Расіянка расказвала пра глыбінную моц Лукашэнкі — цяпер яна ў слязах з'язджае з Беларусі
Расіянка вымушаная з’язджаць з Беларусі: новы закон не дае ёй выхоўваць дзяцей так, як хацелася.

Вольга — чувашка па нацыянальнасці, яна прыехала ў Беларусь у 2015-м. Верагодна, у нашу краіну яна пераехала праз шлюб: у адным з ролікаў жанчына кажа, што яе муж мае беларускае грамадзянства.
Днямі Вольга агаломшыла сваіх падпісчыкаў навінамі, што яна запісвае свой апошні ролік на гэтым канале, бо вымушаная эміграваць з Беларусі. Усё праз змены ў Кодэксе аб адукацыі, якія пачынаюць дзейнічаць у нашай краіне з 1 верасня 2025-га — паводле іх усе дзеці замежных грамадзян, якія жывуць у Беларусі, мусяць вучыцца ў беларускіх школах. Жанчына вучыць сваіх дзяцей сама і прысвяціла гэтаму 10 гадоў, але новы закон пазбаўляе яе такой магчымасці ў Беларусі.
Вольга патлумачыла ў слязах, як гэта працуе:
«Мае дзеці былі прымацаваныя да беларускай школы і здавалі там атэстацыю. Але потым пачалі зачыняць тыя прыватныя школы, бо сказалі, што там усе толькі змагары. Нашых людзей, якія падтрымліваюць Аляксандра Рыгоравіча і захоўвалі за сабой права навучаць дзяцей на сямейнай адукацыі, проста пазбавілі [гэтага права].
Я вымушаная была прымацаваць сваіх дзяцей да расійскай школы, каб заставацца на сямейнай адукацыі і навучаць іх у Беларусі. Я была замежнай грамадзянкай, і ў мяне было права навучаць сваіх дзяцей у Расіі і жыць пры гэтым у Беларусі».
Вольга кажа, што беларускія грамадзяне, якія жадаюць вучыць дзяцей дома, таксама пераводзілі іх у расійскія школы, хаця першапачаткова «выхоўвалі іх любіць сваю Радзіму і свайго прэзідэнта». У іншым выпадку, кажа расіянка, гэтыя беларусы рызыкавалі застацца без дзяцей, бо дзяржава адабрала б іх. Самыя актыўныя з тых бацькоў пісалі лісты Лукашэнку, але безвынікова.

Рэч у тым, што ў Беларусі нельга перайсці на хатняе навучанне, калі проста не хочаш весці дзіця ў школу. Гэта магчыма, калі ў дзіцяці ёсць медычныя паказанні, у такім выпадку трэба атрымаць адпаведную даведку ў паліклініцы.
Іншы варыянт — навучанне па індывідуальным плане, і тут дазвол трэба атрымліваць у кіраўніцтва школы. У Кодэксе аб адукацыі прапісана дзве нагоды для такога дазволу. Напрыклад, яго могуць даць дзіцяці, якое сур’ёзна займаецца спортам, мастацтвам ці навукай, і таму яму трэба гнуткі графік. Могуць быць і іншыя істотныя прычыны, якія не далі б дзіцяці рэгулярна хадзіць у школу — напрыклад, частая адсутнасць малога па сямейных абставінах.
Бацькі накшталт Вольгі, якія маюць замежны пашпарт і адданыя ідэі вучыць дзіця дома, апынуліся ў тупіку. Таму жанчына вырашыла пераязджаць. Хутчэй за ўсё, яна перабярэцца ў Расію.
Ролік Вольгі менш за дзень набраў 48 тысяч праглядаў. У каментарах жанчына дадала, што «свет яе дзяцей і яе разбураны». А яшчэ адзначыла, як ёй шкада новых эмігрантаў з Беларусі, каго з краіны выштурхнула любоў да хатняга навучання. Хаця, здаецца, шкадаванне ў жанчыны трохі аднабокае:
«Вось таму беларускім грамадзянам і давялося з’язджаць са сваёй Радзімы. Хаця яны не былі бчбістамі».
Раней Вольга апраўдвала сваё нежаданне выкарыстоўваць слова «Беларусь»: маўляў, слова «Беларусь» у рускай мове — гэта выключэнне, якое пайшло з беларускай, а яна беларускую мову не вывучала, таму будзе казаць «Белоруссія» «па афіцыйных правілах рускай мовы».
У адным з ролікаў Вольга расказвала пра сваё стаўленне да Лукашэнкі:
«Аляксандр Рыгоравіч з вамі, з народам, носіцца, і ставіцца да вас як да сваіх дзяцей. Рэальна, дзе вы яшчэ ў свеце бачылі такога прэзідэнта?
Вось рэальна, паглядзіце відэа, як Аляксандр Рыгоравіч сябе паводзіць і трымае, калі вакол яго вельмі шмат народа. У ім так шмат гэтай бацькоўскай глыбіннай моцы, Бог яму падарыў проста агромністую здольнасць быць бацькам усяму народу, рэальна».
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары
Добрая ілюстрацыя наіўных лукашысцкіх думак, што персанальная адданасць дае нейкія правы ў безправавой дзяржаве.