Грамадства2222

«Мы не ведалі Сяргея Ціханоўскага да сённяшняй прэс-канферэнцыі»

У сацыяльных сетках людзі бурна дзеляцца сваімі ўражаннямі ад прэс-канферэнцыі Сяргея Ціханоўскага, робяць высновы і прагнозы.

Сяргей і Святлана Ціханоўскія падчас прэс-канферэнцыі 22 чэрвеня 2025 года. Фота: Наша Ніва

Паэтка Сабіна Брыло на сваёй старонцы ў фэйсбуку пакінула кароткі метафарычны каментар:

«Як быцам у чорнай завесе нейкая прарэха з'явілася, і адтуль сапраўднае, жывое святло».

Прадстаўнік аб'яднання былых сілавікоў «Белпол» Уладзімір Жыгар пакінуў кароткі каментар: «Ціханоўскі! Дакладна і па факце!»

Дырэктарка «Нашай Нівы» і аўтарка ютуб-праекта ТОК Наста Роўда заўважае:

«Мы не ведалі Сяргея Ціханоўскага да сённяшняй прэс-канферэнцыі. Чалавек — глыба. Моцны, не зламаны. З глыбокімі перакананнямі. Зараджаны. Ягоныя слёзы — больш за любыя словы. Гэта не слабасць — гэта моц. Поўныя павагі і захаплення словы пра Святлану гавораць і пра самога Сяргея. Як і пра Зяленскага.

Я не разумею допісаў пра тое, што не трэба зараз размаўляць з палітвязнямі. Што не час, што яны не ў тым стане, што трэба эмоцыям даць час астыць. Не, акурат зараз трэба гаварыць. Сяргей пяць гадоў размаўляў са сценамі — і вось нарэшце ён можа размаўляць з тысячамі ці нават мільёнамі.

На нашых палітвязняў цяпер глядзіць увесь свет — і захапляецца іх годнасцю, нязломнасцю і стрыжнем. І плача разам з Сяргеем, калі чуе праўду пра лукашэнкаўскую турму.

Сёння мы ўпершыню даведаліся, што насамрэч хаваецца за словам «інкамунікада». І праз што працягваюць праходзіць іншыя вязні. Я рада, што сёння была там. Гэта застанецца ў гісторыі».

Рэжысёр Мікалай Халезін згаджаецца, што некаторым было цяжка слухаць Сяргея праз яго эмацыйны стан, але не лічыць яго з’яўленне на публіцы заўчасным.

Халезін упэўнены, што і сам Ціханоўскі, і Святлана Ціханоўская ўсведамлялі рызыкі, але свядома пайшлі на гэты крок, і гэта было правільна.

На думку Халезіна, у выступе Ціханоўскага важна не «гладкасць», а прысутнасць сапраўднага, жывога чалавека. Эмацыйнасць, слёзы, нават гумар у цяжкі момант — усё гэта стварыла кантраст з «драўлянымі салдатамі» лукашэнкаўскай сістэмы. 

Халезін асобна падкрэслівае, што Ціханоўскі правёў пяць гадоў у поўнай ізаляцыі. І таму яму было важна не проста выказацца, а пачуць свой голас у публічнай прасторы, «і пачуць яго проста цяпер».

«Наўрад ці кожны з нас у стане паўнавартасна ўсвядоміць гэта. І дай нам божа ніколі не перажыць таго, што перажыў ён за гэтыя бясконцыя пяць гадоў», — піша Халезін.

Рэжысёр адзначае, што многія ўжо абмяркоўваюць магчымыя супярэчнасці паміж Сяргеем, Святланай і Офісам, а таксама патэнцыйныя палітычныя амбіцыі Ціханоўскага.

«Абмяркоўваюць, усведамляючы вельмі няпростую драматургічную кампазіцыю, якая ўзнікла вакол гэтай, абранай лёсам, сям'і.

Сапраўды, гісторыя, годная кінаэкрана ці літаратурнай сагі. Але пакуль рана казаць пра тое, чаго можа і не адбыцца: людзі мяняюцца, развіваюцца, усведамляюць новую рэальнасць, і, магчыма, усе гэтыя асцярогі марныя.

