Украіна атакавала тэхнапарк і завод па вытворчасці беспілотнікаў у Падмаскоўі
У ноч на 28 мая ўкраінскія беспілотнікі масава атакавалі Маскоўскі рэгіён. Паводле паведамленняў мэра Масквы Сяргея Сабяніна, з 00:00 да 04:00 на падлёце да сталіцы сіламі супрацьпаветранай абароны (СПА) былі збіты 33 дроны.

Паводле даных губернатара Маскоўскай вобласці Андрэя Вараб’ёва, да сямі раніцы над рэгіёнам ужо было знішчана 42 беспілотнікі. Пад удар трапіў Зеленаград, дзе прагучала не менш за шэсць выбухаў. Пасля гэтага над гарадской прамысловай зонай узняўся чорны дым.
Атака прыйшлася на тэхнапарк «Элма», прадпрыемствы-рэзідэнты якога вырабляюць электронныя і аптычныя вырабы, кантрольна-вымяральныя прыборы і апрацоўваюць розныя матэрыялы. Усяго ў тэхнапарку працуюць больш за 150 кампаній, піша Astra.
Паводле даных Mash, у выніку падзення абломкаў на тэрыторыі тэхнапарка згарэў аўтамабіль, ніхто не пацярпеў.
Таксама ўкраінскія дроны атакавалі Дубну, дзе прагучала каля 15 выбухаў. У горадзе было атакавана прадпрыемства па распрацоўцы беспілотнікаў «Кранштадт». На гэтым заводзе, у прыватнасці, вырабляюць ударна-разведвальныя дроны «Арыён». Акрамя таго, дроны былі знішчаны над Троіцкам, Дамадзедавам, Падольскам, а таксама пасёлкамі Троіцкім і Бронніцамі.
У Троіцку абломкі беспілотніка ўпалі на чалавека, але ён абышоўся нязначнымі раненнямі. У вёсцы Троіцкае ў выніку падзення дронаў былі пашкоджаныя тры жылыя дамы, ніхто з жыхароў не пацярпеў.
Каментары