Грамадства99

«Лічу, што заслужыў права выказацца». Адстаўны падпалкоўнік беларускай міліцыі вярнуў медаль і пайшоў ваяваць за Украіну

Алег Калуш — ураджэнец Полацка і падпалкоўнік міліцыі ў адстаўцы, які праслужыў больш за 25 гадоў. У 2020 годзе ён падтрымаў пратэсты ў Беларусі і вярнуў у МУС свой медаль «За бездакорную службу». А ў 2023-м-далучыўся да палка Кастуся Каліноўскага. Спярша ён не хацеў даваць інтэрв'ю, аднак праз два гады службы ва Украіне лічыць, што заслужыў права выказацца. Беларускі добраахвотнік расказаў «Люстэрку», як у свой час адмовіўся затрымліваць «палітычных», што бачыў на выбарах у розныя гады, чаму сілавікі не любілі Лукашэнку і як спецслужбы чакалі яго вяртання з Украіны ў Беларусь.

Баец Колкі са зброяй. Украіна, лістапад 2023 года. Фота: асабісты архіў

«Упершыню ў жыцці на 100% зрабіў як належыць»

Цяпер Алегу 55 гадоў. У палку Каліноўскага ён служыць з сакавіка 2023 года. Кажа, што рашэнне ісці ваяваць за Украіну прыняў з лёгкім сэрцам:

— Я пражыў досыць доўга, каб ведаць, як уладкаванае жыццё. Але ўпершыню на 100% зрабіў як належыць, як загадала сэрца. Вядома, былі асцярогі, усё ж былы міліцыянт, які праслужыў чвэрць стагоддзя сістэме. А з іншага боку — чалавек, які мае вялікі досвед, веды пра тое, як гэтая сістэма ўладкаваная і як яе перамагчы.

Пазыўны суразмоўцы — Ко́лкі. Так называецца невялікі населены пункт у Валынскай вобласці, адкуль родам яго бацька-ўкраінец. Мама ж у каліноўца беларуска. Пара пазнаёмілася ва Украіне, а пасля пераехала ў Беларусь. Алег нарадзіўся ў Полацку, у яго з гэтым горадам звязаныя амаль 50 гадоў жыцця.

На момант размовы Колкі знаходзіцца ва Украіне, дзе і цяпер жывуць многія яго сваякі.

Баец Колкі (злева) на фоне ўкраінскіх сцягоў. Украіна, Запарожская вобласць, лістапад 2024 года. Фота: асабісты архіў

Свой шлях на вайсковай службе ён апісвае проста: нядоўга ваяваў у пяхоце, паўтара года ў артылерыі — мінамёты, Д-30, гаўбіца. Цяпер яго спецыялізацыя — артылерыйская лагістыка. Аднак гаварыць пра вайну ён не імкнецца.

— У гэтай справе я ні эксперт, ні спецыяліст. У палку Каліноўскага ёсць дастаткова ваяроў, якія рабілі і, дзякуй Богу, будуць рабіць гэта нашмат больш кваліфікавана, чым я. І ваяваць, і расказваць, — лічыць мужчына.

Пры гэтым яго чапляе той факт, што беларускія ўлады лічаць каліноўцаў «тэрарыстамі і экстрэмістамі».

— Абараняць слабых, на якіх вераломна напалі і ўжо больш за тры гады штодня бамбяць мірныя гарады і вёскі, забіваюць мірных грамадзян, старых, жанчын, дзяцей, — ці ж гэта тэрарызм і экстрэмізм? — разважае ён. — Назаўжды засталося ў памяці, як 5 кастрычніка 2023 года ў выніку ракетнай атакі РФ па вёсцы Граза Харкаўскай вобласці і трапляння ў кавярню, дзе паміналі нябожчыка, загінула 59 мірных жыхароў, сярод якіх былі старыя і жанчыны. Я бачыў гэта ўсё на свае вочы, як і многія іншыя факты гібелі цывільных, разбурэння іх дамоў і кватэр.

«Памятаю пастаяннае абмеркаванне ў курылках і кабінетах яго ляпаў і ахінеі»

Алег — супрацоўнік міліцыі ў адстаўцы. 23 гады — з 1991-га да 2014-га — служыў у Полацкім аддзеле ўнутраных справаў. У розны час ён працаваў інспектарам па справах няпоўнагадовых, оперупаўнаважаным крымінальнага вышуку, следчым і старшым следчым. Пасля дарос да намесніка начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі, а потым сем гадоў кіраваў гэтым аддзелам. Суразмоўца падкрэслівае, што на гэтай пасадзе не затрымліваў людзей па «палітычных» артыкулах, а таксама не аддаў ніводнага загаду на такія затрыманні.

Алег Калуш у міліцэйскай форме. Фота: асабісты архіў

У розных званнях і статусах Калуш нёс службу на прэзідэнцкіх выбарах у 1994-м, 2001-м, 2006-м і 2010-м.

— Сумленна прайшлі толькі першыя. У 2001 годзе выбарчыя бюлетэні падмяняліся ў начны час — у тым ліку супрацоўнікамі КДБ і старшынямі камісій, — тлумачыць суразмоўца. — А на наступных выбарах патрэбныя працэнты маляваліся ўжо ўчастковымі і акруговымі камісіямі па разнарадцы Лідзіі Ярмошынай. Ведаю гэта дакладна, бо назіраў увесь працэс на свае вочы. Акрамя таго, шмат разоў размаўляў з сябрамі камісій у полацкім рэгіёне.

Прыкладна з 2001 года для міліцыі абавязковым стала датэрміновае галасаванне, успамінае Алег. Адпраўлялі «ў загадным парадку пад пагрозай дэпрэміявання», працэс кантралявалі зампаліты. Прагаласаваць датэрмінова мусілі абсалютна ўсе супрацоўнікі аддзела «і пажадана члены іх сем’яў».

— Навошта? Са зразумелай прычыны: так лягчэй фальсіфікаваць, — адзначае былы сілавік.

Сам ён кажа, што за Лукашэнку не галасаваў ні разу. Паводле яго назіранняў, пры ім у міліцыі ў цэлым было не так шмат прыхільнікаў палітыка. Некаторыя галасавалі за яго толькі ў 1994 годзе, а далей — адзінкі, «у асноўным супрацоўнікі, перад якімі маячыла перспектыва стаць вялікімі начальнікамі».

— Да 2020 года стаўленне да Лукашэнкі ў міліцыі на перыферыі было стрымана негатыўным праз пастаяннае насаджэнне ў міліцэйскую практыку мёртвых законаў, дэкрэтаў і ўказаў. Іх даводзілася ператраўліваць, а правільней сказаць, зноў жа фальсіфікаваць як самім міліцыянтам, так і іншым суб’ектам прафілактыкі. Памятаю пастаяннае абмеркаванне ў курылках і кабінетах яго ляпаў і ахінеі, якіх было не злічыць, і пародыі на гэты конт, — расказвае суразмоўца.

На перыяд яго працы прыпалі «маўклівыя» акцыі пратэсту 2011 года, калі ў Мінску і іншых гарадах людзі выходзілі на вуліцы і выказвалі сваю нязгоду з уладамі моўчкі — проста пляскаючы ці тупаючы. Суразмоўца ўспамінае, што ў Полацку такія флэшмобы таксама праходзілі — на плошчы ля выканкама:

— Перад пачаткам флэшмобаў я кожны раз асабіста звяртаўся да грамадзян і прасіў іх не парушаць грамадскі парадак. Акрамя таго, пастаянна тлумачыў інспектарскаму складу, што такія дзеянні людзей — не правапарушэнне.

Паводле суразмоўцы, самі акцыі здымалі на відэа супрацоўнікі КДБ, таксама на месцы прысутнічаў начальнік гарадскога аддзялення міліцыі — яго кіраўнік. Той загадваў затрымліваць людзей, але Калуш адмовіўся.

Выява мае ілюстрацыйны характар. «Маўклівая» акцыя пратэсту ў Мінску, 8 чэрвеня 2011 года. Фота: TUT.BY

— Я яму сказаў канкрэтна: я ў гэтай х*рні, калі будуць пляскаць-тупаць, нікога затрымліваць не буду. Хочаш — калі ласка. Ідзі, аддавай загады, на сябе гэта бяры. У цябе кар’ерны рост, а мне гэта нафіг не трэба, я на пенсію збіраюся. У мяне ўжо было 20 гадоў выслугі, я мог спакойна сыходзіць, — тлумачыць мужчына.

