«Гойда» за 700 рублёў. «Кашалёк Лукашэнкі» другі год запар прывозіць у Беларусь Z-артыстаў
27-28 чэрвеня ў Пружанах пройдзе рок-фестываль «Сонцастаянне». Многія з артыстаў, якія возьмуць у ім удзел, адкрыта падтрымліваюць вайну Расіі супраць Украіны. Падрабязнасці пра ўдзельнікаў і арганізатараў фэсту расказвае «Медыязона».

2024 год: 25 тысяч чалавек, Самойлаў і Галанін
Фестываль «Сонцастаянне» ў Пружанах праводзіцца другі год. Ва Украіне працягваецца вайна і абстрэлы, а ў гэты час у Брэсцкую вобласць арганізатары прывозяць артыстаў, якія сімпатызуюць расійскаму ўварванню.
Летась на фэсце выступаў Вадзім Самойлаў (адзін з братоў Самойлавых — заснавальнікаў гурта «Агата Крысці»). Артыст унесены ў базу «Міратворац», з 2015 года выступае на акупаваных Расіяй тэрыторыях Украіны, пасля 2022 года выступаў перад мабілізаванымі.
24 лютага 2022 года ён напісаў у сваім блогу ў VK:
«Я падтрымліваю ваенную аперацыю. Яе даўно пара было пачаць. Вельмі спадзяюся, што ёсць сілы на Украіне, ёсць людзі, якія не хочуць вайны, і разумеюць, што ім цяпер дапамагаюць пазбавіцца ад нацысцкага рэжыму, які захапіў іх краіну».
Летась адным з хэдлайнераў быў таксама гурт «Серьга», які раней выступаў на канцэртах «Zа Расію». Яе лідар Сяргей Галанін удзельнічаў у конкурсе на лепшую песню «пра СВА», дзе ён праспяваў ад асобы расійскага вайскоўца наступныя радкі: «Напиши про любовь, не пиши про печаль, напиши, что я взял Мариуполь».
2025 год: адмененыя ў Еўропе артысты і дарагія квіткі
У 2025 годзе ў лайнапе галоўнай сцэны фестывалю групы «Чайф», «Арыя», «Сурганава і аркестр», «Крэматорый», «Аліса», «Гаршанёў», Xolidayboy, Вячаслаў Бутусаў, а таксама экс-гітарыст групы Scorpions і метал-гурт Nazareth з Шатландыі.
Лідар гурта «Чайф» Уладзімір Шахрын збіраў гуманітарную дапамогу для расійскіх салдат. Калектыў разам з іншымі праваеннымі артыстамі зняўся ў «антыэмігранцкім» кліпе «Я застаюся». Акрамя таго, музыкі адправілі на фронт гітару з аўтографамі.
Святлана Сурганава ездзіла з канцэртамі ў акупаваны Крым, занесеная ў базу «Міратворац», ёй забаронены ўезд ва Украіну. У красавіку 2023 гурт выступіў перад добраахвотнікамі на маскоўскім пункце адбору кантрактнікаў.
Канстанцін Кінчаў з «Алісы» адкрыта выступае ў падтрымку вайны супраць Украіны. У 2024-м годзе гурт выпусціў альбом з назвай «Гойда». Ці будуць гучаць на фестывалі песні з новага альбома, невядома.
«Па сутнасці, гэта грамадзянская вайна, дзе адныя цалкам ляглі за пячэнькі і трусікі пад англасаксонскую разводку, іншыя ж адстойваюць сваю тысячагадовую гісторыю і свой суверэнны шлях пад покрывам Прасвятой Багародзіцы. Я ўсім сэрцам з нашай арміяй, малюся за Хрыстова войска! З намі Бог! А калі з намі Бог, хто супраць нас? Так, і яшчэ… Я — рускі!», — гаварыў Кінчаў.
Вячаслаў Бутусаў, заснавальнік «Наўтылус Пампіліус«, сказаў у інтэрв'ю, што «канфлікту ва Украіне немагчыма было пазбегнуць», і што там «усё подла, падступна, вераломна рыхтавалася». Канцэрт Бутусава ў Хельсінкі, запланаваны на восень 2022 года, быў адменены з-за палітычных выказванняў артыста і яго выступленняў у анексаваным Крыме.
У 2024 года кіраўнік «Рускай абшчыны Стаўраполля» Віктар Разнічэнка апублікаваў у сацсетках відэазварот Xolidayboy:
«Хачу заявіць, што я з'яўляюся патрыётам. Я ўсёй душой і сэрцам люблю сваю краіну і, безумоўна, падтрымліваю абсалютна ўсе дзеянні нашага галоўнакамандуючага, прэзідэнта Уладзіміра Уладзіміравіча Пуціна і спецыяльную ваенную аперацыю. Усіх люблю і чакаю на канцэртах».
Ёсць сярод удзельнікаў фестывалю і музыкі, якія публічна не агучвалі сваю пазіцыю па вайне ва Украіне, аднак працягваюць даваць канцэрты ў Расіі. Гэта, напрыклад, праект «Гаршанёў», створаны Аляксеем Гаршанёвым пасля распаду гурта «Кукрыніксы». Гаршанёў пасля пачатку поўнамаштабнага расійскага ўварвання абыходзіць пытанні пра палітыку і вайну і гаворыць, што ў ягонай творчасці ніколі не было сацыяльных тэм. Разам з тым у 2015 годзе падчас выступлення на фестывалі «Нашэсце», які спансуецца расійскім Мінабароны, «прысвяціў песню Данбасу».
Падобная сітуацыя і з гуртом «Крэматорый»: лідар гурта заклікаў музыкаў «не змешваць музыку і палітыку», але адначасова гурт узяў удзел у канцэрце пасля мотамаршу «Дарогі Перамогі — сваіх не кідаем!»
Квіток
Квіткі на «Сонцастаянне» каштуюць ад 154 да 700 рублёў, у залежнасці ад колькасці дзён і даступных зон фестывалю. Праўладныя блогеры разыгрывалі квіткі на фэст і збіралі пад пастамі сотні каментаў.
У сацсетках жа самога фестывалю людзі абурыліся цаной уваходу на мерапрыемства.
- «Прыедзе Рамштайн»;
- «Ажыў Гаршок, адкуль такія цэны»?;
- «Добра вам пагуляць, арганізатары»;
- «Сам Курт Кабэйн паўстаў! У чаргу за вашымі квіткамі з вашымі коштамі. А я проста ах**ла. З 30 р у 190 р. Жадаю кар'ернага росту».
Арганізатары: «кашалёк» Лукашэнкі і экс-міліцыянер
У арганізатарах фэсту пазначаная Брэсцкая філармонія. Аднак, як высветліла выданне «Бюро», насамрэч мерапрыемства арганізуе падсанкцыйны бізнэсмен Аляксандр Зайцаў, экс-памочнік Аляксандра Лукашэнкі. У 2024 годзе ён стварыў для гэтага юрыдычную асобу з назвай «Сонцастаянне», сярод відаў дзейнасці якой значыцца арганізацыя культурных мерапрыемстваў. Лагатып кампаніі супадае з лагатыпам фестывалю.
Зайцаў — саўладальнік кампаніі «Брэміна груп», «Трэндхол», якая пастаўляе ў Беларусь і Расію тавары люксавых брэндаў «паралельным імпартам», а таксама шматпрофільнай кампаніі Sohra Group. Акрамя таго, ён жа з'яўляецца ўладальнікам футбольнага клуба «Рух», а раней — «Дынама-Брэст».
«Брэміна груп» заснавалі тры беларускія бізнэсмены: Аляксандр Зайцаў, Аляксей Алексін і Мікалай Варабей, іх называюць «кашалькамі» Лукашэнкі. Праект кампаніі, «Брэміна-Орша» — свабодную эканамічную зону — называюць «Аршанскім афшорам», бо па ўказе Лукашэнкі яна валодае вялікай колькасцю льгот. Журналісты-следчыя фіксавалі, што праз гэты лагістычны хаб у пасёлку Балбасава праходзяць партыі кантрабанды з Еўропы ў Расію.
Адзін з суарганізатараў фестывалю, Дзмітрый Ракусаў — крэатыўны дырэктар «Дынама-Брэст» і былы сілавік. Паводле інфармацыі, якую «Медыязоне» падала ініцыятыва Belpol, Ракусаў з 2004 да 2013 служыў у некалькіх міліцэйскіх падраздзяленнях, пасля чаго працаваў у хакейным клубе «Бастыён».
Каментары