4, 14 ці 114? У Кобрыне не могуць разабрацца з нумарам дома на фасадзе
У Кобрыне дабудоўваюць 10-павярховы панэльны дом па Рэспубліканскай вуліцы. Дом яшчэ не скончаны, але на яго тарцы ўжо з’явіўся мурал, які стаў прычынай насмешак гараджан.

Пару дзён таму ў мясцовых пабліках з’явіліся фота няскончанага роспісу на фасадзе новага дома. На тарцы дома паспелі намаляваць кампазіцыю ў стылі сінтэзу мінімалізму і аграрэнесансу: вертыкальныя палосы, у якія ўпісаны нумар дома, калоссе і карта краіны з подпісам «Беларусь», які па памеры нават большы за назву вуліцы — тыповы твор сучаснай бюджэтнай архітэктуры, калі не хочацца мець глухі тарэц, але і змяняць тыпавы праект ці запрашаць прафесійнага мастака дорага для забудоўшчыка.
Вось толькі аўтары мурала ў Кобрыне не ўлічылі, што мінімалістычная чацвёрка — нумар дома — упісаная ў такія ж мінімалістыныя вертыкальныя лініі, будзе чытацца многімі як 14. Гэта і стала першапачаткова прычынай насмешак з новага роспісу.


Усвядоміўшы сваю памылку, будаўнікі зафарбавалі частку рамкі вакол нумара, што зрабіла яго яшчэ больш падобным да 14. У выніку рамку вакол нумара прыбралі зусім, але і гэта не дапамагло — суседнія лініі ўсё роўна ствараюць у кобрынцаў ілюзію, што на доме напісана ці то 14, ці то 114.

Пакуль пытанне з нумарам канчаткова не вырашана, але жыхароў горада цяпер куды больш непакоіць іншы элемент мурала — вялікая карта Беларусі, ніводная лінія на якой нават блізка не супадае з рэальнымі межамі краіны і яе абласцей.

«Гэта выглядае як абгрызены кавалак краіны. Нават візуальна бачна, што дзяржаўная мяжа проста скажоная да немагчымасці. У нас вельмі прыгожая краіна на карце, а гэта — я не ведаю…» — абураюцца каментатары.
Не могуць кобрынцы зразумець, і чый Кобрын па гэтай карце:
«А Кобрын Украіне аддалі?»
«Не, Маларыце».
«Засталося тэрытарыяльныя спрэчкі па карце вырашыць. Частку Літвы забралі, частка Расіі таксама ў нас, Кобрын — аддалі Украіне. Ці мастак быў п'яны, ці ён штосьці ведае?» — іранізуюць іншыя.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары
Ганьба уладам Кобрына! Самі не вельмі ..., і дызайнераў такіх самых пазвалі :) 4 ці 14 :) Таксама скажуць "А какая разница!"