Свет33

Трамп заклікаў Брытанію не аддаваць базу Дыега-Гарсія. Ён кажа, што яна можа спатрэбіцца для ўдараў па Іране

Брытанія валодае архіпелагам Чагас з 1814 года, калі яна адабрала яго ў Францыі.

Фота: Christopher Furlong / Getty Images

«Не аддавайце Дыега-Гарсія!» — напісаў прэзідэнт ЗША Дональд Трамп у сваёй сацсетцы, звяртаючыся да Вялікабрытаніі. Паводле яго слоў, брытанска-амерыканская база на гэтым атоле ў Індыйскім акіяне можа спатрэбіцца для ўдараў па Іране, піша Бі-бі-сі.

Праўда, Брытанія яе пакуль і не аддае: паводле пагаднення, падпісанага з Маўрыкіем у маі мінулага года, Злучанае Каралеўства перадае Маўрыкію суверэнітэт над архіпелагам Чагас, у які ўваходзіць атол Дыега-Гарсія, але арандуе базу на найбліжэйшыя 99 гадоў.

Пагадненне да таго ж яшчэ не ратыфікавана брытанскім парламентам: разгляд законапраектаў пра гэта затармазіўся з-за супраціўлення апазіцыі ў Палаце грамадаў і часткі членаў Палаты лордаў.

Пры гэтым усяго за дзень да заявы Трампа ў сацсетцы Дзярждэпартамент ЗША заявіў, што падтрымлівае перадачу Вялікабрытаніяй архіпелага Чагас Маўрыкію.

Сам Трамп мінулай вясной, калі брытанскі прэм'ер Кір Стармер прыязджаў у Вашынгтон, выказаўся за гэтае пагадненне, а ў далейшым некалькі разоў у публічных заявах мяняў сваё меркаванне пра пагадненне па Чагасе на супрацьлеглае. Апошні раз ён заявіў, што гэта найлепшы варыянт для Брытаніі, зусім нядаўна, у пачатку лютага.

Цяпер жа Трамп лічыць, што пагадненне аб арэндзе — гэта занадта ненадзейны дакумент.

«Я казаў прэм'ер-міністру Кіру Стармеру, што арэнда — гэта дрэнна, калі гаворка пра краіны, і што ён робіць вялікую памылку, заключаючы дамову аб арэндзе на 100 гадоў з кімсьці там, хто заяўляе пра правы, валоданне і інтарэс у Дыега-Гарсіі, стратэгічна размешчанай у Індыйскім акіяне», — напісаў Дональд Трамп і дадаў, што прэтэнзіі Маўрыкія на выспу, на яго думку, фіктыўныя.

Далей у сваім твіце Трамп перайшоў да тэмы Ірана.

«Калі Іран вырашыць не заключаць здзелку, то Дыега-Гарсія можа аказацца неабходнай для Злучаных Штатаў, каб ліквідаваць патэнцыйную атаку вельмі нестабільнага і небяспечнага рэжыму», — заявіў амерыканскі прэзідэнт.

«Прэм'ер-міністр Стармер ні ў якім разе не павінен аддаваць кантроль над Дыега-Гарсіяй, заключаючы ў лепшым выпадку сумнеўнае пагадненне аб арэндзе на 100 гадоў […] Мы заўсёды гатовыя, хочам і здольныя змагацца за Брытанію, але яна павінна цвёрда супрацьстаяць вокізму і іншым праблемам, якія стаяць перад ёй. Не аддавайце Дыега-Гарсія!» — заклікаў Трамп.

Што такое Чагас і чаму ён важны

Архіпелаг Чагас, які афіцыйна называецца Брытанскай тэрыторыяй у Індыйскім акіяне, размешчаны ў цэнтры гэтага акіяна.

BBC

Як амерыканскія, так і брытанскія вайсковыя самалёты, якія знаходзяцца на базе Дыега-Гарсія, удзельнічаюць, напрыклад, у аперацыях на Блізкім Усходзе.

Перамовы аб перадачы астравоў Маўрыкію — ён размешчаны ў акіяне за дзве тысячы кіламетраў ад Чагаса — пачаліся ў 2019 годзе, пасля таго, як Брытанія прайграла спрэчку аб прыналежнасці архіпелага ў Міжнародным судзе ААН. Але пра план сапраўды перадаць яго новы брытанскі ўрад лейбарыстаў абвясціў толькі ў кастрычніку мінулага года.

Крытыкі гэтага плана як у Брытаніі, так і ў ЗША кажуць, што перадача архіпелага створыць сур'ёзную пагрозу для базы Дыега-Гарсія і нацыянальнай бяспекі абедзвюх краін, паколькі Маўрыкій апошнім часам наладзіў цёплыя адносіны з Кітаем, Іранам і Расіяй. Пра гэта казаў, у прыватнасці, дзяржсакратар ЗША Марка Рубіа.

Чагас — гэта ланцужок астравоў, які расцягнуўся на 200 км, а ад Дыега-Гарсіі да іншага бліжэйшага вострава архіпелага — 120 км.

Брытанскі ўрад абвясціў, што арэнда тэрыторыі базы ў Маўрыкія на 99 гадоў будзе абыходзіцца ў 101 млн фунтаў стэрлінгаў у год.

Кансерватыўная партыя рэзка крытыкуе ўрад лейбарыстаў за намер перадаць Чагас Маўрыкію — хоць перамовы аб перадачы пачаліся пры ўрадзе торы.

Лае лейбарыстаў і лідар партыі Reform UK Найджал Фарадж, якая набрала ў апошні час папулярнасць.

Лейбарысты пярэчаць, што дамовіцца з Маўрыкіем — гэта найлепшы спосаб забяспечыць захаванасць базы на Дыега-Гарсіі.

Два стагоддзі пад уладай Брытаніі

Брытанія валодае архіпелагам Чагас з 1814 года, калі яна адабрала яго ў Францыі. У канцы 1960‑х і 1970‑х гадоў Вялікабрытанія гвалтоўна выселіла 1000 жыхароў вострава, нашчадкаў вызваленых афрыканскіх рабоў, каб дазволіць будаўніцтва амерыканскай базы.

Архіпелаг Чагас быў адміністрацыйна аддзелены ад Маўрыкія ў 1965 годзе, калі Маўрыкій быў яшчэ брытанскай калоніяй. Брытанія купіла яго за 3 млн фунтаў і абвясціла сваёй заморскай тэрыторыяй у Індыйскім акіяне.

Маўрыкій абвінавачваў Брытанію ў незаконнай каланіяльнай акупацыі архіпелага, сцвярджаючы, што яго незаконна прымусілі адмовіцца ад правоў на астравы Чагас у 1968 годзе ў абмен на незалежнасць.

У перыяд паміж 1968‑м і 1974‑м гадамі брытанскія ўлады выселілі больш за тысячу жыхароў народнасці чагас з астравоў і перасялілі іх на Маўрыкій і Сейшэльскія выспы.

Лондан неаднаразова прасіў прабачэння за высылку астраўлян і абяцаў перадаць выспы Чагас Маўрыкію, калі яны больш не будуць патрэбныя для стратэгічных мэт. Аднак да нядаўняга часу Вялікабрытанія настойвала, што права патрабаваць перадачы архіпелага ў Маўрыкія няма.

Каментары3

  • Імя
    19.02.2026
    Калі Васка да Гама адкрыў гэтыя выспы, яны былі незаселеныя. Першымі жыхарамі сталі французы. Гэтыя выспы павінны застацца пад уладай Еўропы. Глабалісты-левакі піляць галіну, на якой сядзяць
  • Л.н.
    19.02.2026
    Ага, зразумела. Трамп некалькі разоў мяняў сваю пазыцыю па гэтай базе. Значыць, кампэтэнтнае меркаваньне беларускіх трампістаў, уключна з Пазьняком , таксама павінна было мяняцца.
  • Отец Засандалин
    19.02.2026
    Есть на островах нет сети Four Seasons, Трампу такие острова не нужны.

Амаль усе чаты і суполкі калоній і СІЗА Беларусі прызналі экстрэмісцкімі фармаваннямі. Пад пагрозай тысячы чалавек5

Амаль усе чаты і суполкі калоній і СІЗА Беларусі прызналі экстрэмісцкімі фармаваннямі. Пад пагрозай тысячы чалавек

Усе навіны →
Усе навіны

Таксі папрасілі ў МАРГ дазволу падняць тарыфы1

Польскія ўлады апраўдалі беларуса, які падаваўся на карту побыту з пашпартам Новай Беларусі26

Зяленскі заявіў, што не збіраецца выводзіць войскі з Данбаса4

Мужчына з Віцебшчыны праз 21 год дазнаўся, што дачка не яго20

За выбух у мінскім метро судзілі не толькі Канавалава і Кавалёва. Як склаўся лёс яшчэ трох фігурантаў справы?10

На будоўлі ў «Мінск-Свеце» буйны пажар1

У Вільні шукаюць дзяцей у беларускамоўную групу садка4

Энергетычны крызіс, выкліканы атакай на Іран, толькі пачынаецца. Ён можа стаць самым цяжкім у гісторыі6

Калеснікава: Апошнім канцлерам Германіі, які размаўляў з Лукашэнкам, была Меркель. Магчыма, патрэбна новая спроба30

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Амаль усе чаты і суполкі калоній і СІЗА Беларусі прызналі экстрэмісцкімі фармаваннямі. Пад пагрозай тысячы чалавек5

Амаль усе чаты і суполкі калоній і СІЗА Беларусі прызналі экстрэмісцкімі фармаваннямі. Пад пагрозай тысячы чалавек

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць