Эканоміка88

«Паспрабуйце гады праз тры». Менеджар выехаў у ЗША з беларускім офісам пасля 2020 года. Паўтараць (пакуль) не раіць

Продакт-менеджар некалькі гадоў жыве з сям’ёй у ЗША — дзеліцца досведам, піша Devby.io.

Алімпійскі парк Стагоддзя ў Атланце. Сакавік 2019 года. Фота: Warren LeMay, CC0, commons.wikimedia.or

Рынак. «Некаторыя мае сябры месяцамі сядзяць без працы»

— У ІТ я ўжо больш за 15 гадоў. Пачынаў як бізнес-аналітык, папрацаваў на розных пасадах і пазіцыях, з рознымі тэхналогіямі, у розных бізнес-даменах. Яшчэ да пандэміі ўладкаваўся на працу ў адну амерыканскую кампанію ў Беларусі. І ў 2020—2021 годзе з’явілася магчымасць пераехаць.

Працую ў ЗША як Product Manager у той жа кампаніі, на той жа пазіцыі. Але многія знаёмыя і мая жонка шукалі тут працу. Таму ёсць разуменне таго, як шукаць працу ў ЗША. Гэта складана. Напэўна, раней было прасцей, але мы трапілі ў няпросты перыяд. Пасля пандэміі былі масавыя звальненні ў Google, Amazon, Facebook. Прыйшла новая адміністрацыя ў Белы дом — таксама масавыя звальненні.

Мясцовы ІТ-рынак цяпер насычаны людзьмі, якія спрабуюць знайсці працу.

Некаторыя мае блізкія знаёмыя, сябры месяцамі сядзяць без працы. Рэкорд — проста цяпер чалавек шукае працу ўжо дзясяты месяц.

Не скажу, што ў ЗША шмат праграмістаў. Тут айцішка — гэта ў асноўным кансалтынг і кіраванне распрацоўкай, Project і Product Management. За апошнія пару гадоў чамусьці ўсім спатрэбіліся спецыялісты з веданнем AI, уменнем працаваць з мадэлямі.

У мяне складваецца ўражанне, што многія кампаніі, якія хочуць укараняць AI і ўсё такое, насамрэч не зусім разумеюць, што такое AI.

Але, тым не менш, добра мець нешта падобнае ў рэзюмэ. Калі гэтага няма, то шанцы знайсці нейкую працу цяпер рэзка меншаюць.

Асаблівасці. «Гадоў праз 20 табе таксама будзе за 60, але ніхто цябе не звольніць»

Амерыканскія кампаніі — яны таксама розныя. Напрыклад, тут вельмі шмат выхадцаў з Індыі. І ў некаторых кампаніях Холі (індуісцкае свята вясны) святкуюць больш актыўна, чым Вялікдзень.

Тут вельмі рэдка можна пачуць нейкі жарт, нейкі анекдот пра якую-небудзь нацыянальнасць.

Адна з асноўных адрозненняў: у Беларусі было цяжка знайсці чалавека старэйшага за 60 гадоў, які б больш-менш разбіраўся ў тэхналогіях. Тут я працую з людзьмі пад 70, яны выдатна працуюць з усімі аплікацыямі, туламі.

Вось такое кардынальнае адрозненне. Ну і яно надае ўпэўненасці: ты разумееш, што гадоў праз 20 табе таксама будзе за 60, але ніхто цябе не звольніць з гэтай прычыны.

Яшчэ пра розніцу ў працы: у Беларусі як бы ўсё было спакойна. Калі ты таварыш даволі дасведчаны, нават на выпрабавальным тэрміне ты ўжо не хвалюешся: ты прыйшоў на працу — усё, нават калі здарыцца нешта экстраардынарнае, ніхто цябе не звольніць. Тут такога няма. У ЗША ўсё вельмі хутка! Табе рэальна зранку могуць сказаць, што сёння твой апошні працоўны дзень. Мясцовыя неяк з гэтым жывуць, ніхто не нервуецца з гэтай нагоды. Як ёсць — так ёсць.

Тое самае з бэнчам. У Беларусі, калі ты сядзіш на бэнчы — гэта, канечне, дрэнна, але не крытычна.

Тут, у ЗША, бэнч на два тыдні — гэта ўжо нешта вельмі сур’ёзнае. Бэнч у два тыдні прымушае людзей рэальна нервавацца, хвалявацца за сваю будучыню. Тут усе стараюцца працаваць бесперапынна.

З прафесійнага пункту гледжання ў Беларусі я ў нейкі момант перастаў развівацца. Усё — столь. Ну і зарплата за апошнія чатыры гады ўжо не расла. Тут з пункту гледжання прафесійнага развіцця межаў няма. Ты проста робіш крок у бок. Тут гэта лёгка.

У Беларусі — у тых кампаніях, дзе я працаваў — часта курсы прафразвіцця насілі абавязковы характар. У індывідуальным плане развіцця прапісана — значыць, ты абавязаны. Тут усё па жаданні. Ты можаш проста сядзець і спакойна рабіць сваю працу. Калі робіш добра — усё будзе добра.

Але калі ўсё вакол будзе развівацца, а ты не будзеш, у нейкі момант разрыў паміж усім вакол і табой стане настолькі вялікім, што сваю працу ты рабіць ужо не зможаш. І ўсе гэта цудоўна разумеюць. Тут вельмі развіта networking community-камунікацыя, усе ходзяць на нейкія курсы (незразумела, як час знаходзяць), пасля працы збіраюцца разам, нешта абмяркоўваюць.

Усё гэта больш развіта ў буйных гарадах, такіх як Сан-Францыска, Нью-Ёрк. Мы жывём у Атланце (Сталіца паўднёвага штата Джорджыя з насельніцтвам каля 0,5 млн у гарадской мяжы і больш за 6 млн у агламерацыі. — Заўв.). У нас гэта ўсё яшчэ лайтова, спакойна. Але таксама ёсць. У параўнанні з Мінскам жыццё віруе.

Ну, а ў цэлым тое самае.

Даходы і выдаткі. «Купляць жыллё ў ЗША цяпер не рэкамендуецца»

Зарплата ў IT пачынаецца ад 70 тысяч долараў у год. Пра максімальную планку не скажу. Расказвалі нейкія легенды, што распрацоўшчык дзесьці ці то ў Instagram, ці то ў Facebook зарабляе ледзь не мільён у год. Цалкам магчыма.

У сярэднім лід атрымлівае 120—150 тысяч у залежнасці ад лакацыі і кампаніі. У Каліфорніі гэта можа быць крыху больш, але і выдаткі там вышэйшыя. У нас, у Атланце, гэта крыху менш — 120—140 тысяч. Гэта ўзровень ліда.

З гэтых грошай прыкладна траціну трэба аддаваць на падаткі.

Кватэры каштуюць дорага. У сярэднім кватэра ў Атланце з дзвюма спальнямі — каля $3000 у месяц. Плюс камунальныя плацяжы, розныя камісіі. Напрыклад, у жылым комплексе, дзе я калісьці жыў, была так званая convenience fee — $65 у месяц толькі за тое, што яны абавязалі жыхароў глядзець паказчыкі вады і электраэнергіі ў нейкай спецыяльнай аплікацыі. Вось!

На ўсё пра ўсё ў такім горадзе, як Атланта, на такое жыллё ідзе $3400—3500 у месяц. Калі кватэра з адной спальняй, дарэчы — не нашмат танней. Хай сабе $2500 за арэнду, а разам з камуналкай і ўсім астатнім — $3000. Калі студыя — таксама не вельмі танней, хай долараў на 500 менш. Усё даволі дорага.

Набываць жытло ў ЗША цяпер не рэкамендуецца. Да пандэміі было так: ты плаціў за [набытую ў іпатэку нерухомасць] у сярэднім менш, чым калі б яе здымаў. Апошнія пару гадоў усё наадварот. Мы цяпер арандуем дом. І калі б я купіў гэты дом, я плаціў бы на $1400 у месяц больш. Калі глядзець у зваротны бок: я магу купіць дом і плаціць за яго столькі ж, колькі цяпер плачу за арэнду, але гэты дом будзе горшай якасці, у горшым раёне. Навошта мне гэта?

У нас ёсць адзін знаёмы, які за дзевяць гадоў змог назапасіць патрэбную суму і купіць дом без усялякіх крэдытаў. Але ён такі адзін.

Пасля пандэміі кошт на нерухомасць вырас прыкладна ўдвая. Падаражэла і жыллё, і арэнда. Напрыклад, дом, за які я цяпер плачу $2500, у 2019—2021 гадах здавалі за $1270.

Плюс цяпер выраслі працэнты па іпатэцы. Кажуць, што бывае і 6—7 працэнтаў. Для Амерыкі гэта вельмі шмат, некалькі гадоў таму было 2—3 працэнты.

А вось ежа тут танная. Пасля таго як мы пераехалі, я адзін раз з’ездзіў у Беларусь. Зайшоў на вул. Карла Маркса ў кавярню і здзівіўся, наколькі там было дорага. Тут я магу з сям’ёй (з трох чалавек) паесці [ў падобным месцы] даляраў за 20—25.

У крамах ежа бывае розная. Ёсць сеткі, што пазіцыянуюць сябе як прадаўцы натуральных прадуктаў — там дорага. Ёсць Walmart, нешта кшталту «Еўраопта» на максімалках — усё вельмі танна. Ёсць нешта сярэдняе, накшталт беларускай сеткі Green.

За апошнія тры гады кошты на многія прадукты выраслі прыкладна ўдвая. За выключэннем яек — цэны на яйкі выраслі ў некалькі разоў. Але гэта ўсё як быццам можна трываць, усё роўна па многіх пазіцыях танней, чым у Беларусі.

Адзенне таннае. Побытавыя тавары наогул экстрымальна танныя. Вельмі шмат добрых рэчаў гаспадары аддаюць абсалютна бясплатна. Можаш купіць за $1500 класную дзіцячую горку з арэлямі, рознымі лазілкамі і паставіць у сябе на двары. А можаш узяць такую ж [б/у] абсалютна бясплатна.

На сярэднюю зарплату ў сто+ тысяч можна дазволіць сабе падарожнічаць з усёй сям’ёй два разы на год дакладна. І яшчэ два—тры разы на год выязджаць на выхадныя. Плюс нам удавалася некалькі разоў адправіць жонку з дачкой у Беларусь, і нават я аднойчы з’ездзіў.

Тут ёсць нюанс. У ЗША кошт на гатэлі і Airbnb вельмі залежыць ад перыядаў школьных канікул. Таму калі ў вас дзеці школьнага ўзросту, рыхтуйцеся плаціць за жыллё ўдвая больш. А калі дашкольнікі — можна моцна зэканоміць.

Зберажэнні. «У Беларусі жылі ад зп да зп, цяпер нешта і адкладаецца»

Можна адкласці тры тысячы ў месяц [з сярэдняй зарплаты ліда]. Але ёсць нюанс. Калі ты хочаш застацца ў ЗША надоўга, задумваешся пра будучыню — нейкая частка грошай ідзе на пенсію.

Яшчэ ёсць асаблівы від зберажэнняў на здароўе — health savings account. Мае сэнс таксама назбіраць туды буйную суму, бо з узростам могуць з’явіцца хваробы, а тут, у Амерыцы, медыцына вельмі дарагая. Яшчэ частка грошай з гэтых гіпатэтычных трох тысяч ідзе туды. За выкарыстанне грошай з такога рахунку на іншыя патрэбы прадугледжаныя вялізныя штрафы.

Але калі ў сям’і працуюць двое, то адкладаць атрымліваецца больш.

У нашай сям’і фінансавая сітуацыя цяпер лепшая, чым была ў Беларусі. Там мы апошнім часам жылі рэальна ад зарплаты да зарплаты. Цяпер нешта і адкладаецца. Канечне, не гэтыя гіпатэтычныя тры тысячы ў месяц. Але я стараюся.

Нягледзячы на ўсе гэтыя цяжкасці, у ЗША ўсё роўна лепш. Тут больш сонечных дзён, магчымасцяў, падзей, жыццё экстрымальна насычанае. Ты проста перастаеш глядзець фільмы і серыялы — эмоцый хапае. Нават калі зусім не засталося грошай з зарплаты — у Амерыцы нельга сказаць, што няма грошай. Бо ёсць крэдытная картка.

Здароўе. «Гэта дорага»

Здароўе ў ЗША — гэта дорага. У дзевяцігадовага дзіцяці нашых знаёмых быў апендыцыт. Як паўсюль, ёсць добрыя лекары, ёсць не вельмі. Ім адразу не пашанцавала — трапіўся не вельмі добры доктар. Тфу-тфу-тфу, у выніку дзіця паправілася. Ім выставілі рахунак на сто з нечым тысяч долараў за дзве аперацыі (хоць першы доктар быў не вельмі, аперацыю ўсё адно палічылі) і, здаецца, пяць дзён у шпіталі. Але ў іх была вельмі добрая страхоўка, якая амаль усё пакрыла. Самі заплацілі, здаецца, толькі $9000.

Я кажу «толькі $9000» (у параўнанні з агульнай сумай рахунку). Але, з іншага боку, гэта ж «цэлыя $9000». Таму тут хварэць нельга.

Яшчэ тут вельмі дарагія імпланты, брэкеты. Гэта ўсё лёгка можа каштаваць 10—20 тысяч даляраў. Таму, калі ёсць маленькія дзеці, рэкамендуюць адкрываць health savings account і на іх таксама. Падрастуць — за зубы прыйдзецца чымсьці плаціць.

Пры гэтым паставіць пломбу можа быць нават танней, чым у Беларусі, дзе мне налічылі 500—600 долараў за дзве-тры вялікія пломбы з лячэннем каналаў. Я адмовіўся, пацярпеў крыху, прыехаў сюды — і тут вылечыў бясплатна (спісаў з health savings account).

Трамп. «Магчыма, давядзецца пераязджаць яшчэ раз»

З іміграцыяй усё няпроста. Прыкладна з 2023 года пачаліся затрымкі на ўсіх этапах разгляду дакументаў. Сістэма і раней была складанай, шматузроўневай.

Цяпер, калі прыйшла новая прэзідэнцкая адміністрацыя, усё стала горш. Сярод нашых знаёмых ёсць тры сем’і, якія атрымалі грынкарты ў апошні момант. У нас пакуль грынкарты няма, як будзе — не ведаю. Магчыма, давядзецца пераязджаць яшчэ раз. У Літву, Польшчу ці Нідэрланды — не ведаю.

ЗША пакуль яшчэ — самая развітая эканоміка планеты. Насычаны рынак, дзе ёсць усё. Абсалютна любы чалавек з абсалютна любымі навыкамі тэарэтычна можа знайсці сябе тут. Калі ваш асноўны навык, напрыклад, Delphi — тут вы зможаце знайсці працу, бо ёсць мноства бізнесаў, якія да гэтага часу выкарыстоўваюць легасі-код.

Усё добра, усё цудоўна. Але вось гэтая нестабільнасць з іміграцыяй… Незразумела, што там учыніць адміністрацыя Трампа. Таму я б не рэкамендаваў пераязджаць сюды зараз. Праз год-тры, калі пройдуць новыя выбары, сітуацыя зменіцца, я ўпэўнены. І тады — так, будзе сэнс спрабаваць.

Каментары8

  • бабруйчанін
    10.06.2025
    11.6., Аптыміст ..нагадаю гісторыю сучасную рБеларусь 94 95 змена Сцяга..96 спроба імпічмэнта .Ўсе Аўтакрація
    Аляска прыеднаецца да Канады Каліфорнія сама па сабе" хопіць гадаваць Вашынгтон" Рэднекі фермеры павернуцца да каранёў..." эгейн ні будзе"
  • Serge
    10.06.2025
    Шмат амерыканскага жаргона! У РБ будзе лепш калі абрынецца дыктатура.
  • ая
    10.06.2025
    В РБ тоже запросто можно прийти на работу и узнать что ты тут уже не работаешь с завтра.

Цяпер чытаюць

Ізраіль пачаў новую хвалю ўдараў па Іране11

Ізраіль пачаў новую хвалю ўдараў па Іране

Усе навіны →
Усе навіны

Ізраільскія СМІ: ядзерны рэактар у іранскім Натанзе знішчаны дашчэнту12

Каму з беларускіх дзяцей нельга вучыцца за мяжой? Мінадукацыі пракаментавала нашумелы закон3

Прапагандыст Ігар Тур вырашыў перасяліцца бліжэй да Астрашыцкага Гарадка19

Ціханоўская пра кейс Мельнікавай: Сітуацыя страшная32

У Польшчы затрымалі афганца, які думаў, што ён у Парыжы. Так яму сказаў праваднік, што суправаджаў ад мяжы Беларусі3

Якія часы, такія і прэзенты: у беларускіх аптэках можна набыць падарункавыя сертыфікаты1

Ізраіль задзейнічаў для ўдараў па Іране 200 самалётаў2

Іран запусціў 100 дронаў па Ізраілі3

Трамп адрэагаваў на авіяўдары Ізраіля па Іране2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ізраіль пачаў новую хвалю ўдараў па Іране11

Ізраіль пачаў новую хвалю ўдараў па Іране

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць