Пратэжэ лукашэнкаўскага фаварыта Баскава будуе акадэмію ў Бразіліі і Нью-Васюкі сусветнага маштабу
Кіраўніку кампаніі BlockChain Sports Дзмітрыю Саксонаву, які летась абаяў сенатара Баскава і замахнуўся на «Шантэр Хіл» Шакуціна, не ўдалося абзавесціся сапраўднымі інвестарамі і ператварыць піяр у бізнэс. Замест гэтага ён вярнуўся да аперацый, падобных да тых, за якія ўжо быў судзімы, але з захапляльным выкарастаннем штучнага інтэлекту.

У канцы 2024 года «Наша Ніва» апісвала жыццёвую дарогу новай і нечаканай зоркі беларускіх дзяржаўных СМІ — Дзмітрыя Саксонава, айцішніка, рэжысёра, дэвелапера, спартоўца, візіянера і іншае, які летась прывозіў у Мінск футбольных зорак, генераваў мульцікі і арганізоўваў дрыфт-шоу.
Чытайце таксама: Як мучылі Ціля Швайгера і цэнтры гарадоў, каб стварыць карцінку для судзімага за махлярства пратэжэ Дзмітрыя Баскава
Сёння мы ўжо можам сказаць, з якой рэальнай мэтай летам 2024-га Дзмітрый Саксонаў пры ўсебаковай падтрымцы фаварыта Лукашэнкі Дзмітрыя Баскава ставіў Мінск на дыбы.
Практычным вынікам стала тое, што Саксонаў і яго неіснуючы юрыдычна «холдынг» BlockChain Sports займелі публічны вобраз, пачалі гугліцца і індэксавацца штучным інтэлектам.

Калі б не тая публікацыя «Нашай Нівы» і яе цытаванне ў профільных англамоўных выданнях, то ChatGPT i Gemini малявалі б Саксонаву і ягоным пачынанням выключна пазітытыўныя партрэты.
І тады, магчыма, яму б удалося больш. Бо ў справе, якой ён заняўся, інтэрнэт-рэпутацыя — крытычна важная.
Дзмітрый Саксонаў, які ў Беларусі быў судзімы за махлярства, імаверна, ад пачатку разлічваў не на беларусаў, а на замежную аўдыторыю. Перадусім на расіян і японцаў.
Цяпер мы ведаем, як выглядае ўся шматпавярховая канструкцыя, якую ён выбудаваў.
Што абяцаў Дзмітрый Самсонаў: футбольная акадэмія ў Бразіліі
Спачатку дамо ацэнку таго, што абяцаў Дзмітрый Саксонаў год таму і што ёсць цяпер.
На чым мелася зарабляць ягоная платформа BlockChain Sports? Што гэта ўвогуле такое?
Калі коратка, то нібыта ў людзей па ўсім свеце ёсць запыт на тое, каб больш актыўна ўдзельнічаць у лёсах спартоўцаў і інвеставаць у іх, абыходзячы клубную іерархію. І нешта таксама зарабляць на талентах.
Саксонаў узяўся дапамагчы. Маючы ў планах ахапіць усе віды спорту, пачаў ён з футбола ў Бразіліі.

«Я купіў больш за сем гектараў зямлі ў Бразіліі, каб пабудаваць футбольную акадэмію Blockchain Sports і даць таленавітым футбалістам Лацінскай Амерыкі шанс […]», — пісаў ён у сваім Linkedin, абяцаючы 46 мільёнаў еўра інвестыцый у праект.
Сотні (потым — тысячы) бразільскіх дзяцей, абвешаныя датчыкамі беларускага стартапа Teslasuit (ён даўно прагарэў), павінны былі трэніравацца на шыкоўнай базе пасярод глухой бразільскай правінцыі, у горадзе Акапіяра, з якога да бліжэйшага міжнароднага аэрапорта — 7 гадзін па разбітых дарогах, а іх даныя (колькасць прабеганага, выніковасць) меліся заносіцца ў базу, даступную для карыстальнікаў BlockChain Sports.
І карыстальнікі, абапіраючыся на даныя, маглі б самі, без скаўтаў і агентаў, ідэнтыфікоўваць перспектыўных гульцоў і… купляць іх лічбавыя вобразы! Якія, калі дзеці стануць зоркамі, можна будзе дорага прадаць.
Дык што там з абяцанай у 2025-м здачай «футбольнай Акадэміі BlockChain Sports» у Акапіяры?
Паводле публікацыі ад 15 студзеня 2025-га на сайце мясцовага самакіравання Акапіяры, у 2025 годзе сапраўды будзе пабудавана новае футбольнае поле са штучным пакрыццём, раздзявальняй, туалетам і ліхтарамі.
«Праект рэалізуецца ў рамках праграмы «Арэнінья» і партнёрства паміж мэрыяй горада Акапіяра і ўрадам штата Сеара. […] Пасля адкрыцця аб'ект пяройдзе ў кіраванне муніцыпалітэта. […] Праграма «Арэнінья» — гэта найбуйнейшая спартовая ініцыятыва па ўсёй краіне, аб'екты рэалізаваныя ўжо ў 184 муніцыпалітэтах Сеары. Чакаецца, што да канца 2026 года ў штаце будзе функцыянаваць 600 «Арэніньяў», — гаворыцца ў анонсе.
Фота праекта, якім афіцыйны сайт суправадзіў навіну, супадае з выглядам будаўніцтва, якое Саксонаў называў сваім праектам.
Разам з гэтым, 21 студзеня выйшла пастанова самакіравання, згодна з якой новы стадыён будзе названы ў гонар мясцовага мецэната Жасінты Алвіса Тэйшэйры, чые дзеці ахвяравалі пад праект зямлю.
Такім чынам, фіксуем першы пункт: ніякай футбольнай акадэміі ў Бразіліі на гэты момант не існуе. Дзясяткі ролікаў з дзецьмі ў рэкламных майках — рэальны актыў Саксонава ў Бразіліі.
Дзеці трэніруюцца на суседнім стадыёне, пабудаваным у снежні 2023-га ў рамках такой жа самай праграмы.

Іншае абяцанне Саксонава: беспілотны дрыфцінг у Саудаўскай Аравіі
З іншымі спартовымі праектамі, кшталту спаборніцтваў па беспілотным дрыфцінгу ў Саўдаўскай Аравіі, у Японіі і гэтак далей таксама ўсё няясна — ютуб-канал перастаў абнаўляцца.
Такім чынам, адкуль брацца інфармацыі, якая б папаўняла базу даных спартоўцаў запланаванай ІТ-платформы?
Усё проста. Гэтай платформы таксама не існуе.
Яе немагчыма спампаваць, ёй немагчыма карыстацца. Яе падмяняе кіслотны вэб-сайт, які ўжо год абяцае, што «усё хутка будзе».

Але адна рэч ва ўсім гэтым праекце ўсё ж ужо рэальная — гэта магчымасць аддаваць Саксонаву грошы.
Запланавана, што аплочваць дзеянні, купляць картачкі, галасаваць і гэтак далей на неіснуючай платформе BlockChain Sports можна будзе токенамі — скажам так, крыптавалютай. Не якой-небудзь іншай, а сваёй уласнай, якую назвалі $ATLA.
Крыптавалюта $ATLA і яе лёс
$ATLA не таргуецца ні на якой біржы, але Саксонаў і ягоныя партнёры з Расіі абяцаюць, што стане таргавацца ў хуткім часе.
І токен для разлікаў у праектах такой паважанай і вялікай кіберкарпарацыі, безумоўна, атрымае і рэальную ацэнку брокераў у цвёрдых фіятных валютах.
Пад гэтую справу былі створаныя тэлеграм-чаты, арыентаваныя на замежнікаў, у якіх — шляхам масавага дадавання карыстальнікаў — Саксонаў з кампаніяй сталі пераконваць шчаслівых выпадковых інвестараў купіць токены толькі цяпер па $0,25 за штуку.
Толькі для ўдзельнікаў чата (у арыгінале — «фінальнага прыватнага раўнда») — зніжкі, якія хутка знікнуць. Такая цана толькі цяпер, а вось калі токен размесцяць на біржы, ён стане каштаваць шматкроць болей. Паспейце купіць па нізкай цане і зарабіць у наступным.
А больш купіце — большую дамо зніжку. Прывядзеце сябра — таксама зніжка.
Для фіксацыі ўгоды чалавеку дасылалася дамова, якая ёсць у распараджэнні «Нашай Нівы». Там згадваюцца адразу дзве кампаніі: Atleta Network LTD і Otonom Ltd з прапіскай на Вірджынскіх астравах. Невядома, ці існуюць яны ў прынцыпе, таму што аплату трэба рабіць не на іх банкаўскі рахунак, а на крыптакашалёк.
На гэты момант токен так і не размясціла ніводная біржа, а сайты папярэдняй ацэнкі ацэньваюць рынкавую цану токена $ATLETA у нуль даляраў у сёмай ступені, а таксама пазначаюць яго як «пастку, з якой вы ніколі не вернеце свае грошы».
Зрэшты, у пісаным па-англійску з памылкамі SAFT-кантракце (Simple Agreement for Future Tokens), які дасылае кліентам Саксонаў, намякаецца на тое ж самае: кампанія не гарантуе запуску токена, не вяртае грошай ні пры якіх абставінах, а нават калі ён і выйдзе, то вам «залічаць» толькі 10% ад купленага, а астатняе — цягам 18 месяцаў.

Шчаслівымі ўладальнікамі токена задэкларавалі сябе прынамсі 83 чалавекі.
Нягледзячы на актыўныя зачысткі чата японскіх інвестараў, там прабіваліся крытычныя каментары. «Наша Ніва» знаходзілася ў гэтым чаце. Вось прыклад.
«ayumu kishimoto, [2 чэрвеня 2025, 03:42:54]:
Калі будзе лістынг на Bybit?
Mika Kobayashi, [2 чэрвеня 2025, 07:56:27]:
Ці плануецца лістынг на іншых біржах?
OMMC, [2 чэрвеня 2025, 11:46:17]:
Калі будзе запушчаны mainnet (асноўная сетка)?»
З адміністратарскага акаўнта ім адказвалі, што перамовы ўсё яшчэ вядуцца «з мэтай найбольш выгадных для інвестараў умоваў», усё ўжо ў завяршальнай стадыі.
«Гэта амаль той жа адказ, што і паўгода таму. Ізноў — ніводнай канкрэтнай лічбы. Вельмі «ўражвае», «Чаму вы не публікуеце фінансавых справаздач? Чаму не падаяце заявак на ліцэнзію ў фінансавае ўпраўленне Японіі?», «Біядабаўкі падзейнічаюць хутчэй, чым можна будзе вывесці грошы з гэтай платформы»,— абураліся японцы ў чаце.
«Мы разумеем вашы хваляванні і ўдзячныя за праяўленую ўвагу да праекта. Просім паставіцца з разуменнем і набрацца цярпення. Наша каманда працуе з поўнай аддачай, каб прынесці вынік. Гэты шлях не з простых — на ім шмат перашкод», — адказвалі ім.
Нарэшце, на мінулым тыдні, пасля паўгода збору грошай, чат для перспектыўных інвестараў закрыўся ў аднабаковым парадку: «Мы шчаслівы абвесціць, што прыватны раўнд паспяхова завершаны! Ваш інтарэс зрабіў нас мацнейшымі і натхніў рухацца далей! […] Дзякуй усім за удзел і актыўнасць!».

Пра лістынг токена нічога невядома. Куды цяпер пісаць інвестарам — невядома.
«Атам Майнінг» і «вытворчасць майнінгавага абсталявання»
Паралельна з японскай гісторыяй у Саксонава пытаюцца «дзе грошы?» і расійскія інвестары. Яны сунулі грошы ў іншую гісторыю.
Саксонаў быў у Беларусі заставальнікам ТАА «Атам Майнінг» (у працэдуры банкруцтва з 23.01.2025), якая прэзентавала сябе як «найбуйнейшы сертыфікаваны вытворца майнінгавага абсталявання ў Беларусі».

Быццам бы ў іх «майнінг-гатэлі» ў Мінску па праспекце Пераможцаў 106-16 (цяпер там знаходзіцца студыя дызайну) ёсць абсталяванне для майнінгу — яны могуць кожнаму паказаць, як яно працуе, і прадаць. Потым ідэя трансфарміравалася, сайт atommining.by перастаў працаваць.
З'явілася аналагічная юрыдычная асоба ў Расіі (ТАА «Атаммайнінг»), якая ўжо пад новым брэндам «ЛіквідМайнінг» стала аказваць паслугі па здачы ў арэнду абсталявання для майнінгу токенаў. Толькі не сапраўднай арэнды, а віртуальнай.
Зноў жа, у нейкім дата-цэнтры быццам бы стаяць відэакарты.
Інвестар пераводзіць грошы «на электраэнергію», у той час як ягоныя віртуальныя арандаваныя магутнасці самі недзе там майняць крыптавалюту.
Яе можна зняць? Не, нельга. Ліквідныя біткойны гэтыя рабяты не майняць, таму што яго «мала засталося» і «гэта дорага», замест гэтага «аналітыкі» кампаніі абіраюць токены, якія яшчэ не выйшлі на рынак, адпаведна, лепш іх майніць цяпер, пакуль не выйшлі на лістынг і не падаражэлі.
«Самая смачная манета», канечне ж — «гэта $ATLETA». Тыя ж яйкі, толькі ў профіль.
Ці ўдалося каму на гэтым зарабіць? Пытанне рытарычнае. У чаце расійскіх інвестараў падымаюцца тыя ж самыя пытанні, што і ў японскім: калі будуць грошы?

«Я туды больш не інвестую, я нічога не вярнуў. Яны гэта нічым не тлумачаць, проста цішыня», — расказаў «Нашай Ніве» адзін з інвестараў-расіян, удзельнікаў чата.

Адміністратар чата — Кацярына Жыгулова — замест адказаў на пытанні прапануе інвестарам лепш задумацца пра інвестыцыі ў іншую перспектыўную платформу Саксонава, LightView.
Што гэта за платформа? Памятаеце мульцік «Белавежская пушча», зроблены студыяй «Артэкі» з выкарыстаннем штучнага інтэлекту на грошы Мінкульта?

Сэнс новага інвест-праекта ў тым, каб разам збіраць грошы на падобныя згенераваныя Luma AI мультфільмы, якія ў наступным быццам бы стрэляць у пракаце. А грошы пасля падзеляць на ўсіх, у залежнасці ад таго, хто колькі інвеставаў.

«Тое, што мы робім, адсутнічала ў прававым полі як паняцце. Калі мы кажам пра карпаратыўныя займы, фінансаванне праектаў, звязаных са стварэннем анімацыйнага кантэнту, шляхам прыцягнення сродкаў вялікай колькасці рознічных інвестараў — фізічных асобаў, — дзяржава на гэта глядзіць вельмі-вельмі ўважліва. Платформа будзе выкарыстоўвацца для атрымання як фіксаванага, так і пераменнага даходу вялікай колькасцю асоб, мы самі распрацоўваем нарматыўна-прававыя акты», — сцвярджаў прадстаўнік каманды Саксонава на адным з інвестарскіх сазвонаў.
Усё гэта — і лічбавыя вобразы будучых бразільскіх Неймараў, і ШІ-мультыкі — вельмі нагадваюць Нью-Васюкі ХХІ стагоддзя.

Жыгулова, расказваючы пра тое, што «Саксонава прызнаў Лукашэнка, дазволіўшы яму адкрыць цэнтр распрацоўкі штучнага інтэлекту», заклікае патэнцыйных інвестараў на сазвонах будаваць класічную пірамідальную структуру: прыводзьце сяброў — атрымлівайце іх грошы. Інвестарам дасылаюць спасылкі на рэпартажы АНТ, БТ, БелТА і гэтак далей.
Дык колькі зарабілі?
Ацаніць, колькі грошай легкаверныя шукальнікі імгненнага заробку занеслі Саксонаву і кампаніі ўнёскамі ў крыптавалюце — немагчыма.
Але мы бачым афіцыйныя фінансавыя даныя адзінай па-сапраўднаму існуючай кампаніі, у якой Саксонаў бенефіцыяр.
Гэта кампанія «Ікс Лабс Інк», рэзідэнт ПВТ. Тая самая, чыя супрацоўнікі масава скардзіліся на шматмесячныя нявыплаты заробкаў. У справу ў выніку ўмяшалася пракуратура.
«Ікс Лабс Інк» на 100% належыць расійскаму ТАА «Атам Майнінг», у якім 60% належыць грамадзяніну Беларусі Дзмітрыю Саксонаву.
«Ікс Лабс Інк» на сваім сайце не паказвае ніводнага са сваіх ІТ-прадуктаў, але дэкларуе, што займаецца распрацоўкай.
Цяпер з кампаніі праз суд патрабуюць грошы кейтары за арганізацыю харчавання, Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва за нясплочаныя падаткі, рэкламшчыкі за неаплачаныя паслугі па піяры.

Але фінансавыя паказчыкі «Ікс Лабс Інк» па-сапраўднаму неардынарныя.
Выручка кампаніі, якая нічога не вырабляе, за 2024 год — 56,48 мільёна беларускіх рублёй.
Гэта, напрыклад, супадае з абаротам старажылаў беларускага ІТ: «Ай Бі Эй Беларусь» за той жа год зрабіла 56,19 мільёна рублёў выручкі (563 супрацоўнікі ў штаце), «Софтклуб» — 55,6 мільёна (380 супрацоўнікаў у штаце), «Сістэмныя тэхналогіі» — 45 мільёнаў.
Ніводны з гэтых сур'ёзных беларускіх гульцоў не можа пахваліцца 83%-ай рэнтабельнасцю продажаў, як у «Ікс Лабс Інка».
Як і структура руху грашовых сродкаў у гэтых кампаній троху адрознівацца. Так, пры адлюстраванай выручцы у 56,48 мільёна рублёў, толькі 39,8 мільёна праходзяць па графе «паступленні ад пакупнікоў» («Наша Ніва» мае доступ да бухгалтэрыі кампаніі).
44,2 мільёна рублёў праходзяць па графе «іншыя паступленні», якія ўключаюць у сябе, у тым ліку, і сродкі, на якія кампанія не мае ўласнасці.
Агулам жа з рахункаў маладой кампаніі за 2024 год сышло 93 мільёны беларускіх рублёў.
Адным словам, не паглыбляючыся ў бухгалтарскія тонкасці, можна выказаць здагадку, што пад выглядам распрацоўшчыка пад ільготным парасонам ПВТ хаваецца кампанія па шэрым абнаяўліванні крыптавалюты.
Такое ж меркаванне выказалі і апытаныя «Нашай Нівай» фінансісты.
У расійскай кампаніі «Атам Майнінг», якой належыць «Ікс Лабс Інк», увогуле спрошчаная справаздачнасць, па якой складана сказаць, чым займаецца кампанія — яна не здае поўных бухгалтарскіх даных.
Затое, ужо ёсць першыя згадкі ў расійскіх СМІ: арбітражны суд Ніжагародскай вобласці абавязаў «Атам Майнінг» вярнуць вырабніку электралічыльнікаў «Сі-Арт» 20 мільёнаў расійскіх рублёў (каля 255 тысяч даляраў).
«Бакі заключылі дамову аб аказанні паслуг па распрацоўцы камп’ютарнага праграмнага забеспячэння, і кампанія «Атам Майнінг» узяла на сябе абавязацельствы па тэставанні «сістэмы прадказальнага аналізу пікавых нагрузак спажывання электраэнергіі і аналізу адмоваў абсталявання ў прамысловых электрасетках на аснове нейрасеткі з выкарыстаннем машыннага навучання (ML)».
Заказчык і выканаўца ўзгаднілі пералік работ і паслуг. Кампанія «Сі-Арт» да 28 красавіка 2024 года пералічыла выканаўцу перадаплату, але 13 мая высветлілася, што «Атам Майнінг» нават не пачаў тэставання. «Сі-Арт» накіраваў прэтэнзію з патрабаваннем вярнуць усе грошы.
«Атам Майнінг» прапанаваў вярнуць толькі частку сумы. У дамове быў пункт, згодна з якім, у выпадку адмовы заказчыка ад выканання работ, той павінен кампенсаваць выканаўцу страты. «Сі-Арт» не пагадзіўся з такой трактоўкай, скасаваў дамову і падаў пазоў у суд», — гаворыцца ў пераказе справы ад аднаго з нішавых СМІ.
Такі вось прамежкавы фінал беларускага ката ў ботах.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары
Запрасіць на нэтваркінг па Эўропе ад Офіса Ціханоўскай, прызначыць мэнтарам Зарэцкую і для паляпшэння інтэрнэт-рэпутацыі ўзнагародзіць медалём ад Пераходнага Кабінета!