Літаратура1111

«Не спяшы, Юр’еўна. Не тарапісь. А то апаздаеш». У беларусаў з’явілася свая міс Марпл

Самая загадкавая аўтарка сучаснай беларускай літаратуры — Каміла Цень — вярнулася. Выйшлі дзве новыя аповесці пра Зінаіду Юр’еўну — кантралёрку з Заводскага раёна. Яна ўважліва назірае за жыццём вакол сябе і па-майстэрску разблытвае забойствы ў горадзе-герою Мінску, піша Зося Лугавая. 

Цяпер ужо можна ўпэўнена сказаць, што нам не падалося: у беларусаў з’явілася свая міс Марпл. Не ведаю, ці заслужылі мы Зінаіду Юр’еўну, але яна дакладна дзіця зямлі беларускай. І цыкл пра яе налічвае ўжо пяць аповесцей у дзвюх кнігах.

Чым адметныя кнігі Камілы Цень? Гумарам, якаснай дэтэктыўнай інтрыгай і — трасянкай. Пра апошнюю раней ужо было багата спрэчак:

ці варта пісаць трасянкай, ці сапраўды гэта трасянка? Але калі пачынаеш чытаць, то разумееш: Зінаіда Юр’еўна толькі так і можа гаварыць. Яна жанчына без вышэйшай ці сярэдняй спецыяльнай адукацыі, затое з багатым жыццёвым досведам. Нарадзілася ў вёсцы, жыве ў Заводскім раёне Мінску ўсё дарослае жыццё, працуе кантралёркай. Гераіня нам сама пра свае прыгоды і расказвае.

«Люблю я такія маменты ў жызні. Кагда людзі ў абшчэсцвенны транспарт заходзяць у бальшом калічастве. І сразу — поўны аўтобус усякіх разгавораў, спораў, расказаў. Ну, ілі тралейбус, ілі трамвай. Са ўсех старон галаса. Самыя разныя судзьбы і жызні ўмесце ўстрачаюцца і аднаўрэменна гаварыць начынаюць. І тагда панімаеш, какіе мы ўсе, людзі, разныя. І какія пахожыя друг на друга». 

Ва ўсіх пяці гісторыях (першыя тры выходзілі пад адной вокладкай з назвай «Я прыду за табой у аўгусце») падзеі адбываюцца ў Мінску і звязаныя з грамадскім траспартам. І гэта не цэнтральныя раёны, а мінскія ўскраіны: Чыжоўка, Шабаны, Заводскі раён, Серабранка. Звычайнае жыццё звычайных людзей. Дарагі сэрцу Заводскі раён Зінаіда Юр’еўна апявае не горш за Бахарэвіча з яго роднымі Шабанамі.

У новых гісторыях галоўнымі месцамі дзеяння сталі Парк імя 50-годдзя Вялікага Кастрычніка і раён станцыі метро Магілёўская.

Зінаіда Юр’еўна — геніяльны персанаж і безумоўны аўтарскі поспех. Яна сардэчная, эмпатычная, з натуральнай прагай да справядлівасці. Ейныя ўнутраныя маналогі бліскучыя ў сваёй простасці і дакладнасці. Гэткая народная мудрасць, крыху прыпраўленая аўтарскай іроніяй.

Атрымліваецца дасціпна і жыццёва. І ўсё, чытач трапляе ў пастку абаяльнай гераіні.

«Чалавек на многае імее права. Можна быць загадачным. Ніхто не запрашчае. Але ў рамках закона. А калі чалавек ноччу ў трамваі загадачны, гэта ўжо падазрыцельна. Патаму шта разбурае парадак у обшчастве». 

«І вот тагда закралась мне ў душу самненіе. Нет, думаю, не спяшы, Юр’еўна. Не тарапісь. А то апаздаеш».

Зінаіда Юр’еўна — збіральны вобраз простай, але не простай беларускай жанчыны.

Яна законапаслухмяная і быццам бы лаяльная да дзяржавы, але не пасіўная. Наадварот: яна поўная энергіі і не баіцца дзейнічаць, у рашэннях сваіх абапіраецца на базавыя гуманістычныя прынцыпы.

Калі жыццё яе сутыкае з неадэкватнымі дзеяннямі з боку дзяржавы, яна па-свойму іх аналізуе і пераасэнсоўвае.

Сына з жонкай, якія, як пакрысе становіцца зразумела, знаходзяцца ў вымушанай эміграцыі ў Польшчы, яна называе «раманцікамі». Не асуджае, прымае, сумуе. 

«Глаўнае, штобы ім добра жылось. Штоб здаровыя былі і шчаслівыя. Паэтаму: Польша дык Польша. Еслі ім з Волечкай там лучшэ, хай жывуць. Можэт, там к раманцікам лучшае атнашэніе». 

Увогуле ў апошніх гісторыях Камілы Цень цікава адлюстроўваецца цяперашняе жыццё у Беларусі. Мне падаецца, што складана было б напісаць так, не знаходзячыся ўнутры краіны.

Але хто ведае межы чужога таленту? Тут амаль нічога не прамаўляецца наўпрост, але кожны з нас зразумее, чым занятая міліцыя, што не мае часу заняцца знікненнем юнака ў парку. І чаму выпадковы пасажыр нярвова рэагуе на прыгадванне экстрэмісцкай літаратуры. І чаму дзеці людзей сярэдняга веку ўсё часцей аказваюцца за межамі Беларусі. 

У другой гісторыі ў гэтай кнізе ўзнікае цікавы персанаж — беларускамоўны мужчына сярэдніх гадоў, які жыве ў інтэрнаце недалёка ад станцыі метро Магілёўская. Дзякуючы дапытлівасці і камунікатыўным здольнасцям Зінаіды Юр’еўны мы даведваемся пра ўспрыманне такіх людзей «простымі грамадзянамі». 

«Он сам па сібе странны быў. Ну, па-первых, беларуская мова. Он пачаму-та на роднай беларускай мове гаварыў. Не знаю, у чом там прычына была. Но он стараўся толька на роднай мове. І ваабшчэ он весь такой за родную культуру быў. Есць такія людзі. Пападаюцца інагда. Как грыбы. Ідзёш па лесу, адні сыраежкі пад нагамі. Падасінавікі. Інагда баравікі з лісічкамі. А патом раз — і відзіш пад дзеравам странны грыб. І не панімаеш, што за он. С’ядобны ілі ядавіты», — раскажа за бутэлечкай вермуту камендантка ў інтэрнаце. 

Зінаіда Юр’еўна застанецца вернай сабе: на шляху да справядлівасці ёй не перашкодзяць ані сяброўства, ані трывожны муж, ані агрэсіўна настроеныя суграмадзяне. Яна нават не спрачаецца з заўвагай, што ёй «большэ ўсіх нада». Бо: «Еслі мы ўсе к справядлівасці стрэміцца будзем і к парадку, то ўсім ад гэтага лучшэ будзе. Не толька цем, хто наверху, а ўсім. Справядлівасць — ана каждага касаецца». 

Божа беражы Зінаіду Юр’еўну. 

Каміла Цень. Наступны прыпынак — смерць. — Варшава: Янушкевіч, 2025

Каментары11

  • І смех і грэх
    13.06.2025
    Трасянка нейкая... няправільная, ня родная аўтарцы.
    Касплей трасянкі.
  • Цім
    13.06.2025
    Каміла Цень ... Раней чуў гэта імя (як літаратурны преўданім - проста супер!), але не чытаў. У дадзеным артыкуле першы раз прачытаў некалькі абзацаў. Мне здалося гэта цікавым :) Трасянка пацешная, але добра вядомая. Так казалі нашы бацькі, якія збеглі пасля 8 класаў вясковай школы у горад на заводы-фабрыкі. У 50-60-е гады БССР. Карацей: кніжкі гэтыя абавязкова знайду і пачытаю.
  • Gorliwy Litwin
    13.06.2025
    нада была здзелаць яё шаптухай. Ци шаптунняй. Во гэна было бы дзела. Удвоя больша сьвядомых спадароу раманцикау тады захацели бы такую книшку прачытаць. Можа дажа палучыла бы прэсцижную прэмию за выражэння дзейсцьвицельна нацыянальнава духа. Надзеюсь, што аутарка учцёт гэнае маё прэдлажэнне, и у следуюшчай книге дабавит гэнай симпацичнай цётачцы и таки во шаптовы аспект.

Цяпер чытаюць

Пад ціскам мужа Святлана Ціханоўская адмяніла інтэрв'ю CNN і працягнула размову з беларусамі ў Нью-Ёрку26

Пад ціскам мужа Святлана Ціханоўская адмяніла інтэрв'ю CNN і працягнула размову з беларусамі ў Нью-Ёрку

Усе навіны →
Усе навіны

Трамп у ААН: Еўропа коціцца ў пекла, а глабальнае пацяпленне — найбуйнейшае махлярства35

Ціханоўская: Я вельмі радая, што пасажырскае злучэнне паміж Беларуссю і Польшчай адновіцца27

Міністр унутраных спраў Польшчы падпісаў распараджэнне аб адкрыцці мяжы2

У затрыманага ў Польшчы таксіста-шпіёна знайшлі спіс беларусаў, за якімі ён меў заданне сачыць2

«Мінсктранс» аднаўляе рэйсы ў Польшчу і Германію3

У Мінску двое рабочых упалі з вышыні, адзін загінуў

Анжаліцы Борыс дазволілі наведаць Анджэя Пачобута ў наваполацкай калоніі12

Маркаў задумаўся пра стварэнне дзіцячага тэлеканала, але ёсць пытанні7

«Канапа за 6 тысяч ператварылася ў разваліну». Беларусы крытыкуюць якасць мэблі «Пінскдрэў»4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пад ціскам мужа Святлана Ціханоўская адмяніла інтэрв'ю CNN і працягнула размову з беларусамі ў Нью-Ёрку26

Пад ціскам мужа Святлана Ціханоўская адмяніла інтэрв'ю CNN і працягнула размову з беларусамі ў Нью-Ёрку

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць