«Гэта быў важны досвед, які нідзе больш не атрымаеш». Экс-палітвязень Акіхіра Гаеўскі-Ханада расказаў пра сваё зняволенне
Акіхіра Гаеўскі-Ханада — экс-палітвязень, актывіст анархісцкага руху, які мае падвойнае грамадзянства — Беларусі і Японіі. Ён быў вызвалены разам з Сяргеем Ціханоўскім і яшчэ 12 людзьмі 20 чэрвеня 2025 года. Асуджаны на 16 гадоў калоніі, Акіхіра адбыў пяць гадоў з іх. У размове з «Вясной» актывіст расказаў пра сваё адчуванне пасля вызвалення, пра турэмны рэжым і пра тое, чаму яго затрымалі.

Адчуванне дзіўнасці
— Вы ўжо завялі сабе новы Instagram. І там на аватарку паставілі сваё фота за кратамі, зробленае падчас судовага працэсу над вамі. Чаму?
— Я агулам надта не любіў фатаграфавацца раней, і пакуль што таксама асабліва фатаграфій няма. Тым больш што шмат людзей, хто ўжо вызваліўся, або родныя людзей, якія знаходзяцца ў зняволенні, адразу хочуць выйсці на сувязь і знайсці [мяне], і я падумаў, што так будзе прасцей зразумець, што гэта я.
— Вы ўжо зрабілі першы пост у інстаграме, дзе ёсць ваша фота пасля вызвалення. І яго вы падпісалі цытатай з верша Іосіфа Бродскага «Пятая годовщина» — яно было напісана да пяцігоддзя ад'езду аўтара з Расіі: «Теперь меня там нет, об этом думать странно». Што вы ўкладаеце ў гэтыя радкі?
— Гэты верш трапіўся, калі я знаходзіўся ў магілёўскай турме. Дзесьці ў часопісе, мне здаецца, я яго прачытаў. І вось адчуванне дзіўнасці — гэта менавіта тое, што ўзнікла, калі нас вывозілі з Беларусі. Гэта значыць было разуменне, што так — быццам бы ты вызваляешся, што цябе выпускаюць, але ў той жа час глядзець на беларускія краявіды і раптам апынуцца на волі, хоць там яшчэ застаецца вельмі шмат людзей, маіх таварышаў, і проста людзей, з якімі я пазнаёміўся — нейкае дзіўнае адчуванне, хоць нас ніхто не пытаўся: проста ўзялі, выкінулі, незразумела на якіх умовах.
Хоць я нібыта заўсёды лічыў сябе касмапалітам, але тым не менш нейкае тужлівае адчуванне, што невядома, калі ты вернешся назад у Беларусь. І нават калі ты захочаш гэта зрабіць — пакуль гэта немагчыма. І вось адчуванне дзіўнасці ў мяне ўзнікла — таму я гэтыя радкі і ўспомніў.
За пяць гадоў у мяне ніхто пра гэта не пытаўся
— Вы разумелі, што вас вызваляюць. А на якім этапе адбылося?
— Вядома, ніхто нічога не казаў, не тлумачыў, што адбываецца. Пытанняў ніхто не задаваў. Але ў пятніцу ўвечары, 20 чэрвеня, калі я прыбыў ужо на СІЗА КДБ і трапіў у камеру, дзе знаходзяцца, акрамя мяне, шмат замежнікаў, я для сябе ўжо разумеў, што хутчэй за ўсё не проста так нас сабралі, і калі гэта замежнікі, то нас будуць, напэўна, выдаваць.
Таксама, калі мяне з магілёўскай турмы перавозілі ў Мінск, было пытанне ад супрацоўнікаў КДБ з нагоды майго грамадзянства і пашпарта: ці ёсць у мяне падданства Японіі, дзе знаходзіцца пашпарт. І калі б гэта былі нейкія следчыя дзеянні, новыя крымінальныя справы ці яшчэ якія размовы з КДБ, ніхто не пытаўся б у мяне пра пашпарт.
За пяць гадоў у мяне ніхто пра гэта не пытаўся. І для мяне таксама гэта быў маячок, што нешта будзе такое, нестандартнае.
