Культура11

Уладзімір Някляеў расказаў, як на яго бацьку пісалі даносы і аднойчы арыштавалі

Пісьменнік у сваім фэйсбуку расказаў пра арышт свайго бацькі і суд «тройкай».

Фота з фэйсбука Уладзіміра Някляева

11 ліпеня. Другі дзень народзінаў. Па версіі бацькі (першы раз дзень народзін Уладзімір Някляеў адзначае 9 ліпеня, па версіі маці. — НН).

Рос я пад уплывам маці з яе казкамі, песнямі, малітвамі. Але з гадамі ўсё відавочней уплыў бацькавай натуры. Гранічна мужчынскай.

Дык вось у гэты дзень колькі слоў пра бацьку, які праз свой характар у сярэдзіне вайны ў штрафніках пабываў, але выжыў, а пад канец вайны на яго, жывога, чарнавую ў сям’ю даслалі. Пахавальную…

А яшчэ на яго пісалі і пісалі даносы. Усё маё жыццё, ад самага дзяцінства, пазначанае чорнымі меткамі гэтых даносаў і ўсім тым, што было за імі. Крыкамі бацькі: «Падлюкі! С***кі!..» Стрэламі з пісталета — калі ён дазнаваўся, што зноў нехта нешта на яго «намаляваў». Праз гэта — мая нянавісць да сексотаў. Данос для мяне — тое, у чым выяўляецца чалавечая подласць.

Аднойчы напісалі, што бацька (які быў старшынёй сельсавета) згнаіў жыта ў полі, не сабраў яго ў час. А тады за адзін каласок садзілі! І павезлі бацьку ў Маладзечна, у абласны цэнтр. 

Я быў зусім малы — гадоў пяць (1951 год — НН). Прыходзіць да нас у хату бацькаў сябрук франтавы і кажа, што бацьку не проста так павезлі ў Маладзечна — там будзе суд, і калі маці хоча мужа пабачыць, дык трэба самой ехаць, бо ён наўрад ці ўжо дахаты вернецца. Маці ўзяла мяне і мы паехалі.

Бацьку судзіла так званая «тройка»: сакратар абкама, пракурор і старшыня КДБ.

Бацькаў сябар папярэдзіў: «Калі ён выйдзе праз парадны ўваход, усё будзе добра — вернецеся з ім дахаты, а калі не — дык развітаецеся, мусібыць, назаўсёды. Хутчэй за ўсё — другое. Таму, калі хочаце яго ўбачыць, ідзіце з двара». 

Мы патапталіся на плошчы, маці не ведала, што рабіць… Потым пайшла да брамы ў двор, дзе стаяла ўжо знаёмая мне машына, якая неаднойчы прыязджала да нас, «варанок» гэны, і я паплёўся за маці, але раптам… Не тое, што зразумеў нешта, якое ў мяне разуменне было?.. Дзіцячае… Проста пранізала мяне ўсяго нечаканая думка: гэта ж, калі я з двара іду, дык не веру ў тое, што бацька выйдзе і ўсё будзе добра: мы дахаты паедзем. І я кінуўся да параднага ўваходу. Маці паглядзела ўслед і не стала мяне вяртаць. 

Я стаў так, каб бачыць яе каля брамы. Але стаяў я не ў двары! На плошчы! Каля параднага ўваходу! 

Не ведаю, колькі мы чакалі… Гадзіну? Дзве? Урэшце бацька выйшаў — і праз парадны ўваход! Як толькі я ўбачыў яго… Там прыступкі былі — я іх не заўважыў! Я не пабег — я ўзляцеў! У мяне кожны раз з успамінам пра гэта — адчуванне палёту.

І ўзляцеў я не толькі з радасці, што ўсё будзе добра, што мы паедзем дахаты, але і з адчування ПЕРАМОГІ. Бацька выйшаў СЮДЫ, бо я пастанавіў ТУТ яго дачакацца. Я тых падлюг, што паставілі ў двары «варанок», каб звезці ад мяне бацьку, ПЕРАМОГ! Бацька злавіў мяне над прыступкамі, прыціснуў да сябе, я абхапіў яго за шыю: «Тата! Тата!..» — і ў слёзы… 

Ёсць такі банальны выраз: заплакаць ад шчасця. Дык вось гэта якраз той выпадак. І ў бацькі была макраватая шчака — ці ад маіх слёз, ці яго таксама сляза прабіла. Ён падкінуў мяне: «Мы яшчэ гадаў гэтых, сынок, як капусту, пашынкуем!»

Аказалася, што палоска жыта, якая расла пад самым лесам, проста не паспела выспець. Бацька вырашыў пачакаць, не дажынаць яе, каб даспела, але тут зачасцілі дажджы — і палоску гэтую пабіла. Яна абсыпалася так, што з яе і торбу жыта ўжо было не намалаціць, таму яе скасілі на кармы.

Бацька ў жыцці стаяў на тым, што паўсюль і ва ўсім можна дабіцца справядлівасці. Толькі дзеля гэтага ты мусіш не чакаць дабра, якое ў Бога вымаліш і якое з неба зваліцца, а ісці супраць зла. Гэткая ў яго была філасофія. Такая ў ім цякла бунтарская кроў, кропля якой і ў мае жылы пералілася, за што дзякуй яму..

Каментары1

  • 2020
    11.07.2025
    Вельмі моцна. Дзякуй!

Цяпер чытаюць

Блогер Сярога з Расіі прыехаў на Зыбіцкую з каханай блогеркай Анечкай. Вынік: збіты ім беларус у коме, а Сярога на 5,5 года за кратамі35

Блогер Сярога з Расіі прыехаў на Зыбіцкую з каханай блогеркай Анечкай. Вынік: збіты ім беларус у коме, а Сярога на 5,5 года за кратамі

Усе навіны →
Усе навіны

«Не як п'яны ішоў, а быццам ён такі круты». Аляксандра Герасіменя падрабязней распавяла пра напад10

На Беларускім радыё без папярэджання перасталі трансляваць каталіцкую імшу5

Будуць рэгуляваць цэны на ўласную прадукцыю, якую робяць гандлёвыя сеткі

У Драгічынскім раёне машына наляцела на воз. Фурман загінуў1

Юбілейны жэтон мінскага метро прадаюць за вялікую цану1

Галоўная рэдактарка гомельскай раёнкі пакаялася за тое, што абвінаваціла гурт «Дразды»16

Як з хаты зрабіць барнхаўс? Вось які варыянт ёсць каля Мінска

Наста Дашкевіч распавяла пра дзень смерці Алеся Пушкіна — «дзень, калі ў Беларусі боль памножыўся на боль»2

Вядомы аўтадызайнер, стваральнік аблічча BMW X5 і X6 атрымаў расійскае грамадзянства6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Блогер Сярога з Расіі прыехаў на Зыбіцкую з каханай блогеркай Анечкай. Вынік: збіты ім беларус у коме, а Сярога на 5,5 года за кратамі35

Блогер Сярога з Расіі прыехаў на Зыбіцкую з каханай блогеркай Анечкай. Вынік: збіты ім беларус у коме, а Сярога на 5,5 года за кратамі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць