Заснавальнік канала «Краіна для жыцця» Сяргей Ціханоўскі правёў за кратамі больш за пяць гадоў.

Сяргей Ціханоўскі выйшаў на волю 20 чэрвеня 2025 года. Гэта стала магчымым у выніку візіту ў Мінск спецпрадстаўніка прэзідэнта ЗША Дональда Трампа Кіта Келога. Былы палітвязень выехаў з Беларусі.

Сяргею Ціханоўскаму 46 гадоў. Ён нарадзіўся ў Горках, а вырас у Гомелі, дзе скончыў філалагічны факультэт мясцовага ўніверсітэта. Потым ён заняўся бізнэсам. Ладзіў канцэрты, адкрываў начныя клубы ў Мазыры і Гомелі, валодаў сеткай салонаў сотавай сувязі і відэастудыяй, што здымала рэкламу для папулярных брэндаў.
У 2019 годзе Ціханоўскі стварыў канал «Краіна для жыцця», каб, як ён сам казаў, змагацца з бязмежжам чыноўнікаў. Менш чым за год канал стаў адным з самых папулярных у беларускім Youtube.
Блогер актыўна ездзіў па рэгіёнах, сустракаўся з падпісчыкамі і проста мясцовымі жыхарамі, браў у іх інтэрв'ю. Людзі распавядалі Сяргею аб сваіх праблемах, часта крытыкавалі чыноўнікаў і ўлады.
Сяргей Ціханоўскі стаў адной з ключавых фігур драматычных падзей 2020 года. Адзін з самых папулярных палітычных блогераў краіны вырашыў балатавацца ў прэзідэнты, аднак перад самым пачаткам выбарчай кампаніі яго арыштавалі, і ён не змог падаць дакументы. У выніку кандыдаткай стала ягоная жонка Святлана Ціханоўская, а Сяргей пасля арышту уключыўся ў кампанію ў якасці кіраўніка яе штаба і даверанай асобы. Пікеты ў падтрымку Ціханоўскай збіралі небывалую колькасць людзей па ўсёй краіне.
29 мая 2020 года на легальным перадвыбарчым пікеце ў Гродне Ціханоўскага затрымалі пасля правакацыі сілавікоў.
Праз два месяцы Лукашэнка публічна заявіў, што Ціханоўскага затрымалі па яго распараджэнні. Ён абвінаваціў Сяргея ў тым, што той спрабаваў арганізаваць у Беларусі Майдан.
Улады жорстка пакаралі Ціханоўскага за тое, што яму ўдалося змабілізаваць простых людзей да палітычнай актыўнасці. Сяргея судзілі ў закрытым рэжыме проста ў гомельскім СІЗА. У снежні 2021 года яму прысудзілі 18 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму па чатырох палітычных артыкулах — ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў), ч. 3 арт. 130 (распальванне сацыяльнай варожасці), ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК), ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Пазней яму дадалі яшчэ паўтара года за нібыта злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі. Прызнаваць віну Сяргей катэгарычна адмовіўся.
Ціханоўскага трымалі ў поўнай ізаляцыі ад свету. Больш за два гады пра яго не было ніякай інфармацыі. На волі за мяжой яго чакалі сын Карней і дачка Агнія. І жонка Святлана Ціханоўская.
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары
Што там з удзельніккмі форума нягеглікаў, ці троху супакоіліся?