— Многія з вызваленых палітвязняў расказвалі, што вас вывозілі з мяшкамі на галаве.
— Так і было. Пакуль мяне везлі ў Мінск — таксама ў масцы. Краем вока я бачыў, прасвечвалася — дарога, і гэтак далей, я мог там паглядзець на Мінск нават. Але агляд быў закрыты. Як у фільмах, скажам так.
Там было вальней, чым у калоніі
— Незадоўга да вызвалення, 18 чэрвеня, вам споўнілася 25 гадоў. Што вы рабілі ў той дзень, як ён выглядаў? З якімі думкамі вы яго сустрэлі?
— На турэмным рэжыме часу вольнага дастаткова. І сукамернікі мае зрабілі свята: разам рыхтавалі гарбату, какаву, нейкія прысмакі, наколькі гэта магчыма, хоць там усё абмежавана і бедна. Усе пастараліся. Папілі гарбату, сказалі цёплыя віншавальныя словы. Вядома, усе ў асноўным жадаюць у такіх абставінах хутчэйшага вызвалення, сустрэчы з роднымі, захаваць здароўе. Вядома, ніхто, напэўна, не думаў, што гэта адбудзецца так хутка.
І я сваім сукамернікам-хлопцам сказаў, што чалавек можа адчуваць сябе радасным і шчаслівым нават знаходзячыся ў цяжкіх знешніх абставінах, няхай гэта будзе зняволенне, як у нашым выпадку, але тым не менш ён можа здабываць нейкія пазітыўныя моманты для сябе і быць шчаслівым. Для мяне 18 чэрвеня, хоць я быў у турме, прайшло пазітыўна. Я гэта сваім сукамернікам і сказаў.
— Турэмны рэжым. Якія там умовы?
— Паводле закону ў цябе адзін званок у месяц 15 хвілін, адна бандэроль у год на два кілаграмы, адно кароткатэрміновае спатканне раз на год і крама на адну базавую велічыню ў месяц.
А па факце, бо я быў унесены ў спіс асоб, якія маюць дачыненне да тэрарызму, рахунак у мяне заблакаваны, грошай у мяне не было, крамы ў мяне не было. Адпаведна, выпісаць сабе газеты-часопісы я таксама не мог. Кароткатэрміновыя спатканні таксама — літаральна за некалькі дзён да дня нараджэння да мяне прыехалі родныя. І мяне адразу ж у гэтую раніцу літаральна за 20 хвілін спаткання пазбавілі. Родныя прыехалі — па выніку да мяне ніхто не трапіў.
Але гэта не толькі ў мяне, а ва ўсіх. Палітычнаму трапіць на кароткатэрміновае спатканне, якое і так у цябе раз на год, практычна нерэальна. Ну і агулам, адна базавая ў месяц, нават калі яна ёсць — гэта мізэр.
Харчаванне там вельмі беднае. У пастаянным холадзе ў асноўным — але залежыць яшчэ ад размяшчэння камер, ад паверха. Напрыклад, цяпер, нават у чэрвені, было халаднавата. І нават у чэрвені людзі спалі ў тэрмабялізне.
І з медыцынай там вялікія праблемы. Людзей не надта лекуюць. Медыкаментаў сваіх атрымаць дастаткова цяжка. Банальна людзям адказваюць, што дазвол на вітаміны мы вам не падпішам, таму што праз вітаміны здараецца анкалогія. Гэта на турэмным рэжыме ў Магілёве ўсе ведаюць. Але гэта ўсё залежыць ад установы: наколькі я чуў, у Гродне, Жодзіне інакш крыху. Гэтак жа, як і калоніі адна ад другой адрозніваюцца: нягледзячы на заканадаўчыя межы, усё, вядома, вельмі па-рознаму, плюс яшчэ ўсё мяняецца з часам.
І за апошні час у Магілёве рэжым пагоршыўся. Стала складаней. Вельмі там строгая, калі не сказаць неадэкватная цэнзура. З перапіскай пастаянна былі вялікія праблемы — зразумела, што перапісваешся з роднымі і блізкімі, сваякамі, і то далёка не заўсёды гэтыя лісты даходзяць: то малюнак не прапусцяць, то нейкі твой сказ палічаць за шыфр, то фота не прапусцяць. Некаторым даходзіць нармальна, але ў мяне з перапіскай былі вялікія праблемы.
