Грамадства2727

Дзяўчына з-пад Маладзечна некалькі месяцаў жыла ў Гданьску на вуліцы. Яна расказала пра сваё няпростае жыццё

24-гадовая Яна Стасяловіч перажыла цяжкую хваробу, эміграцыю, нарказалежнасць і жыццё на вуліцы. Дзяўчына кажа, што на яе моцна паўплывала затрыманне восем гадоў таму.

Фота: архіў суразмоўцы

«Мяне схапілі за валасы і кінулі ў доўгі аўтобус з гармонікам пасярэдзіне»

Яна Стасяловіч родам з мястэчка ў Маладзечанскім раёне. На першую для сябе пратэсную акцыю дзяўчына трапіла яшчэ ў 16 гадоў — гэта быў Дзень Волі ў 2017-м. Яна кажа, што на той час нават не ведала, што такое БЧБ-сцяг. 

Тады спакойна сысці не атрымалася: у нейкі момант вуліцу перакрылі, і Яна разам з сяброўкай апынулася ў коле паміж сілавікамі і іншымі пратэстоўцамі. 

Усё скончылася затрыманнем:

«У наш бок пайшлі супрацоўнікі міліцыі. Я пачала ўпірацца нагамі, не разумела, за што нас хочуць затрымаць. І я вельмі баялася рэакцыі маёй мамы, у нас з ёй тады былі дрэнныя адносіны.

Спрабавала неяк выкруціцца з сітуацыі. Падышоў другі супрацоўнік, мяне схапілі за валасы і кінулі ў доўгі аўтобус з гармонікам пасярэдзіне. Там былі і іншыя затрыманыя. Мяне некалькі разоў ударылі па галаве, таксама ўдарылі кулаком у жывот і пачалі абшукваць».

Іх прывезлі ў РУУС — Яна ўспамінае затрыманых, якія стаялі ля сценкі, і іх рэчы ў смеццевым мяху пад нагамі. З міліцыі Яну забрала мама. Дзяўчына кажа, што праз наступствы таго затрымання больш не здолела вярнуцца да звычайнага жыцця. 

Пасля таго дня ў Яны пачаліся галаўныя болі і правалы ў памяці, яна адчувала млоснасць і шмат часу заставалася ў ложку. Пазней стан пачаў пагаршацца:

«Неяк я ішла на кухню, некуды збіралася. Памятаю, як у мяне пацямнела ў вачах, потым я апынулася на падлозе і ў мяне пачалі торгацца ногі. У канцы я нібыта прачнулася на падлозе. На твары застаўся сіняк — відаць, я ўдарылася аб сцяну.

Я пайшла да неўролага, мне зрабілі ЭЭГ і камп’ютарную тамаграфію. На ЭЭГ пабачылі прыкметы эпілепсіі, на тамаграфіі — сляды чэрапна-мазгавой траўмы. Мне паставілі перадэпілептычны стан і выпісалі карбамазепін».

Праз год дзяўчыне паставілі дыягназ «эпілепсія».

Ментальны стан таксама пагаршаўся. Адна з прыкмет — аднойчы Яна прачнулася з сінякамі і парэзамі, прычым яна не памятала, як іх сабе нанесла. Дзяўчына ўспамінае, што праблемы з ментальным станам у яе былі і раней праз складанасці ў сям’і, але пасля затрымання ўсё моцна ўзмацнілася — Яна прызнаецца, што не памятае, каб некалі яшчэ адчувала «такі шалёны страх».

Праз год пасля затрымання дзяўчына адчувала сябе так дрэнна, што давялося паляжаць у псіхіятрычнай бальніцы. У Яны дыягнаставалі арганічны дысацыятыўны разлад — гэта парушэнне сувязі паміж целам, свядомасцю, рухамі і здольнасцю ўспрымаць навакольны свет. Прычына — пашкоджанне мозга.

«Я не адчуваю, што гэтае цела — маё, што ўсё навокал сапраўднае»

З кожным годам хвароба дзяўчыны ўзмацнялася. У моманты хвалявання цела пачало адмаўляць, стала складана падымаць ногі. Хвароба развівалася хвалямі: напрыклад, некалькі дзён Яна адчувала слабасць у нагах, потым ёй рабілася лягчэй. Паступова эпізоды падаўжаліся.

Фота: архіў суразмоўцы

Тады беларуска набыла сабе кій, каб не быць замкнёнай дома, калі ёй пагоршае. Потым у яе з’явілася мыліца, а пазней і інвалідны вазок — давялося вучыцца жыць з ім:

«Калі я ляжала ў неўралагічным аддзяленні, мне паступова рабілася ўсё горш і горш. Спачатку былі эпізоды, калі не магла падняць нагу і паставіць на бардзюр, потым гэта зрабілася пастаяннай з’явай. Зрабілася цяжка хадзіць, я пачала менш гуляць, паднімаць цяжкія рэчы, прыбірацца».

Тым часам Яна скончыла школу і пачала падпрацоўваць хэнд-мейдам. Дзяўчына жыла ў Маладзечне — там яна і сустрэла пратэсты 2020 года. Тады Яна адчувала сябе лепш і 9 жніўня, пасля прэзідэнцкіх выбараў, пайшла на цэнтральную плошчу горада. Той мітынг быў жорстка разагнаны.

Фота: архіў суразмоўцы

У 2022-м Яна з’ехала разам з мужам у Польшчу. Дзяўчына ўспамінае, што муж даўно хацеў выехаць на працу ў замежжа, а ёй самой было вельмі трывожна заставацца ў Беларусі. Яна прызнаецца, што была і яшчэ адна прычына: здавалася, што эміграцыя дапаможа распачаць новае жыццё і пакінуць у мінулым усе праблемы.

Рэч у тым, што дзяўчына ўжывала наркотыкі.

«Думала, што паспрабую наркотыкі толькі адзін раз, каб даведацца, што гэта такое»

Тады ў Яны якраз пагоршылася здароўе, дзяўчына зноў перастала хадзіць. Было вельмі складана гэта прыняць:

«Мне трэба вучыцца, у мяне такія планы былі, мне падабалася быць на прыродзе. А цяпер я павінна залежаць ад іншага чалавека, ад гэтай чортавай жалезнай фігні (інваліднага вазка — «НН»), на якой я павінна рухацца. Я не магу ўстаць і пайсці, куды мне хочацца, мне падабалася хадзіць. 

Мне дапамагала менавіта хадзіць, хадзіць, хадзіць, нібыта сыходзіць ад нечага, а я не магла на той час гэта рабіць. Я тады ўвогуле не разумела, што мне рабіць і ці здолею я ўвогуле некалі хадзіць. Усе праблемы, якія былі ў Беларусі, трывога, паніка і страх, усё гэта ціснула на мяне, і ў нейкі момант мне ўжо зрабілася пофіг, няхай будзе што будзе».

Яна кажа — калі б тады разумела, што такое нарказалежнасць, ніколі ў жыцці не паспрабавала б наркотыкі:

«Курыць цыгарэты, піць алкаголь — гэта ж можна лёгка кінуць, ды і ўсе п’юць. Калі я паспрабавала [наркотыкі], думала, што паспрабую іх толькі адзін раз, каб даведацца, што гэта такое — маўляў, жывём адзін раз, і мне няма што губляць. 

Пасля гэтага падумала, што нічога не зразумела і трэба яшчэ, пасля наступнага разу зноў не зразумела і пажадала яшчэ. Потым было — «да Новага года паўжываю, потым кіну». І гэтыя падманкі працягнуліся».

Дзяўчына тлумачыць, што такімі падманкамі для яе былі ўсе спробы ўжываць менш наркотыкаў, дапамагла толькі поўная адмова ад іх. Беларуска расказвае, як развіваецца залежнасць: спачатку Яна казала сабе, што будзе ўжываць толькі раз на месяц, а потым дамаўлялася, што пяройдзе на два ўжыванні штомесяц, але не болей. Так можна было дайсці да таго, каб ужываць наркотыкі штодня.

Каноплі. Фота: УУС Гомельскага аблвыканкама

Некалькі месяцаў жыла на вуліцы

У першы ж дзень у Варшаве Яна засталася без мужа — той з’ехаў з Польшчы на заробкі. А дзяўчына паехала ў Гданьск. Тады ў яе атрымалася часова адмовіцца ад сінтэтычных наркотыкаў і ўжываць толькі марыхуану, але цяпер Яна гэта называе чарговай падманкай. Калі хочаш быць чыстым ад наркотыкаў, адмаўляйся ад іх у любой форме.

Аднойчы Яна заехала ў жыллё, дзе суседні пакой здымалі наркаманы. Беларуска пачала з імі кантактаваць, сустрэла чалавека, які таксама быў нарказалежны. І вярнулася да старых звычак. Пазней, калі яе суседзі прывялі ў свой пакой яшчэ аднаго нарказалежнага, пра гэта стала вядома гаспадарам жылля. 

«Суседзі па тым пакоі пастаянна лаяліся, біліся, прыводзілі людзей. Неяк іх не было дома, а ў іх пакоі застаўся іншы чалавек і зрабіў там нешта дрэннае. Іншыя суседзі не вытрымалі і пазванілі гаспадару кватэры, тады мне пазванілі і сказалі, што выселяць і мяне.

Мне далі некалькі дзён на тое, каб пераехаць, і не вярнулі заклад за жыллё. Дзе за два дні ўзяць грошы на арэнду кватэры і заклад? Таму на першы час засталася на вуліцы. А потым вярнулася да штодзённага ўжывання, і не засталося надзеі, што атрымаецца заехаць на нейкае жыллё».

Так у сакавіку 2023-га беларуска апынулася на вуліцы.

Яна пражыла там некалькі месяцаў. Знайшла з хлопцам закінутае памяшканне, дзе раней знаходзіўся хостэл, там і пасялілася. Ежу выпрошвала, стоячы ля крамаў — успамінае, што часам неабыякавыя людзі выносілі ёй шмат прадуктаў. Яне запомнілася, як ёй ахвяравалі некалькі пакетаў з ежай, у тым ліку і ягадамі, і як яна, кранутая шчодрасцю, плакала ля крамы.

Закінуты будынак, дзе Яна начавала падчас жыцця на вуліцы. Фота: архіў суразмоўцы
Фота: архіў суразмоўцы

Да тагачаснай сябе яна ставіцца крытычна:

«Напрыклад, можна ж было пайсці на нейкую працу з жыллём, на склады. А ў мяне інваліднасць, і я не ведала, куды пайсці. Знаходзіла сабе адгаворкі — маўляў, мяне не возьмуць.

Мне было так дрэнна, што я зусім адна ў гэтай Польшчы і не магу вярнуцца дахаты, часта проста плакаць хацелася. Хочацца дахаты, да бацькоў, хочацца туды, дзе я магу размаўляць на сваёй мове, дзе ведаю, куды звярнуцца, калі нешта здарыцца, дзе ёсць сябры. Не заставацца ў Польшчы, дзе ўсё нясу на сабе».

Смерць сяброўкі ад перадазіроўкі паўплывала на рашэнне завязаць

На наркотыках Яна часам магла не спаць некалькі сутак. З таго закінутага хостэла, дзе яна пасялілася з хлопцам, іх выгналі. 

Фота: архіў суразмоўцы

Яна з хлопцам вырашылі, што час нешта змяняць. Летам 2023-га знайшлі працу, атрымалася зняць жыллё. А потым дзяўчына пачала шукаць шляхі вылечыцца:

«У Беларусі я хадзіла на групы ананімных наркаманаў, але гэта было не сур’ёзна. Успомніла пра гэта. Але я ў Польшчы, тут іншая мова, як мне хадзіць на гэтыя сходы і ці ёсць яны тут увогуле? 

Знайшла ў тыктоку дзяўчыну, якая выздараўлівае [ад нарказалежнасці], яна жыве ў Турцыі. Яна мне скінула спасылкі на анлайн-групы ананімных наркаманаў, я пачала туды хадзіць».

Беларуска пайшла і на афлайнавыя групы ананімных наркаманаў, прывяла туды знаёмую, з якой раней ужывалі наркотыкі. Жыццё пачало наладжвацца.

Дзяўчына рабіла некалькі спробаў кінуць наркотыкі, пакуль у канцы 2023-га не атрымалася сысці ў рэмісію амаль на 9 месяцаў. Беларуска ўспамінае, што на яе паўплывала смерць сяброўкі ад перадазіроўкі — Яна зразумела, што можа апынуцца на яе месцы. 

Потым Яна сарвалася і ўлезла ў даўгі, яна вінная больш за паўтары тысячы еўра за арэнду і камунальныя паслугі. Але цяпер дзяўчына вярнулася і да працы, і да цвярозага жыцця, Яна працуе кансультанткай у гандлёвым цэнтры.

Фота: архіў суразмоўцы

Пакуль што ёй складана думаць пра будучыню. Жаданні ў дзяўчыны самыя простыя:

«Нешта рабіць, выйсці прагуляцца з кімсьці, хто выздараўлівае, з сяброўкай, якая не ўжывае [наркотыкі]. Гаварыць, наведваць групы, перад групай ці пасля яе мы часам выбіраемся на піцу. Цяпер у Гданьску запрацавала рускамоўная група, і для мяне гэта як прыйсці дахаты, можна выгаварыцца.

Там ёсць хлопцы, якіх я ведаю, нават тыя, з кім я ўжывала. Я рада іх бачыць, рада, што яны прыйшлі выздараўліваць, камусьці я нават сама параіла гэтыя групы».

«Байсол» адкрыў збор у дапамогу Яне — паўдзельнічаць можна тут.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары27

  • Выбачце
    12.06.2025
    Неверу. Гісторыя падаецца мне фальшыўкай.
  • Агент Хели Коптер
    12.06.2025
    Прохладная история. В 16 лет ничего не знает о БЧБ, но почему то оказывается на митинге и конечно же её там её избивают, но потом отпускают с мамой. Дальше сплошной наркоманский сумбур про мужа который вывозит её в Польшу и исчезает, про случайных соседей наркоманов, которые делают нехорошие вещи, а выгоняют с ними и её.
  • Свабодны чалавек
    12.06.2025
    Шкада яе, маці вінаватая найперш за такое выхаванне

Цяпер чытаюць

Што можа чакаць тых, каго будуць судзіць па справе «Беларускага Гаюна»?

Што можа чакаць тых, каго будуць судзіць па справе «Беларускага Гаюна»?

Усе навіны →
Усе навіны

Дзіцячы цэнтр, які адмовіў дзяўчыне ў працаўладкаванні за беларускую мову, улады праверылі і знайшлі парушэнні2

У Ізраілі 1 загінуў, 40 параненых ад іранскай балістыкі. Пачалася трэцяя хваля ўдараў па Іране11

«Гэты фэст не толькі для кайфу». Арганізатары фестывалю Tutaka расказалі пра сёлетнія планы і перспектывы10

Пуцін асудзіў парушэнне Ізраілем Статута ААН і нормаў міжнароднага права11

За месяц попыт на лялек Лабубу вырас на «Куфры» ў 6,5 раза7

Пад Салядарам адзін расійскі самалёт збіў іншы?4

Ізраільская ракета ўдарыла па рэзідэнцыі Вярхоўнага лідара Ірана Алі Сееда Хаменеі3

Падчас ізраільскай атакі на Іран забілі камандзіра спецпадраздзялення «Кудс»1

Нетаньяху ўвёў Іран у зман з дапамогай вяселля, а Трамп — сваімі заявамі8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Што можа чакаць тых, каго будуць судзіць па справе «Беларускага Гаюна»?

Што можа чакаць тых, каго будуць судзіць па справе «Беларускага Гаюна»?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць