Сталі вядомыя акалічнасці забойства пад Оршай аднаго расійскага паліцэйскага другім
26 траўня на аўтадарозе ў Аршанскім раёне быў знойдзены труп 45-гадовага расіяніна, а таксама аўтамабіль Lada без рэгістрацыйных знакаў. Міліцыя адразу затрымала падазраванага — 41-гадовага расіяніна. Канал Orsha.eu, які першым паведаміў пра гэта, напісаў, што ўдзельнічалі ў здарэнні супрацоўнікі расійскай паліцыі: адзін маёр, другі падпалкоўнік. Цяпер канал прывёў новыя падрабязнасці.

Як піша Orsha.eu, пасля працы два паліцэйскія, якія былі ў камандзіроўцы ў Смаленскай вобласці Расіі, вырашылі адпачыць і ўжыць наркотыкі. Экспертыза выявіла ў іх крыві сінтэтычныя рэчывы, вядомыя як «солі».
На асабістым аўтамабілі без нумарных знакаў яны выехалі на трасу М1, але кіроўца пад наркотыкамі пераблытаў напрамак і памылкова накіраваўся не ў бок расійскага горада, а ў Беларусь.
Кіроўца і пасажыр нібыта нават не адразу зразумелі, што апынуліся ў іншай краіне.
Пасля гэтага мужчыны пасварыліся. Канфлікт скончыўся стрэлам з траўматычнай зброі. Адзін з паліцэйскіх загінуў.
Паводле інфармацыі канала, званок у беларускую міліцыю зрабіў сам забойца.
Афіцыйнай інфармацыі на гэты конт няма.
Каментары
Маскавіты (і іншыя) праз мяжу ў стане алкагольнага і наркатычнага ап'янення возяць наркотыкі, зброю, забіваюць адзін аднаго.
Некалі нармальная краіна ўсё больш і больш ператвараецца ў свінух руцкага міру.