Але з іншага боку, магу сказаць, што такой прадузятасці, як у шклоўскай калоніі да палітычных, там асабліва няма, таму што ўсе сядзяць у дрэнных умовах. Аднолькава дрэнных. І ўжо асабліва пазбаўляць чалавека няма чаго. Таму ты там сам па сабе. У цябе ёсць практычна цэлы дзень вольнага часу. Ты вольны чытаць, маляваць, пісаць лісты, займацца спортам, гуляць у настольныя гульні.
У гэтым плане асабіста мне там было камфортней, чым у калоніі, дзе я быў год, таму што ў мяне быў вольны час. Так, жывеш бедна-мізэрна, але затое чытаеш, маеш зносіны спакайней. Няма пастаяннага сачэння, кантролю зносін — таму што ты ж ужо ў камеры знаходзішся, што тут яго абмяжоўваць? У нейкай ступені, як ні дзіўна, там было вальней, чым у калоніі.
Людзі актыўныя, людзі з перакананнямі і прынцыпамі — вядома, яны ўяўляюць, відаць, нейкую пагрозу
— Вас судзілі разам з каардынатаркай валанцёрскай службы «Вясны» Марфай Рабковай. Якая яна?
— Яна вельмі светлы чалавек, які навакольную прастору напаўняе святлом. Добрая, спагадлівая, шчырая. Нягледзячы на такія мяккія бакі, яна з моцным стрыжнем. Сярод палітвязняў, таварышаў, з якімі я перасякаўся, вядома, гэта адзін з самых моцных людзей, таму што яна і да 2020 года колькі сутыкалася з рознымі рэпрэсіямі, ператрусамі, сачэннем, затрыманнямі…
І таксама на яе цягам усяго следства больш за ўсё аказваўся ціск, бо больш за ўсё АВМ [аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы — заўв.] было сабрана на яе цягам 2017-2019 гадоў. І таму на яе вельмі моцна ціснулі, і яшчэ яна перажывала асабістую трагедыю ў сям'і. І вядома, ёй даводзілася цяжка.
Але яна заўсёды дапамагала ўсім, каму магла. Гэта было і на волі, калі яна займалася зоаабаронай, так было і ў турме, і на судзе — яна была сапраўды чалавекам з пачуццём салідарнасці, з эмпатыяй.
— Ваша апошняе слова, якое друкавалася на сайце «Вясны»: «Гэты тэатральны і «кафкіянскі» працэс пакінуў толькі пачуццё глыбокага расчаравання. Ён выйшаў настолькі нізкай якасці, што былі выключаныя нават гледачы. Такое прадстаўленне не падыходзіць нават для пухавіцкага палаца культуры». Чаму менавіта пухавіцкі?
— Я ні ў якім разе хацеў закрануць Пухавічы. Гэта не выпадкова. А проста таму, што пракурор па нашай справе, наколькі мне стала вядома, пакуль я быў у зняволенні, сам родам з Пухавічаў. І гэта проста быў укол у ягоны бок.
— Вы цяпер экс-палітвязень. Як бы вы адказалі на пытанне, за што рэжым вас пасадзіў?
— З аднаго боку, наша справа была проста паказальнай расправай над анархістамі, і не важна, ці былі 10 чалавек анархістамі, ці не (а некаторыя людзі такімі сябе нават не лічылі). А чаму асабіста мяне — бо я ўжо затрымліваўся ў 2019 годзе і меў «справы» з ГУБАЗіКам, і пасля ўсіх гэтых затрыманняў увесь час было сачэнне і кантроль.
Я не пачаў з імі супрацоўнічаць і ў прынцыпе ніколі з імі не размаўляў і не даваў ніякіх паказанняў ды інфармацыі на сваіх таварышаў, хоць яны гэтага хацелі, плюс яны нічога не маглі атрымаць з маіх тэхнічных прылад, бо я сачыў за бяспекай. Усё гэта, відаць, адбілася на тым, што ты трапляеш «на аловак».
Плюс даўняя нелюбоў да анархістаў, якіх складана кантраляваць, якія працягваюць вулічную актыўнасць, нягледзячы на пастаянныя рэпрэсіі. Увесь час хтосьці знаходзіўся ў зняволенні, але, тым не менш, нешта рабілася: і на вуліцы, і ў сеціве, і публікацыі былі, і салідарнасць пастаянная — не толькі ў межах Беларусі, а ў суседніх краінах: ва Украіне, Расіі.
І, мабыць, гэтае таўро «радыкала», таўро нязгодлівых людзей адбілася на тым, што нас затрымалі практычна адразу пасля выбараў. З іх пункту гледжання людзі актыўныя, людзі з перакананнямі і прынцыпамі — вядома, яны ўяўляюць, відаць, нейкую пагрозу. Таму яны зрабілі з іх пазіцый тое, што варта было б зрабіць.
Эмпатыя — гэта ключавое пачуццё, якое робіць людзей людзьмі
— Усё ж пяць гадоў за кратамі вы правялі — гэта вялікі тэрмін. Якім вы выйшлі чалавекам, ці змяніліся вы?
— Агулам асновы, што фармуюць чалавека, напэўна, не памяняліся. Але, вядома, пяць гэтых гадоў былі вельмі насычанымі і багатымі на розныя сустрэчы з людзьмі, з якімі я б на волі ніколі б не перасёкся і ніколі б проста не змог так пагутарыць шчыльна, зразумець іх, пачуць, падзяліцца чымсьці сваім і ўзбагаціцца самому, пашырыць кругагляд. І таксама літаратура — кнігі, для якіх цяжка знайсці час каб абдумаць, сапраўды прапусціць праз сябе, прытым у вельмі вялікай колькасці — усё гэта быў важны досвед, які нідзе больш не атрымаеш.
І трэці момант: як ні дзіўна, але ўбачыўшы сістэму знутры, я трошкі стаў больш памяркоўным у адносінах да тых, хто ў ёй працуе. Я зразумеў, што там усё не дзеліцца на чорнае і белае, хоць мне здавалася, што калі ты працуеш на сістэму, то ты апрыёры разумееш і здзяйсняеш нейкае злачынства гэтым самым. Але насамрэч аказалася, што там не ўсё так адназначна, што там таксама людзі, якія альбо проста не ведаюць ці проста заплюшчваюць вочы, але прынамсі не робяць нічога актыўнага, а часам нават выказваюць нейкае спачуванне і часам спрабуюць нават чымсьці дапамагчы.
Плюс нават з боку асуджаных, якія сядзяць, шмат былых супрацоўнікаў, у якіх у нейкі момант прачнулася сумленне і яны ў імпэце рабілі нейкія рэчы, дзе яны, калі падумаць рацыянальна, рызыкавалі, але тым не менш гэта рабілі. І я пачаў разумець, што не ўсё так адназначна, нават з таго боку.
— У вас ёсць сімвалічная хросная Клаўдзія Мюлер.
— Так, па-мойму гэта праз некалькі тыдняў ці месяцаў пасля затрымання было абвешчана. Я пра гэта ведаў і аднойчы атрымаў яе меседж, гэта ўжо напэўна быў альбо канец 2022 года, альбо пачатак 2023-га, таму што там згадвалася ў тым ліку і вайна ва Украіне. Так, я ведаю, але, вядома, асабліва пагутарыць адтуль з еўрадэпутатамі немагчыма.
— Ці падтрымала вас гэта?
— Тое, што міжнародная падтрымка і ўвага для Беларусі была — вядома, гэта важна.
— Ці адчулі, што новыя тэхналогіі развіліся, пакуль вы былі ў зняволенні? Напрыклад, штучны інтэлект.
— Я пакуль яшчэ не паспеў памацаць. Мне ўжо ўсе, вядома, пра гэта пішуць, скідаюць відэа, варыянты ботаў, якія можна спампаваць. Сам я працаваў у ІТ-сферы да затрымання і тэхналогіі мне былі цікавыя, і ў зняволенні я стараўся нешта даведвацца. Але, вядома, банальны пошукавы запыт — ты бачыш, што адказ ужо больш ёмісты і структураваны. І патэнцыял адразу бачыш, проста пакуль не паспеў папрактыкавацца.