А пакуль трэба чалавеку, які перажыў сваё персанальнае пекла, даць магчымасць выгрузіць з сябе той нясцерпны боль, які ў ім назапасіўся. А наша задача, па магчымасці дапамагчы яму, хаця б проста выслухаўшы», — піша Мікалай Халезін.

Журналістка Любоў Лунёва ўпэўнена, што разам з Ціханоўскім плакалі «зусім не адзінкі» тых, хто глядзеў прэс-канферэнцыю.

«Тое, як Ціханоўскі адказваў на пытанні, стварыла абстаноўку кухні, дзе адзін чалавек расказвае толькі блізкім людзям тое, што не раскажа недзе ў іншым месцы афіцыйна. Не проста суха пра факты беззаконня і бесчалавечнасці, а вось так.

Гэтую прэс-канферэнцыю трэба паказваць тым, хто не мае ўяўлення аб тым, што такое «жорсткі рэжым». А ў такіх умовах знаходзяцца сотні чалавек».

Былая палітзняволеная Вольга Такарчук адзначае: «Калі б 5 гадоў таму не з'явіўся такі вось Ціханоўскі, хутчэй за ўсё не было б блогеркі Волі Такарчук».

Яна лічыць, што эмацыянальнасць Ціханоўскага на прэс-канферэнцыі цалкам апраўданая:

«Па-іншаму не магло быць!!! Праз слёзы і эмоцыі ён выплюхваў з сябе ўсё тое дзярмо, боль, страхі, крыўды, якія сядзелі ў ім усе гэтыя 5 гадоў. Давайце не забываць, што ў першую чаргу ён жывы чалавек (дзякуй богу, што ЖЫВЫ), які прайшоў праз пекла, але застаўся верны сабе і сваім прынцыпам. Ці шмат такіх??? Жыццё пакажа. Жыццё яшчэ шмат чаго нам пакажа».

Падобнага меркавання прытрымліваецца і рэжысёрка з Гомеля Марыя Булавінская:

«Пасля прэсухі Ціханоўскага зайшла ў фб і пабачыла шмат сумневаў: «Не трэба было ладзіць, ён жа яшчэ не адышоў ад турмы». Трэба было! Ён быў яшчэ больш харызматычны, чым яго ведалі раней. Гэта было вельмі эмацыйна і шчыра. Навошта хаваць гэта? Я пад уражаннем. Тое, чаго ўсе даўно чакалі, пачало здзяйсняцца.

Былая палітзняволеная, рэдактарка тэлеграм-канала «Мая краіна Беларусь!» Ірына Шчасная адзначае, што для яе Сяргей Ціханоўскі на прэс-канферэнцыі стварыў уражанне «чалавека з хрыбтом»:

«Павага. Сумленне. Шчырасць — без напускнога пафасу, без гульні на камеру. Проста — сапраўдны».

Журналістка Юлія Міцкевіч у сваю чаргу расказала, што прэс-канферэнцыю вызваленых палітвязняў, якая працягвалася 2 гадзіны, глядзела амаль пяць гадзін, «ставіла на паўзу, адыходзіла ад камп'ютара, глыбока дыхала, плакала».

«Кожная такая падзея — шчасце. Кожная такая падзея — шчасце. Кожны дзень без — боль за ўсіх, хто застаецца ў бесчалавечных умовах і катаваннях у беларускіх турмах. З негаснучай надзеяй на хуткія змены».

Галоўная рэдактарка «Белсата» Аліна Коўшык напісала коратка:

«Я хачу запомніць гэты дзень, дзень, які падарыў нам надзею зноў» і размясціла поўнае эмоцый фота Сяргея і Святланы Ціханоўскіх.

Саўладальніца KYKY.org Саша Раманава адзначае:

«Здаецца, толькі сёння падчас канфы я зразумела, чаму гэтая жанчына пяць гадоў таму пайшла замест яго кандыдаткай у прэзідэнты, каб тое, у што ён верыў, не было намарна. Ён вельмі яскравы чалавек. Добра, што яны нарэшце разам. Боль за тое, што іншыя — пакуль не».

Валерыя Баравец у сваю чаргу рэзка выказваецца пра «моцных мужчын» і крытыкуе меркаванне былога палітвязня Сяргея Коршуна:

«Часам чалавечая бестактоўнасць і недарэчнасць можа набываць такія катастрафічныя формы, што збівае з ног. Вось убачыла я гэта, навошта, і не ведаю, я проста не магу паверыць, што чалавек (чалавек!) можа такое вымавіць і не запнуцца. І не пасаромецца».

Баравец прызнаецца, што ў 2020-м ставілася да Ціханоўскага «холадна, і (…) з асцярогай», думала: «хто заўгодна, толькі не ён». Яе пужаў вобраз «мужлана» і «мача».

Цяпер, праз пяць гадоў, як піша жанчына, яна бачыць «чалавека, які плача і кажа: «мы таксама людзі» і плача разам з ім.

«Для мяне заўсёды самым страшным сном быў і будзе чалавек ва ўладзе, няхай нават невялікай улады, у каго не будзе ў сэрцы гэтага ляманту «мы — людзі!», хто не будзе гэтага разумець адразу ж, у першую чаргу.

Мы людзі, і толькі таму што мы людзі — мы вартыя жыць па-людску. Мы людзі, і таму мы павінны паводзіць сябе па-людску. Мы людзі, і мы абавязаны, абавязаны любіць адзін аднаго, любіць іншых, таму што яны таксама — людзі», — дзеліцца сваімі думкамі жанчына.

Аўтарка рэзка крытыкуе мужчын, якія прыхоўваюць эмоцыі, ганарацца тым, што «не плачуць», і лічаць гэта прыкметай сілы. Наадварот, у здушэнні эмоцый ў сабе — карані дэпрэсій, суіцыдаў, душэўнай адзіноты, а таксама хатняга гвалту, — піша Валерыя Баравец. — Дайце нашым дзецям бацькоў, якія разравуцца пры ўсіх і зараз ад адной толькі думкі, што дзеці могуць іх не пазнаць! З чалавечымі эмоцыямі», — заклікае Баравец.

Былая дырэктарка «Белсату» Агнешка Рамашэўская іранізуе з тых сваіх былых калег, хто лічыць памылкай праводзіць прэс-канферэнцыю, калі Сяргей Ціханоўскі яшчэ не аднавіўся пасля вызвалення.

«Ой, супакойцеся. Ён перажыў і горшае — і выжыў», — піша Рамашэўская.

На яе погляд, «вельмі цікава, як ён знойдзе свой шлях у выгнанні, у прыдворнай камарыльі, што цяпер атачае яго жонку, якая за гэты час ператварылася з хатняй гаспадыні ў лідарку беларускай апазіцыі».

«Прагнозы могуць быць розныя, але пасля прагляду прэс-канферэнцыі я, хутчэй, аптымістка. Сяргей, як мне здаецца, зноў зойме дамінуючую ролю ў гэтай пары, пры гэтым ніякім чынам фармальна не парушыўшы пазіцыі Святланы. А яна, на мой погляд, пагодзіцца на такі расклад, бо ён быў і застаецца для іх натуральным», — заўважае Рамашэўская.

Акрамя жанчын сваімі ўражаннямі падзяліліся і мужчыны.

Сузаснавальнік і кіраўнік дабрачыннага фонду BYSOL Андрэй Стрыжак лічыць, што падобныя канферэнцыі неабходна праводзіць, каб «усе разумелі што хаваецца за словамі «інкамунікада», «жорсткае абыходжанне» і г.д.»

«Эмоцыі і слёзы і расказ пра катаванні праз уласны досвед — гэта халодны душ для грамадства, дзе шмат хто супакоіўся і абклаўся дзяжурнымі фразамі. (…) Эмпатыя і суперажыванне — гэта рэакцыя на гора іншага чалавека, яны ўзнікаюць калі ты сам чуеш і бачыш што перажыў чалавек. Велічэзная павага ўдзельнікам і ўдзельніцы прэс-канферэнцыі за шчырасць і адкрытасць».

Праваслаўнага святара Аляксандра Шрамко эмоцыі Ціханоўскага натхняюць, бо яны рэальныя, людскія і зразумелыя кожнаму:

«Мы наеліся «правільных» і вытрыманых прамоў і слоў, з якімі здаецца і згодзен, але якія ўжо не чапаюць. А тут перад намі жывы чалавек, з бурай шчырых эмоцый і перажыванняў, з усёй яго далікатнай чалавечнасцю, але пры гэтым не зламаны, гатовы да далейшай барацьбы. І гэта якраз і натхняе. Таму што ўсе мы чалавекі, і, што граху ўтойваць, часта апраўдваем бяздзейнасць сваёй слабасцю».

Ціханоўскі, па словах аўтара, не прэтэндуе на лідарства ў палітычным сэнсе, а бачыць сябе як голас, натхняльнік, блогер. Ён прама кажа: «Я звычайны чалавек, як і кожны з вас, таму дзейнічайце, вы зможаце, я ж змог».

Аўтар параўноўвае гэта з феноменам Святланы Ціханоўскай: «Яна не класічны лідар правадырскага кшталту. Яна таксама не раз выяўляла слабасць, але тым самым і чалавечнасць, і парадаксальным чынам таму ёй і даверылася большасць беларусаў у 20-м годзе. Не яна нас павяла, а мы вылучылі яе як сімвал, як бы бачачы ў ёй сябе з усімі ўласцівымі нам слабасцямі».

У канцы аўтар заўважае, што беларусы, відаць, сталі мудрэйшымі ў выбары лідара:

«І ведаеце, гэта натхняе верыць і ўвогуле ў беларускі народ, калі ён здольны вылучаць такіх лідараў, а не пакорліва і зачаравана цягнуцца за жалезабетоннымі правадырамі, схільнымі ператварацца ў дыктатараў. Можа быць, мы проста навучыліся на горкім гістарычным досведзе?»

Каментары22

  • Непрымальная этыка
    23.06.2025
    Вельмі непрафесійна так каментаваць і яшчэ нават кветкі ўручаць палітыкам ад дырэктаркі Нашай Нівы. Гэта цалкам тлумачыць ангажаванасць падачы матэрыялаў з прозвішчам "Ціханоўская". Пра які давер людзей з такім стаўленнем да чытача можна казаць, Наста?
  • Сігога
    23.06.2025
    Лука прагнуўся, а Тіханоўскі пад пыткамі і здзекамі - не.
    Страшна, ябацькі і прыкарытнікі? Ён і вас так прадасць калі будзе трэба :) можа нават авансам, без аніякіх саступак з боку Еўразвязу і ЗША - як зараз вызваліў палітзняволеных ;)
  • Пры ўсёй павазе
    23.06.2025
    >Сяргей, як мне здаецца, зноў зойме дамінуючую ролю ў гэтай пары.

    Чалавек, які 5 год сядзеў у ізаляцыі, дэзінфармацыі пад прэсінгам, пачне дамінаваць над абранай прэзідэнікай з ужо вялікімі міжнароднымі сувязямі і добрай дасведчанасцю аб моры падзей за гэтыя 5 год?

Хто той неадэкватны беларус, які ляснуў дзіцятка галавой аб падлогу ў маскоўскім Шарамеццеве8

Хто той неадэкватны беларус, які ляснуў дзіцятка галавой аб падлогу ў маскоўскім Шарамеццеве

Усе навіны →
Усе навіны

У Мінску значна выраслі тарыфы на эвакуацыю аўтамабіля і штрафстаянку2

Беларус напаў на хлопчыка ў маскоўскім аэрапорце. Дзіця ў коме24

11-гадовы школьнік гуляўся з порахам у бабулі і атрымаў моцныя апёкі галавы1

Вядомую мінскую трэнерку па танцах асудзілі за палітыку5

Тур абяцае кампрамат на тых, хто праз тыкток скардзіцца на ўлады28

Ва Украіне загінуў 42-гадовы выкладчык Полацкага ўніверсітэта, які пайшоў ваяваць за Расію37

Вызвалены з турмы ў Беларусі грамадзянін Латвіі: За тры гады страціў 26 кілаграмаў і цалкам пасівеў12

Маладыя беларусы набылі дом за 42 рублі і пераробліваюць яго ў здымачную пляцоўку3

У Азербайджане выкладчыка асудзілі на 15 гадоў за перапіску з армянамі2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Хто той неадэкватны беларус, які ляснуў дзіцятка галавой аб падлогу ў маскоўскім Шарамеццеве8

Хто той неадэкватны беларус, які ляснуў дзіцятка галавой аб падлогу ў маскоўскім Шарамеццеве

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць