а таксама паважаюць архітэктуру любых эпох.
«Стакгольм не можа здзівіць ні ўнікальнымі славутасцямі, ні вялікім гістарычным цэнтрам, ні нейкім уласным стылем новага горада, ні нават прыродай — усё гэта можна знайсці і ў іншых цудоўных еўрапейскіх гарадах, ад Будапешта да Хельсінкі. Але калі б мяне спыталі, які найлепшы горад на свеце з тых, у якіх я бываў, я б назваў менавіта Стакгольм.
Я ведаю, што многія таксама любяць гэты горад, але не заўсёды могуць зразумець сутнасць гэтай любові. Горад проста дыхае неймаверным узроўнем дабрабыту. Упершыню такое адчуў у Хельсінкі, дзе было зразумела, што жыццё тут зусім іншага ўзроўню, чым дзе б ні было ў Еўропе. Да таго ніводная сталіца не пакідала такога ўражання — нягледзячы на памеры, культурнае ці гістарычнае значэнне для свету.
Я чакаў, што Стакгольм будзе лепшым за Хельсінкі, але не чакаў, што ён будзе ледзь не ідэальным.

З чаго складаецца гэтае ўражанне, я паспрабаваў зразумець з пазіцыі архітэктара.
Першае ўражанне — гэта цягнік з аэрапорта ў цэнтр горада: унутры — абшыўка крэслаў з вельвету, драўляныя элементы інтэр’еру, а выйшлі мы… на мяккі дыван, якім заслана платформа! Але трэба сказаць, што і ў самім аэрапорце была паркетная падлога!
Горад стаіць на гранітных скалах, парэзаных пралівамі на безліч вялікіх і малых астравоў. Гэта і разынка, і вялікая праблема для горада: трэба шмат складаных транспартных камунікацый, прычым пракладаць некаторыя даводзіцца не проста ў зямлі, а праз адзін з самых трывалых матэрыялаў на Зямлі. На вырашэнні гэтай праблемы Стакгольм мог і скончыцца, застаўшыся нязручным, дрэнна звязаным горадам, развіццю якога замінала б уласнае размяшчэнне. Але Стакгольм квітнее, і транспартная сістэма тут, напэўна, адна з самых разнастайных і зручных, якія мне даводзілася бачыць.

У цэнтры Стакгольма ёсць і гістарычная забудова, і велічныя нацыянальныя ўстановы, і пышная, разнастайная архітэктура канца XIX — пачатку XX стагоддзя, і драўляныя хаткі, і абсалютна сучасныя будынкі. І ўсё гэта існуе побач вельмі арганічна. Я не бачыў ніводнага прыкладу, дзе сучаснасць падціскала мінуўшчыну або, наадварот, дзе мінуўшчына душыла сучаснасць.

У Стакгольме прадуманы літаральна кожны метр гарадской прасторы. Калі я гэта раптам зразумеў, то пасля ўжо не мог не заўважаць і знарок шукаў касякі з прафесійным захапленнем. Іх няма!
Не ведаю нават, з чаго пачаць.
На вуліцах пануе павага да чалавека. Я не баяўся, што мяне саб'юць веласіпедысты (мары велааматараў перасадзіць усіх на два колы — шкодная антыўтопія): іх, як і самакатчыкаў, нават у кастрычніку дастаткова, але ніколі не ўзнікала сітуацыі, каб я адчуваў небяспеку, што нехта наедзе ці зачэпіць — усё неяк элегантна разведзена, і задаволеныя ўсе. Кнопкі на святлафорах сапраўды працуюць, а не з’яўляюцца прадметам самазаспакаення, як у Вільні.
Усяго за дзень я перастаў глядзець пад ногі — небяспечная дурасць для турыста з тэлефонам.
Але ў Стакгольме ты хутка разумееш, што ў цябе няма ніводнага шанцу зачапіцца за нейкую крыва пакладзеную плітку, бардзюр нестандартнай вышыні ці рэйкі трамвая. Гэтага проста няма — няма абсалютна нідзе, дзе ступала мая нага. А за гэтыя дні мы адхадзілі роўна 50 кіламетраў па горадзе.

Як часта бывае, за прыгожай вокладкай хаваецца непрывабная праўда, за паштовачнымі відамі — непрывабныя раёны. І сапраўды, калі не лічыць спальную і мультынацыянальную Сольну, мы не пакідалі ядро горада, якое па памеры прыкладна як Мінск у межах другога кола. І ні Мінск, ні іншыя вялікія гарады, у якіх я бываў, не могуць пахваліцца «паштоўкай» на такой вялікай плошчы. Калі вы можаце зрабіць такую «паштоўку» на кожным метры гэтай плошчы — мая павага.
Сольна ж была да нецікавага дагледжанай і звычайнай, не раскрывала ніякай непрывабнай праўды пра горад. Наступным разам мы абавязкова дабяромся да мясцовага «гета», каб пераканацца, што ніякага гета не існуе.
У нейкі момант у цэнтры Стакгольма я адчуў унутраны супраціў гэтаму парадку. «Не веру! Так не бывае — іначай было б шмат дзе».
На пустых вуліцах, у закрытых крамах, у пад’ездах дамоў — паўсюль гарэла святло, хоць людзей ужо амаль не было. І гэта таксама цудоўна: гэта святло дапамагае перажыць паўгадавую зіму. Хто жыве ў Вільні, ведае, як цяжка, калі ўжо ўвосень у горадзе пануе цемра.
Я пачаў заглядваць у гэтыя асветленыя знутры пад’езды. Мог сабе гэта дазволіць, бо ўваходы тут не зачыненыя кодавымі сейфавымі металічнымі дзвярыма, а драўляныя, зашклёныя, з латуннымі ручкамі і адбойнікамі — заўсёды розныя, непаўторныя.
Кожны пад’езд, кожная парадная — гэта асобны архітэктурны твор: прыгожая падлога, аздабленне сцен, ляпніна або размалёўка на столі. І ўсё гэта — без слядоў «еўрарамонту», у натуральным, амаль першапачатковым выглядзе, незалежна ад таго, да якой эпохі адносіцца сам дом.
І паўсюль, паўсюль за шклом уваходных дзвярэй — ідэальны парадак. Быццам гэта натуральны стан рэчаў.
Усё, што магло хоць крыху страціць прыстойны выгляд, ужо было схавана за рыштаваннямі. Іх у горадзе надзіва шмат, але яны выглядаюць не як прыкмета заняпаду, а, наадварот, як прыкмета пастаяннага клопату.
Стакгольм не чакае, пакуль з'явіцца рэальная праблема, якую прыйдзецца вырашаць дорага і радыкальна, — ён увесь час трымае сябе ў форме.

Мы вырашылі выбрацца з цэнтра і паехалі ў Ваксхольм — невялікі гарадок на адным з астравоў архіпелага.
Першым сюрпрызам стала тое, што паўтарагадзінная паездка на камфортным пароме ў абодва бакі не каштавала нам ні капейкі: наш гарадскі праязны цалкам пакрываў гэты маршрут. Ён акупіўся яшчэ ў першыя дні, а тут — яшчэ і марскія падарожжы ў камплекце.
Я абсалютна не магу ўявіць такога сацыялізму ў сталіцы Беларусі, дзе ўжо проста няма магчымасці даехаць на грамадскім транспарце да маёй вёскі, якая знаходзіцца ў межах МКАД-2, у зручны час, бо большасць рэйсаў проста прыбралі, каб не траціць на людзей дзяржаўныя грошы. І ўжо дакладна ні на якім з гэтых прыгарадных аўтобусаў ці электрычак не будзе дзейнічаць гарадскі праязны.

У Ваксхольме ўзровень дабрабыту не меншы за сталічны. Я не падманваюся наконт таго, што ён такое — гэта пасёлак з вельмі дарагой нерухомасцю. Але ў якім элітным беларускім пасёлку вы бачылі тры грамадскія прыбіральні, даступныя бясплатна і ідэальна чыста прыбраныя? І ў чым элітнасць, калі я не пабачыў там нашых дамоў-крэпасцей, абнесеных трохметровымі глухімі сценамі, уладальнікі якіх выязджаюць выключна на сваіх уседарожніках, каб дабрацца да бліжэйшага мегаполіса.

Нічога з гэтага няма: тут нізкія платы, традыцыйныя дамкі пачатку XX стагоддзя, ніякіх прыватных замкаў і раскошных віл — беларускія нуварышы палічылі б, што так могуць жыць толькі беднякі-сераднякі.
Едучы туды і назад, я ўглядаўся ў забудову на ўскраінах Стакгольма і на астравах. Ну не можа ж быць, — думаў я, — каб на дваццаці кіламетрах шляху ўсё было бездакорна. Недзе ж павінна трапіцца нешта запушчанае: закінуты дом, крывы плот, паўзаконная прыбудова з сілікатнай цэглы, іржавы дзедаў гараж, стары хлам на падворку… Але нічога з гэтага няма!
Яшчэ адна дэталь пра транспарт: я ўпершыню ў жыцці ў Стакгольме пабачыў добразычлівую кандуктарку, ад прысутнасці якой не было адчування, што цябе пакараюць за нешта — нават калі ты ўсё аплаціў. Гэта была маладая мусульманка ў хіджабе!
Думаю, многія сутыкаліся з кандуктарамі, якія выкарыстоўваюць гумар як сродак абароны ад разумення свайго ўбогага жыцця і ад агрэсіўных пасажыраў. Але дзяўчына была па-сапраўднаму мілай з пасажырамі і па-добраму ўсмешлівай — такой, якімі бываюць людзі, цалкам задаволеныя сваім жыццём. Гэты горад працягваў ламаць усе стэрэатыпы.

Стакгольм — лагічны і чалавечны. Нішто не заводзіць вас у куткі, адкуль няма выхаду. Калі кудысьці можа зайсці чалавек, то адтуль ён жа можа выйсці, не вяртаючыся назад.
Нават калі перад вамі ўздымаецца дзесяціметровая гранітная скала, то будзе або прыгожая лесвіца, або ідэальна чысты і светлы тунэль. Гэта абсалютна не відавочная каштоўнасць гарадскога асяроддзя — тая, да якой не дайшлі і, наўрад ці, калі-небудзь дойдуць і зразумеюць у Беларусі і на постсавецкай прасторы агулам.
У Швецыі карыстальнік горада заўсёды мае рацыю — гарадское асяроддзе змяняецца пад яго. У Беларусі чалавек — раб гарадскога асяроддзя.
Беларуса прымусяць прайсці паўкіламетра да святлафора, панаставяць тры рады агароджаў, але ніколі не зробяць пешаходны пераход там, дзе ён сапраўды патрэбны гараджанам.

Усе ўваходы ў будынкі на вуліцах Стакгольма імкнуцца рабіць з узроўню зямлі.
Вы нідзе не знойдзеце ў Стакгольме лішніх прыступак перад уваходамі ў сучасныя гандлёвыя цэнтры, офісы і іншыя грамадскія ўстановы. Архітэктура і ландшафт падпарадкоўваюцца чалавеку, яго слабасцям і патрэбам.
А ў адказ, быццам, і самі гараджане ставяцца з павагай да гэтага асяроддзя. Займаючыся аховай гісторыка-культурнай спадчыны, проста
да слёз балюча бачыць гэтае стаўленне нават да архітэктуры мадэрнізму: захаваныя ўсе архітэктурныя дэталі, дэкор, аконныя і дзвярныя запаўненні. Тое, што ў нас закляймілі б «саўком» і знішчылі пры першым капрамонце, тут берагуць не горш, чым камяніцы ў гістарычным ядры.
Я шмат бачыў інтэр’ераў праз вокны — нідзе не сустрэў аднатыпнага «армстранга», якім у Беларусі зашываюць нават багатую ляпніну. У кожным будынку Стакгольма — свая сістэма, распрацаваная архітэктарамі менавіта для гэтага канкрэтнага аб’екта; у гістарычных будынках — гістарычныя столі. І ўся гэтая разнастайнасць падтрымліваецца ў ідэальным стане.
Будынкі падтрымліваюць у такім стане, а не перабудоўваюць на новы лад. А мы злонамерна вынішчаем усё гэта: замест мазаік з’яўляецца шэрая тынкоўка, замест тэразітавай тынкоўкі — металакасеты, замест сапраўднага мармуру — керамагранітная плітка.
І самае балючае ў тым, што тыя, хто адказвае за беларускія гарады — чыноўнікі, праекціроўшчыкі, «рэстаўратары», — не бачаць сваёй уласнай убогасці. І абураюцца, калі іх крытыкуюць: маўляў, «мы ж робім, каб было лепш!».
Але іх «лепш» — гэта тое, што ў Стакгольме лічылася б памылкай, якую трэба неадкладна выпраўляць. І нам таксама калісьці давядзецца гэта рабіць.
Не ведаю, як мы з гэтым справімся, калі амаль усё, што робіцца цяпер, — грубае, безыдэйнае, нязручнае, безгустоўнае, недарэчнае, проста пачварнае. Колькі сіл і сродкаў нам давядзецца прыкласці, каб выправіць тое, што сёння выдаюць за дабро.
Сённяшні Мінск, абласныя цэнтры і асабліва малыя гарады Беларусі выглядаюць на фоне Стакгольма як здзеклівая пародыя на Еўропу — няўдалая імітацыя пасрэдных узораў, памножаная на агульную беднасць — і перш за ўсё на беднасць інтэлектуальную».
Каментары