Вядома, усе пад вялікім уражаннем, каму тэхналогіі цікавыя, таму, дзе гэта ўжываецца — і як. Не магу сказаць, што я супер тэхна-аптыміст — у гэтым ёсць, вядома, і вялікія пагрозы. Бо біг-дата можа выкарыстоўвацца і на шкоду свабодам ды правам людзей. Злоўжывацца як з боку дзяржавы, так і з боку карпарацый. Таму трошкі адчуванне, што гэта Левіяфан узмацняецца за кошт прарыўных тэхналогій, вядома, у той жа час трохі насцярожвае.
На жаль, выпрабаванні ў многіх людзей будуць, але хочацца пажадаць ім сіл
— Ці хацелі б вы дапоўніць сказанае або паслаць меседж нашым чытачам?
— Калі я да 2020 года чытаў мемуары або артыкулы, інтэрв'ю тых, хто прайшоў праз зняволенне, напрыклад, вядомы «Еду ў Магадан» Ігара Аліневіча — стараўся настроіць сябе на тое, што да цябе будуць ставіцца варожа, не варта ні на што разлічваць і спадзявацца, але тым не менш гэта ўсё па сілах, можна справіцца, ты можаш быць свабодным і ў зняволенні, здабыць нейкі ўнутраны баланс, гармонію, заўсёды сябе дысцыплінаваць рознымі спосабамі і займаць сябе з правільнымі намерамі: выкарыстоўваць час для самаразвіцця, для дапамогі іншым.
Гэта значыць, не замыкацца на сабе, не забываць, што эмпатыя — гэта ключавое пачуццё, якое робіць людзей людзьмі, і што нават там можна выяўляць салідарнасць і можна дапамагаць іншым людзям, што знаходзяцца ў бядзе, і што ты там можаш захоўваць унутраную свабоду тым, што не ўсё выконваеш або захоўваеш свабоду ў выбары, чым ты свой час займаеш.
І таму хочацца сказаць — на жаль, да гэтага часу, паглядзеўшы апошнія навіны, я бачу, што людзей, якіх затрымліваюць, больш, чым тых, каго выпускаюць, і колькасць зняволеных паводле палітычных матываў не змяншаецца. Але ўсё гэта можна прайсці. І, скажам так, можна быць годным гэтых пакут, калі выкарыстоўваць словы Дастаеўскага.
Усё гэта, вядома, цяжка, але ёсць станоўчыя прыклады вельмі моцных людзей: напрыклад, Сяргей Ціханоўскі згадваў на прэс-канферэнцыі Аліневіча. У нас па справе прызнальных паказанняў практычна ніхто не даваў, усё следства большая частка маўчала. І ўсё гэта можна.
На жаль, выпрабаванні ў многіх людзей будуць, але хочацца пажадаць ім сіл. Спадзяюся, і сам я не застануся ў баку ад таго, што адбываецца. Я не магу забыць і пачаць сваё асабістае жыццё, таму што ўсё яшчэ там знаходзяцца і тыя, хто былі са мной да 2020 года, і тыя, каго я там сустрэў. І ўсё гэта жудасна.
Так, вельмі пашанцавала, што так нечакана мінус 10 гадоў тэрміну, але гэта і пэўная адказнасць перад тымі, хто там дагэтуль знаходзіцца.
Пазняк: Выпускаюць толькі прарасійскіх людзей, а не беларускіх патрыётаў
Бізнэсмен, беларуска са Швецыі, хлопец, асуджаны за чат на пяцярых. Каго яшчэ вызвалілі і вывезлі ў Вільню разам з Сяргеем Ціханоўскім
«Пераконваюся ў важнасці намаганняў тых, хто тут застаецца і тут працуе». Палітвязень Акіхіра Гаеўскі-Ханада даслаў вестачку з-за кратаў
«Такое відовішча не вартае нават пухавіцкага палаца культуры», — Акіхіра Гаеўскі-Ханада ў апошнім слове
Каментары