У Бешанковічах мужчыну абвінавачваюць у дэманстрацыі нацысцкай сімволікі
Следчы камітэт Віцебскай вобласці завяршыў расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні да 36-гадовага жыхара горада Бешанковічы. Яго абвінавачваюць у тым, што ён публічна дэманстраваў нацысцкую сімволіку ў інтэрнэце.

Па звестках следства, восенню 2024 года мужчына здымаў і выкладваў у тыкток відэа, на якіх паказваў татуіроўку са свастыкай на пальцы рукі. Гэты сімвал у Беларусі афіцыйна прызнаны нацысцкай сімволікай.
Раней мужчыну ўжо двойчы каралі адміністрацыйна за падобныя дзеянні. Аднак у красавіку 2025 года, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап’янення, ён зноў праводзіў жывыя трансляцыі, у якіх паказваў сваю татуіроўку з нацысцкай сімволікай.
Падчас следства былі дапытаныя сведкі і абвінавачаны, правераныя яго тэлефон і запісы трансляцый. Экспертыза паказала, што ён быў у стане ўсведамляць свае дзеянні і кантраляваць сябе. Выявілася таксама, што мужчына не працуе і ўжо неаднаразова быў асуджаны за крадзяжы, рабаванні, угоны і іншыя злачынствы.
У выніку яму выстаўлена абвінавачанне па артыкуле 341-1 Крымінальнага кодэкса — за паўторнае публічнае дэманстраванне нацысцкай сімволікі ў інтэрнэце. Па санкцыі пракурора ён заключаны пад варту. Справу перададуць у суд, мужчыну пагражае да чатырох гадоў пазбаўлення волі.
Каментары