У выніку, паводле Алега, на «маўклівых пратэстах» у Полацку затрымалі ўсяго некалькі чалавек. Вусны загад на затрыманне аднаго хлопца старшаму інспектару аддаў непасрэдна начальнік міліцыі. А маладых людзей, якія пілі ў парку ваду з піўных бутэлек, затрымалі «па інфармацыі КДБ». Начальнік міліцыі пасля растлумачыў, што гэта была правакацыя, скіраваная на сілавікоў.

Калуш з іроніяй разважае: можа быць дзіўна, што з такой пазіцыяй ён сем гадоў «пратрымаўся» ў кіраўніцтве гарадской міліцыі. Паводле яго, у той час на перыферыі выпадкі «змагарства» былі адзінкавымі, а кіраўніцтва мясцовых АУС і КДБ працавала па схеме «чым цішэй, тым лепш».

У самой службе, успамінае ён, было мноства непрывабных момантаў. Прафілактыка часта была фікцыяй, а паказчыкі фальсіфікавалі для справаздачнасці.

— Я прайшоў усе асноўныя службы ў міліцыі. І сцвярджаю, што ў маю бытнасць (а цяпер — тым больш) праца міліцыі — гэта на дзве траціны самакатаванне і сізіфава праца, — кажа ён. — Карысць насельніцтву ад яе з кожным годам змяншаецца, а з 2020-га — прыносіць усё больш шкоды. Гэта было зроблена адназначна: па-першае, каб замбаваць супрацоўнікаў міліцыі, па-другое — каб у іх не засталося ні сіл, ні жадання ўнікаць у сутнасць праблем.

Выява мае ілюстрацыйны характар. Міліцэйскія пагоны. Фота: УУС Мінаблвыканкама

У 2014 годзе Алег выйшаў на пенсію па выслузе гадоў (на гэта маюць права супрацоўнікі органаў унутраных справаў са стажам службы 20 гадоў і больш). Звальняўся ў званні падпалкоўніка.

— Вядома, я лічу сябе дзейным афіцэрам, — расказвае суразмоўца. — Гэта маё жыццё. Я акрамя раскрыцця і прафілактыкі [злачынстваў] не займаўся нічым. Што мне, гэта ўсё перакрэсліць? Як бы там сітуацыя ні складвалася, да 2020 года і тым больш у пачатку незалежнай Беларусі было дастаткова шмат сумленных міліцыянтаў, якія потым з вядомых прычынаў звольніліся.

«Не мог даць радасці затрымаць мяне»

Пасля адстаўкі Калуш пераехаў у Мінск і знайшоў працу ў камерцыйнай сферы. Да пачатку пратэстаў 2020 года ён ужо шэсць гадоў быў пенсіянерам МУС. Пратэсты ўспрыняў з вялікім натхненнем — асабліва яго ўразілі «дваровыя» акцыі ў ягоным раёне Пярэспа.

— Калі першы раз у двары ўбачыў, як збіраюцца і камунікуюць людзі і за поўнач не разыходзяцца, гучыць музыка, прыносяцца пачастункі — аж пазайздросціў белай зайздрасцю. Падумаў: мабыць, даўно знаёмыя, сябруюць… Аказалася, што згуртаваў людзей толькі жнівень 2020-га, — кажа ён.

Мужчына з цяплом успамінае, як людзі розных узростаў і прафесій збіраліся ў двары, разам хадзілі на пратэсныя маршы, пакуль гэта не стала занадта небяспечна. А яшчэ «ваявалі» са службамі ЖКГ за БЧБ-сэрцы на агароджы, фарбавалі лаўкі, ляпілі «пратэсных» снегавікоў і пісалі на снезе чырвонай фарбай «Жыве Беларусь». Ён успамінае велізарны сцяг, які расцягнулі ў іх раёне. А яшчэ адзначае адважных «дзяўчат з «Пярэспы»», якія паспявалі і хадзіць на акцыі, і валанцёрыць, і арганізоўваць актыўнасці ў двары.

Дарэчы, самога Алега за ўвесь час удзелу ў акцыях ні разу не затрымалі.

— Дасканала ведаючы, як працуе сістэма, і маючы добрую фізічную падрыхтоўку, я своечасова ўнікаў затрыманняў. Хоць пару разоў, лічу, мне проста пашанцавала. На пратэсце ў раёне парку Шаўчэнкі я пераскочыў праз тры агароджы дзіцячага садка і толькі тады адарваўся ад пераследвальнікаў. Ну і, шчыра кажучы, не мог я даць радасці затрымаць мяне, гэта было б верхам непрафесіяналізму, — лічыць былы міліцыянт.

Алег Калуш на пратэсным маршы. Мінск, 2020. Фота: асабісты архіў

У 2020-м былы супрацоўнік органаў быў сведкам шматлікіх парушэнняў з боку міліцыі — незаконных затрыманняў і беспрычыннага гвалту. Кажа, «сапраўды, за прафесію крыўдна». Сілавікоў, якія ішлі супраць закона, ён не лічыць калегамі. Ён называе іх «карнікамі».

— Злачынцы ў пагонах сваімі быць не могуць. Яшчэ ў пачатку пратэстаў мне рэзала слых і было вельмі непрыемна чуць непрыемныя выказванні пра міліцыю ў цэлым, — успамінае суразмоўца. — Але з часам, назіраючы жудасныя карціны збіцця падлеткаў, затрымання жанчын і пажылых людзей, знаходзячыся з іншага боку, я памяняў меркаванне. Не лічу гэтых людзей у пагонах міліцыянерамі. Для мяне яны назаўсёды застануцца злачынцамі, якія здрадзілі сваёй прысязе служыць народу.

20 жніўня 2020 года Алег заказным лістом адправіў у МУС сваю міліцэйскую ўзнагароду — медаль «За бездакорную службу».

— Зрабіў гэта з прычыны таго, што адразу 300 карнікаў свайго народа пасля першых дзён пратэстаў былі ўзнагароджаныя дакладна такім самым медалём. У лісце я растлумачыў, што цяпер гэты медаль ні да якай бездакорнай службы дачынення не мае, — апісвае былы сілавік.

Медаль «За бездакорную службу» і пасведчанне да яго, якія Алег Калуш вярнуў у МУС у жніўні 2020-га. Фота: асабісты архіў

Мужчына быў на акцыі памяці Рамана Бандарэнкі на «Плошчы перамен» у лістападзе 2020-га. Яшчэ на падыходах да плошчы ён перакінуўся парай фразаў з супрацоўнікамі ДАІ, якія там дзяжурылі.

— Спытаў першага маёра: «Скажы, а фашысты дзе?» Ён моўчкі развёў рукамі. А на другім пасту такі ж маёр вінавата адказаў: «Мы тут». Маючы на ўвазе, што да затрыманняў і збіванняў яны з напарнікам не маюць ніякага дачынення, — расказвае Алег.

Экс-сілавік апісвае, як падчас пратэстаў неаднаразова прыязджаў у Полацк, сустракаўся са сваімі былымі калегамі і падначаленымі.

— Кожны раз, апусціўшы вочы, яны, апраўдваючыся, казалі словы абурэння і асуджэння дзеянняў сілавікоў у Мінску, — сцвярджае суразмоўца. — Таксама хлопцы расказалі, што на пратэстах у Наваполацку акрамя абласнога АМАПа ў затрыманнях і збіцці «змагароў» бралі ўдзел пераапранутыя ў форму беларускіх міліцыянтаў расіяне, якія і вылучаліся асаблівай жорсткасцю. Пазней я даведаўся, што і ў абласных цэнтрах, і сталіцы адбывалася тое ж самае. 

Што пра гэта вядома?

На гэты момант няма пацверджаных фактаў таго, што расійскія сілавікі ўдзельнічалі ў рэпрэсіях беларусаў — мірных пратэстоўцаў. Таксама афіцыйных заяваў пра гэта ні з боку Беларусі, ні з боку Расіі не было.

Нагадаем, 27 жніўня 2020-га прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін паведаміў, што сфармаваў на просьбу Аляксандра Лукашэнкі рэзервы з супрацоўнікаў праваахоўных органаў, якія дапамогуць Беларусі «пры неабходнасці». Са словаў расійскага прэзідэнта, яны дамовіліся, што рэзервы «не будуць выкарыстаныя, пакуль сітуацыя не будзе выходзіць з-пад кантролю». 14 верасня расійскія праўладныя СМІ распаўсюдзілі відэа таго, як Расія «здымае рэзервы сілавікоў, створаныя ля межаў з Беларуссю».

У кастрычніку 2020-га ў сацсетках з’явіліся фота і відэа вайсковай тэхнікі, падобнай да расійскай, якая ехала па Віцебску. У Мінабароны Беларусі тады тлумачылі, што тэхніка ўдзельнічала ў вучэннях АДКБ «Непарушнае братэрства — 2020». Таксама ў сацсетках абмяркоўвалі фота амапаўцаў з нашыўкамі ў колерах сцяга Дагестана, якія затрымлівалі людзей у Мінску. Пасля адзін з сілавікоў казаў, што нашыўка — не сцяг, а святлоадбівальны элемент.

Мужчына расказвае, што ў пачатку 2021 года «перайшоў на падпольную дзейнасць», дэталяў якой не раскрывае.

— Без фальшывай сціпласці скажу, што здзейсніў пару-тройку крымінальных злачынстваў у дачыненні да рэжыму (крымінальныя яны толькі ў яго разуменні). На самай справе лічу правядзенне пратэсных акцый неабходнай і карыснай справай для дасягнення нашай агульнай перамогі, — кажа ён.

Алег Калуш у міліцэйскай форме на фоне БЧБ-сцяга. Фота: асабісты архіў

Таксама ён заняўся творчасцю. Апублікаваў анлайн-цыкл натхнёных палітычнымі падзеямі вершаў — ад «Жыве Беларусь!!!» і «Август 2020» да Nullum bellum і «Правители, вершители…». З 2015 года ён піша гістарычна-сатырычную паэму, заснаваную на «перлах» Лукашэнкі. Тэксты ён размяшчае на сайтах Stihi.ru і Poezia.ru, адкуль іх часам выдаляюць пасля палітычных скаргаў. Хаця многія аўтары з Расіі, Беларусі і Украіны яго падтрымліваюць. Паводле яго, за апошнія дзесяць гадоў пісанне стала для яго важнай справай.

Дарэчы, паводле Алега, у родным Полацку многія міліцыянты чыталі яго вершы. Бачылі іх і «хлопцы з выканкама, Следчага камітэта, суда і пракуратуры».

— Пры сустрэчы дзякавалі мне за праўду, — успамінае суразмоўца. — І прашу заўважыць, ніхто з іх мяне не выдаў. А калі надышоў цяжкі час — своечасова папярэдзілі пра магчымае затрыманне.

«Абвясцілі пярэваратнем у пагонах»

У сярэдзіне 2021 года падпалкоўнік у адстаўцы з’ехаў з Беларусі ў Польшчу. Там ён таксама ўдзельнічаў у пікетах у падтрымку палітвязняў і акцыях у падтрымку Украіны, а пасля далучыўся да палка Каліноўскага. Але на радзіме не перасталі ім цікавіцца.

— Яшчэ ў пачатку 2023 года мне паведамілі, што ў Полацкім РАУС супрацоўнікі спецслужбаў апытвалі былых таварышаў па службе. Высвятлялі сувязі і што вядома пра мой лёс, — кажа Алег. — А праз некалькі дзён правялі сход, абвясціўшы мяне «пярэваратнем у пагонах» і «ворагам народа». Праўда, пасля сходу ў курылцы хлопцы назвалі мяне мужчынам, а сёй-той сказаў, што ганарыцца, што служыў са мной побач.

Мужчына кажа, што спачатку «шыфраваўся» — не раскрываў публічна таго факта, што ваюе на баку Украіны. Аднак ён лічыць, што ў беларускіх спецслужбаў у нейкі момант гэтая інфармацыя з’явілася. Праўда, да актыўных дзеянняў яны перайшлі далёка не адразу.

Добраахвотнік Колкі з пабрацімамі з палка Каліноўскага. Фота: асабісты архіў

Да лета 2024 года міліцыянт у адстаўцы працягваў атрымліваць вельмі прыстойную міліцэйскую пенсію — амаль 500 даляраў.

— Лічу гэта нават не халатнасцю, а хутчэй нават злым намерам з боку службовых асобаў спецслужбаў, — іранізуе суразмоўца.

Аднак у ліпені таго ж года тэрмін дзеяння пенсійнай карткі скончыўся. Пасля скончыўся і ягоны беларускі пашпарт. Атрымаць новыя картку і пашпарт можна, толькі асабіста прысутнічаючы ў краіне. Алег лічыць, што спецслужбы чакалі, калі ён вернецца. Але ён не прыехаў.

— Не інакш чакалі мяне… Калі ўсе тэрміны выйшлі — з’явіліся не запыліліся, — апісвае суразмоўца і адразу звяртаецца да людзей у пагонах: — Хачу супакоіць прадстаўнікоў сілавога блока РБ: пры адсутнасці пашпарта ў мяне ёсць доўгатэрміновыя дакументы, якія даюць права бесперашкодна ўязджаць і жыць у краінах Еўрапейскага саюза, чым я ў адпачынку перыядычна карыстаюся нават падчас вайны. Падарожнічаю па Еўропе, атрымліваючы асалоду ад жыцця і зносін у кампаніі свабодных людзей, як прыстойны пенсіянер! А вы, прадстаўнікі сілавога блока, можаце сабе такое дазволіць?

Калі стала ясна, што Алег у Беларусь не збіраецца, спецслужбы паспрабавалі выйсці з ім на сувязь праз ягоную маму. Цяпер жанчыне 91 год.

— Раніцай 7 лютага [2025 года] з мабільнага тэлефона маці мне патэлефанавалі. Той, хто тэлефанаваў, прадставіўся супрацоўнікам сілавога блока. Размаўляць я не стаў, — кажа суразмоўца. — Прачытаў толькі некалькі СМС пра тое, што з мамай усё добра і я мушу прыняць правільнае рашэнне. З апошнім я пагадзіўся і адключыў тэлефон.

Ужо вясной гэтага года на Калуша завялі крымінальную справу: выклікалі сваякоў, правялі ператрус у маці дома і ў яго на лецішчы, але, кажа Алег, нічога не знайшлі. Па якім дакладна артыкуле справа — суразмоўца не ведае: «Экстрэмізм, тэрарызм, у іх адзін артыкул».

Дарэчы, менавіта жаданне не хваляваць маму было для Алега адной з прычын заставацца ў цені. Жанчына дагэтуль не ведае, што яе сын ваюе на баку Украіны. Доўгія гады яна падтрымлівае Лукашэнку і Пуціна.

— Яшчэ ў 60-я гады яна вучылася ў інстытуце ў Белай Царкве пад Кіевам. І тады тут усе гэтыя байкі хадзілі пра «бандэраўцаў», — успамінае мужчына. — Яна выпісвае газету «Советская Белоруссия», глядзіць тэлевізар. Дагэтуль ёй не даказаць, што чалавек — злачынец, народ рэпрэсаваны, тысячы сядзяць ні за што па палітычных матывах, 500 тысяч беларусаў з’ехалі хто куды. Яна гэта слухаць не хоча. Я ёй гэта ўжо даўным-даўно не тлумачу. Яна кажа, што атрымлівае добрую пенсію, ёй на ўсё хапае. На гэтым мы спыняемся, размаўляючы. Галоўнае для мяне — што яна жывая, што пра яе клапоцяцца. Кантакт падтрымліваем, усё ж гэта мая маці.

«Калі грошай не будзе — яго проста на сподачку прынясуць і аддадуць»

Былы міліцэйскі начальнік не лічыў, што мае права публічна выказвацца адразу пасля пачатку службы ў палку. Але цяпер лічыць важным гэта зрабіць.

— Уявіце сітуацыю, пры якой экс-міліцыянт, толькі прыйшоўшы ў ПКК, адразу ж пачне раздаваць інтэрв'ю… Што б сказалі на гэта ваяры? Дакладна нічога добрага, — разважае ён. — А цяпер, калі мінула больш за два гады на вайне, дзе я роўна дзяліў з пабрацімамі не толькі небяспеку, нягоды і страты, але часам і маленькія радасці жыцця, а таксама эмоцыі ад добра выкананай працы, лічу, што заслужыў права выказацца.

На думку былога сілавіка, дзеянні Лукашэнкі і яго атачэння падпадаюць пад самыя цяжкія артыкулы КК Беларусі, за якія прадугледжанае смяротнае пакаранне: падрыхтоўка альбо вядзенне агрэсіўнай вайны, прапаганда вайны, генацыд, злачынствы супраць бяспекі чалавецтва, забойствы, стварэнне злачыннай арганізацыі і ўдзел у ёй, здрада дзяржаве, акты тэрарызму і г. д.

— Ці нехта яшчэ сумняваецца, што гэта не справа рук суб’екта, які наскірдаваў гару трупаў?! — кажа суразмоўца. — Прашу заўважыць, што з вялікага мноства цяжкіх злачынстваў рэжыму ў дачыненні да Беларусі і беларусаў (па некаторых з якіх нават заводзіліся крымінальныя справы) за 30 з лішнім гадоў не раскрыта ніводнага злачынства. Адпаведна, вінаватыя дагэтуль не прыцягнутыя да адказнасці… Як, зрэшты, і ў РФ. Цікава, чаму? Але гэта пытанне рытарычнае.

Суразмоўца ўпэўнены: беларускі рэжым абрынецца. Ён лічыць, што нават у сілавых структурах хапае прыстойных людзей, якія хочуць даведацца праўду пра знікненне генерала Захаранкі (экс-міністр унутраных справаў Беларусі Юрый Захаранка, які знік у 1999 годзе пры загадкавых абставінах. — Заўв. рэд.) і іншых злачынствах людзей ва ўладзе.

Алег Калуш заклікае сумленных афіцэраў далучацца да палка Каліноўскага. Аднак сам пры гэтым невысока ацэньвае імавернасць сцэнара, пры якім вайскоўцы «вернуцца ў Беларусь са зброяй».

— Нічога немагчымага няма. Але на гэты момант такі сцэнар, шчыра скажу, малаімаверны. Маё меркаванне: усё складзецца як належыць, не з дапамогай «аўтаматаў» і «гармат», а эканамічна, — разважае ён. — Як у свой час разваліўся СССР, так будзе і цяпер. Пуцінская Расія так ці інакш нясе вялікія страты, працягваючы агрэсіўную вайну. Адпаведна, фінансавая дапамога рэжыму Лукашэнкі чым далей, тым больш скарачаецца. А калі яна зусім вычарпаецца і Лукашэнка не зможа плаціць сілавому блоку і сваім прыхвасням, яны самі прынясуць яго на сподачку і аддадуць. У гісторыі так было заўсёды, не бачу ніводнай прычыны, чаму гэта не адбудзецца цяпер. Таму так важныя санкцыі, санкцыі, санкцыі. І не для галачкі, а дзейсныя.

Ці вернецца сам Алег у Беларусь? Кажа, пакуль складана сказаць.

— Ведаеце, кожны дзень на вайне «прыбівае» псіхіку. Пра гэта мала думаеш. Думаеш толькі пра «хлеб надзённы», як захаваць жыццё. І пра самых блізкіх. Мне вельмі хацелася б вярнуцца. Часам сніцца, як я вяртаюся туды, у свой горад, — уздыхае ён. — Малаімаверна. Прынамсі, найбліжэйшым часам. Ілюзій у мяне няма.

Каментары9

  • фул
    18.06.2025
    респект!
  • Берасць
    18.06.2025
    Чалавек!
  • даведка
    18.06.2025
    [Рэд. выдалена]

Цяпер чытаюць

Трамп ухваліў план атакі на Іран, але пакуль устрымліваецца ад загаду

Трамп ухваліў план атакі на Іран, але пакуль устрымліваецца ад загаду

Усе навіны →
Усе навіны

У ЗША дактары адключылі ад апарата 31-гадовую амерыканку — яна нарадзіла ў коме3

Ад іранскага ракетнага ўдару ў Ізраілі загінула сям'я з Украіны, якая прыехала лячыць сямігадовую дачку ад лейкеміі2

Фардо — галоўны ядзерны аб’ект Ірана. Што пра яго вядома?5

На Камароўцы з'явіліся першыя чарніцы

Гомельскі бізнэсовец-лукашыст, які ваюе за Сталіна, напісаў данос сам на сябе4

18-гадовай мінчанцы падалося, што на яе напалі, вывезлі ў лес і адабралі грошы1

У Беларусі вырашылі не забараняць вэйпы — бо на іх ёсць «пэўны спажывецкі попыт»1

У Берліне паказалі оперу пра ПВК «Вагнер». У пастаноўцы ўдзельнічае і беларуская спявачка2

У Мінску паставілі бронзавы помнік качцы, якая летась стала любіміцай сталіцы2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Трамп ухваліў план атакі на Іран, але пакуль устрымліваецца ад загаду

Трамп ухваліў план атакі на Іран, але пакуль устрымліваецца ад загаду

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць