Трывожны званочак — патрэба выпіць зранку. Нарколаг расказаў, як зразумець, што вы алкаголік
Алкагольная залежнасць пачынаецца не з запояў, а з незаўважных зменаў у паводзінах. Доктар-нарколаг Канстанцін Мінкевіч расказаў «Нашай Ніве» пра першыя прыкметы алкагалізму, пра тое, як дапамагчы чалавеку з залежнасцю і што з метадаў лячэння сапраўды дае вынік.

Канстанцін Мінкевіч — псіхіятр-нарколаг і псіхатэрапеўт. У 2002-м скончыў Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт, а ў 2004-м атрымаў спецыялізацыю псіхатэрапеўта. Працаваў кіраўніком аддзялення ў псіханеўралагічным дыспансэры, пасля галоўным пазаштатным псіхатэрапеўтам Мінскай вобласці. З 2012 па 2018 узначальваў Цэнтр лячэння алкагалізму ў Мінску. Цяпер ён працуе як псіхатэрапеўт.

Як чалавеку самому распазнаць, што ён алкаголік?
Каб распазнаць у сябе алкагольную залежнасць ці яе фармаванне, нам трэба разумець, што гэта такое. Звычайныя ўяўленні досыць павярхоўныя. Гэта вядзе да таго, што большасць людзей усведамляюць сваю залежнасць занадта позна, калі ўжо ўзніклі сур'ёзныя праблемы.
Існуе два фармакалагічныя сімптомы залежнасці, якія досыць яскрава праяўляюцца ў выпадку алкагольных праблем.
Першы — павышэнне дозы алкаголю, то-бок каб атрымаць такое ж ап'яненне, як раней, трэба піць усё больш.
Між іншым, гэта часта наадварот лічыцца нейкай станоўчай здольнасцю чалавека.
Другі — патрэба ва ўжыванні алкаголю на наступны дзень, каб палепшыць свой стан ці актывавацца пасля ўчорашняга.
Але важнейшыя, чым фармакалагічныя, псіхалагічныя змены, якія тычацца алкаголю. Любая залежнасць, хімічная ці не, па сутнасці ўяўляе сабой празмерную эмацыйную прывязку да нечага, што робіцца для чалавека найважнейшым эмацыйным мадыфікатарам — і алкагольная залежнасць не выключэнне.
Менавіта гэтая прывязка цягне за сабой іншыя праявы залежнасці.
Залежны чалавек дрэнна кантралюе сваё спажыванне алкаголю. Ён не надта ўпэўнены, колькі дакладна ён вып'е, калі, з кім, у якіх абставінах — усё гэта пачынае залежаць ад купы ўмоваў, якія знаходзяцца па-за воляй самога чалавека. У выніку ён перабірае з дозай, п'е ў неадпаведных абставінах, можа парушыць дамовы праз алкаголь, нават можа піць тады, калі сам усведамляе, што гэта можа негатыўна адбіцца на ягоным здароўі, стасунках, працы і гэтак далей.
Варта зазначыць, што залежнаму доўга можа падавацца, што ён кантралюе сітуацыю і пакуль што не нарабіў ніякай бяды. А калі справы стануць насамрэч сур'ёзнымі, ён, маўляў, вядома ж, адразу кіне піць ці пачне піць менш — проста пакуль што не надышоў час.
Дык вось, калі вы заўважаеце за сабой, што ў любой незразумелай сітуацыі перш за ўсё вы думаеце пра алкаголь, што вы п'яце неяк зашмат і варта было б піць крыху меней, калі вам ужо рабілі заўвагі вашы блізкія наконт ужывання алкаголю альбо калі ў вас з'явілася новая суперздольнасць піць істотна больш, чым раней — гэта вельмі істотныя прычыны задумацца.
Трэба таксама мець на ўвазе, што людзі з алкагольнай залежнасцю схільныя да змяншэння сваіх праблем.
Перад тым, як бегчы на кансультацыю да спецыяліста, вы можаце прайсці адзін са скрынінг-тэстаў на алкагольную залежнасць, CAGE альбо AUDIT.
Якія стадыі алкагалізму? Як людзі сябе паводзяць на розных стадыях?
Сучасныя класіфікацыі вельмі далёка адышлі ад паняцця стадый алкагольнай залежнасці, настолькі далёка, што ў амерыканскай DSM-5 няма нават паняцця «залежнасць», там ёсць проста «злоўжыванне», ад лёгкага да цяжкага. Калі ўсё ж такі спрабаваць падзяліць залежнае ўжыванне алкаголю на нейкія стадыі, то можна сказаць, што іх — вельмі ўмоўна — тры.
На пачатку мы маем некантраляванае спажыванне алкаголю. На гэтым этапе чалавек практычна не мае праблем у жыцці, выкліканых алкаголем.
Потым праблем робіцца значна больш, яны закранаюць розныя сферы: працу, сям'ю, здароўе. Гэта стадыя, на якой ідзе істотнае зніжэнне якасці жыцця, але разам з тым, прынамсі звонку, сітуацыя выглядае больш-менш небезнадзейнай. У сям'і канфлікты, але яна яшчэ захоўваецца, ці захоўваецца інтарэс да стварэння новых стасункаў.
Чалавек ужо страціў працу праз алкаголь, але знайшоў новую і верыць, што будзе працаваць. Здароўе крыху горшае, але нічога сапраўды сур'ёзнага не здарылася.
І калі чалавек працягвае піць, усе гэтыя праблемы дасягаюць крытычнага ўзроўню:
- Асабістыя стасункі грунтуюцца толькі ці пераважна на ўжыванні алкаголю, іншыя не цікавяць і чалавек не здольны іх падтрымліваць;
- Працы няма і яна не патрэбная, хіба што нейкія выпадковыя халтуры;
- Пачынаюцца праблемы са здароўем, звязаныя з ужываннем алкаголю, як з боку псіхікі, так і з боку саматычнага здароўя — пералік усіх магчымых праблем будзе занадта доўгім.
Чым даўжэй цягнецца залежнасць, чым глыбейшыя звязаныя з ёй змены, тым больш чалавек адпавядае стэрэатыпнаму паняццю «алкаголік». На жаль, на позніх стадыях, калі алкагалізм настолькі відавочны, што не патрабуе ацэнкі спецыялістам, магчымасцяў змяніцца ў залежнага ад алкаголю чалавека практычна няма.

Як распазнаць алкаголіка ў чалавеку побач (пажадана — на ранніх стадыях)?
Звонку гэта зрабіць няпроста, бо вялікую ролю граюць суб'ектыўныя перажыванні, а пра іх не кожны стане размаўляць.
Але пэўныя прыкметы ёсць: рэгулярнасць ужывання алкаголю, кепскі кантроль над ужываннем, асабліва калі ён спалучаецца з ростам колькасці выпітага альбо з адмоўнымі наступствамі, павышаная ўвага і любоў да алкаголю, калі што заўгодна ператвараецца ў падставу для выпіўкі. Вельмі насцярожвае, калі чалавек пачынае хавацца, калі п'е, ці прымяншае колькасць выпітага і частату ўжывання алкаголю.
Асабліва яскравымі прыкметамі будуць патрэба выпіць зранку і тым больш запоі, альбо практычна штодзённае ўжыванне алкаголю без відавочных падстаў, няхай і ў параўнальна невялікай колькасці, кшталту 150-200 мл моцнага алкаголю ці 1,5-2 літры піва.
Што рабіць сваякам і блізкім залежнага? Як патлумачыць алкаголіку, што ён — алкаголік?
Варта разумець некалькі рэчаў.
Перш за ўсё, алкагольная залежнасць — гэта псіхічны разлад, ад яго так проста не пазбавішся, а абвінавачванні і ўльтыматумы працуюць слаба. Варта адказаць сабе: ці гатовыя вы чакаць, цярпець і ці ўсведамляеце рызыку, што можа нічога не атрымацца?
Калі вы хочаце паспрабаваць штосьці зрабіць і дапамагчы залежнаму чалавеку ці сабе ва ўзаемадзеянні з ім, варта прытрымлівацца трох галоўных прынцыпаў: не абвінавачваць, быць шчырымі і даваць падтрымку. Калі вы не гатовыя да выканання гэтых прынцыпаў, то вам вельмі цяжка вам будзе ў выпадку, калі вы захаваеце блізкі кантакт з алкаголікам.
А цяпер больш дэталёва пра кожны з прынцыпаў.
Не абвінавачваць. Так, гэта вельмі цяжка ўсвядоміць, але залежны чалавек робіцца залежным не аднамомантава, сваю залежнасць ён не жадаў і не планаваў: так атрымалася. Абвінавачванні, якімі б лагічнымі і заслужанымі яны не здаваліся, толькі ўсё псуюць.
Іншая рэч, калі вы кажаце пра сваю заклапочанасць, на яе вы маеце поўнае права. І падмацоўваеце сваю заклапочанасць фактамі: што не так, чаму, дзе і якія ў чалавека ўзнікаюць праблемы ў сувязі з алкаголем. Варта трымацца гэтай лініі: аперыраваць фактамі і не скатвацца ў абвінавачваніі.
Будзьце шчырымі. Вельмі часта я чуў, як людзі з найлепшымі памкненнямі шукаюць, як бы падмануць, застрашыць, зманіпуляваць залежным чалавекам. Нават калі ў вас і атрымаецца нешта, то шанцаў на доўгі эфект вельмі мала, а давер будзе падарваны.
Давайце падтрымку. Чалавек з залежнасцю сам у сабе моцна сумняваецца. І гэта адна з прычын, чаму ён можа не брацца за сябе і за змены: будзе цяжка, а ён адзін. Знайдзіце ў сабе сілы падтрымаць яго. Як падтрымаць? А вы спытайцеся, у чым чалавек сам бачыць падтрымку.

А вось чаго не варта рабіць, дык гэта пагаджацца, што праблемы няма ці што, як прыйдзе час, чалавек справіцца, а пакуль можна пачакаць — усё тое, чым ён сам сябе заспакойвае.
Калі вы пачыталі мае парады і абураецеся, бо, маўляў, якая шчырасць і тым больш падтрымка гэтай вечна п'янай сволачы — ваша права. Вы не абавязаныя жыць з алкаголікам, вы не абавязаныя яму дапамагаць і яго падтрымліваць.
Не можаце — і не трэба. Ягонае жыццё — ягоная адказнасць. Але заставацца ў сваім абурэнні і чакаць, што гэта прынясе плён — не спрацуе.
Наколькі ўвогуле лечыцца алкагалізм?
Калі казаць адным словам — ён лечыцца.
Эфектыўнасць тэрапіі істотна залежыць ад пацыента, ягонага ўсведамлення разладу, ягонай матывацыі да зменаў, ягонай адданасці тэрапіі. Крыху ў меншай ступені вынік будзе залежаць ад ужываных тэрапеўтычных падыходаў. І нарэшце, уплывае асяроддзе і жыццёвыя акалічнасці.
А яшчэ вельмі важна разабрацца, што менавіта мы будзем чакаць ад тэрапіі. Калі гэта будзе пажыццёвая адмова ад алкаголю, вынік будзе адным, досыць сціплым, бо такая мэта не надта рэалістычная і нават больш — я мяркую, што яе і мэтай лічыць нельга. Калі ж гэта зніжэнне шкоды ад ужывання алкаголю, перспектывы робяцца больш аптымістычнымі.
Якія метады лячэння існуюць?
Як і для большасці псіхічных разладаў, мы можам ужываць пераважна псіхатэрапеўтычныя ці пераважна медыкаментозныя метады лячэння, а таксама спалучаць іх.

Пачнем з псіхатэрапіі.
Асноўныя варыянты псіхатэрапіі, якія прапануюцца пры алкагольнай залежнасці, — кагнітыўна-паводзінавая і матывацыйнае інтэрв'ю. Ужываюцца і іншыя варыянты тэрапіі, пераважна кароткатэрміновай, арыентаванай на вынік.
А вось доўгатэрміновая тэрапія, калі тэрапеўт чакае зменаў з боку пацыента, даючы толькі падтрымку, і спрыяе зменам — не надта дапамагае.
Добрыя вынікі ў даследваннях апошніх гадоў атрымалі таксама групы ананімных алкаголікаў. Яны, як і любы іншы метад, не з'яўляюцца панацэяй, але маюць вялікі плюс — бясплатнасць для сваіх удзельнікаў (яны праводзяцца і анлайн, напрыклад, тут і тут на рускай або тут на англійскай — НН).
І да таго ж мы маем шэраг лекавых прэпаратаў, якія тым ці іншым чынам уплываюць на ўжыванне алкаголю. Гэта акампрасат, налтрэксон, налмефен, у якіх лячэнне алкагольнай залежнасці — зарэгістраванае паказанне, а таксама тапірамат і баклафен, якія паказалі сваю эфектыўнасць у даследваннях і могуць ужывацца off-label, па-за рэгістраванымі паказаннямі.
Звычайна медыкаментозная тэрапія прызначаецца разам з псіхатэрапіяй.
Ці працуюць падшыўкі, кадзіроўкі, гіпнозы?
Ніхто не ведае, бо мы не маем даследаванняў на гэтую тэму.
Калі мы прызнаем эфектыўнасць псіхатэрапіі ў дачыненні якога-небудзь разладу, мы мусім мець на ўвазе і большую эфектыўнасць плацэба ў яго дачыненні. То-бок любая інтэрвенцыя, накіраваная супраць ужывання алкаголю, можа аказацца карыснай.
Але паўтаруся, мы не маем аніякай статыстыкі на гэты конт і можам толькі здагадвацца, у якой ступені падобныя ўмяшальніцтвы дапамагаюць людзям. Сучасная медыцына не вітае падобныя неабгрунтаваныя падыходы.
Дадам яшчэ, што, магчыма, крытычную ролю тут грае нават не сам факт кадзіроўкі ці падшыўкі, а якасць праведзенай перад ці пасля іх кансультацыі. Таму «дактары», якія збіраюць залі, каб нешта распавесці і потым закадзіраваць усіх, маюць яшчэ менш падстаў прэтэндаваць на эфектыўнасць і карыснасць. Па сутнасці гэта наогул не мае дачынення да лячэння.

Як доўга людзі «трымаюцца» на розных метадах лячэння?
Мне сам тэрмін «трымаюцца» не падабаецца. Ён паказвае і фокус на цвярозасці як галоўнай мэце тэрапіі, і быццам мае на ўвазе нейкі вымушаны часовы стан чалавека: ён трымаецца, гэта нестабільнае становішча, яно патрабуе ад яго няспынных высілкаў.
Калі казаць пра тое, колькі часу чалавек можа заставацца цвярозым пасля лячэння, то гэта можа быць дзень ці нават гадзіна, а могуць і доўгія гады.
Але насамрэч варта было б задацца іншым пытаннем: наколькі чалавек стабільны ў гэтым стане, ці вялікая рызыка рэцыдыву залежнасці.
Як часта пацыенты зрываюцца?
У англамоўнай літаратуры існуе два паняцці: lapse і relapse.
Першае азначае ўжыванне алкаголю чалавекам, які імкнецца прытрымлівацца поўнай цвярозасці, без страты кантролю, без цяжкіх наступстваў і без пераходу ў паўнавартасны рэцыдыў, для якога якраз і прадугледжана другое паняцце. У нас жа звычайна няма выразнага падзялення гэтых двух паняццяў — зрыў і ёсць зрыў.
Між тым гэта прынцыпова важна, бо мінімальнае ўжыванне алкаголю — досыць частая і амаль непазбежная рэч у доўгатэрміновай перспектыве тэрапіі алкагольнай залежнасці. Але гэта не лічыцца праблемай і патрабуе проста большай пільнасці і аналізу умоваў, якія прывялі або справакавалі гэтае ўжыванне.
Іншая рэч — паўнавартасны рэцыдыў. Менавіта яго прафілактыка і ёсць сутнасцю тэрапіі залежнасці. Калі браць статыстыку, рэцыдывы перажывае большасць людзей, якія пакутуюць ад залежнасці і само па сабе гэта, хоць і непажаданае, але не штосьці надзвычайнае ў тэрапеўтычным працэсе.

Які метад лячэння, па вашым досведзе, найбольш эфектыўны?
Няма аднаго самага эфектыўнага метада, ёсць метады з даследаванай і пацверджанай эфектыўнасцю, я іх прыгадваў.
Калі задавацца пытаннем, што выбраць для сябе, адказ будзе залежаць ад чалавека, яго мэтаў, асаблівасцяў ягонай асобы, даступнасці для яго якога-небудзь з метадаў і нават узаемапаразумення з лекарам.
Як людзі функцыянуюць пасля курсаў лячэння? Ці трэба ім падтрымка псіхолагаў ці медыкаментозная падтрымка?
У ідэале — як звычайныя здаровыя людзі. У рэчаіснасці — па-рознаму. Тут шмат што залежыць ад самога чалавека, праведзенай тэрапіі, наяўнасці ў яго іншых псіхічных разладаў, гісторыі ўжывання алкаголю і таго, у якой ступені ён паўплываў на жыццё і здароўе.
Звычайна пастаяннай псіхатэрапеўтычнай ці медыкаментознай падтрымкі не патрабуецца, але адказ банальны — усё індывідуальна.
Ці маглі б вы згадаць адметныя выпадкі з вашай практыкі?
Найбольш разнастайны досвед я атрымаў, калі працаваў у наркалагічных цэнтрах. Перш за ўсё, ён навучыў мяне таму, што нельга рабіць прагнозы — у выпадку з залежнасцямі сітуацыя мяняецца хутка і часам неперадказальна. Але агульную тэндэнцыю паспрабаваць вывесці можна.
Шмат разоў было такое, што чалавек пакідае цэнтр пасля выйсця з запою і абяцае, што гэта быў апошні раз. І гаварылася гэта па большай частцы шчыра. Але праз пэўны час гэтыя шчырыя людзі вярталіся да нас з новым запоем і новымі абяцаннямі цвярозасці.
Бо, на жаль, пры залежнасці памкненні чалавека надта нестабільныя. Адной з найважнейшых мэтаў тэрапіі якраз і ёсць стварэнне ці падмацаванне стабільнасці.

Ёсць шмат прыкладаў, як уплывае асяроддзе, у тым ліку і іншыя людзі, на лячэнне і яго вынік. Я разумею людзей і іхнія спадзяванні на цуд, але цуды ў жыцці здараюцца досыць рэдка. Аднойчы да мяне прыйшла жанчына, каб дамовіцца, што я абавязкова скажу яе мужу, што ў яго залежнасць. Я адказаў, што я яму гэта абавязкова скажу, калі падчас нашай з ім размовы ў яго выявіцца залежнасць, але загадзя абяцаць гэтага я не магу. І жанчына пайшла шукаць больш згаворлівага лекара.
Былі выпадкі, калі людзі ішлі на ўмовах ультыматуму, літаральна пад канвоем, дзеля даведкі аб лячэнні, якая нярэдка ўспрымаецца як гарантыя цвярозасці, ці нават таму што паспрачаліся з некім, што могуць вытрымаць пэўны тэрмін без алкаголю. Ці трэба казаць, што звычайна пры такіх стартавых умовах тэрапеўтычная эфектыўнасць была вельмі нізкай.

Ці ёсць нешта агульнае паміж алкаголікамі, што прыводзіць да залежнасці?
Мы можам казаць толькі пра фактары рызыкі развіцця залежнасці.
Але калі спрабаваць апісаць «тыповага алкаголіка» ці «будучага алкаголіка», то ў нас нічога не выйдзе, хіба што толькі самае агульнае апісанне.
Чалавек мусіць быць уразлівым да алкаголю. А пасля трапіць у абставіны, у якіх ягоная ўразлівасць заахвоціць яго пачаць выпіваць.
Якое ваша ўласнае стаўленне да алкаголю — вы ўжываеце алкаголь пасля вашага досведу працы нарколагам?
Па шчырасці, я не люблю адказваць на гэтае пытанне: падазраю, што любы адказ больш спрыяе спекуляцыям, чым дае патрэбную інфармацыю. Тым не менш яго працягваюць задаваць.
Магу адказаць, што алкаголь я ўжываю, праблем пакуль што не было. Ну і адзінае, што я магу надаць каштоўнага гэтаму адказу — я спадзяюся, што мой прафесійны досвед будзе дадатковым сродкам прафілактыкі ўзнікнення праблем.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ«Я быў у такой дупе, але паглядзіце на мяне». Стаўкі давялі беларуса да дна — ён расказвае, як выбраўся назад
«Я хачу справядлівасці — і для жанчын, і для сябе». Шчырая гутарка з Андрэем Стрыжаком пра скандал з дыкпікамі, залежнасці і будучыню
«Зрабіць са свайго жыцця рэаліці-шоу». Беларус, які апынуўся на вуліцы, збірае грошы на прытулак для бяздомных у Варшаве
Каментары