Ганна Гуськова незадаволеная, як яе судзілі на Алімпіядзе. Казека: Усё нармальна
Беларуская фрыстайлістка, алімпійская чэмпіёнка 2018 года і срэбраная прызёрка 2022‑га ў лыжнай акрабатыцы Ганна Гуськова, якая ў Мілане і Карціна д'Ампеца заняла толькі 8‑е месца, у каментары па гарачых слядах выказала прэтэнзіі да суддзяў.

«Сёння ўсе самі бачылі. Я зрабіла ўсё на 100 працэнтаў: скачкі чыстыя і выканала добра, а далей ужо справа за суддзямі», — цытуе Гуськову тэлеграм-канал беларускага Нацыянальнага алімпійскага камітэта.
У Гуськовай пацікавіліся, ці адчула яна, што яе «прытрымлівалі» суддзі яшчэ на стадыі кваліфікацыі:
«Пагаджуся, таму мне так складана нешта каментаваць. Калі б упала дзесьці, то магла б вінаваціць сябе і сцвярджаць, што я не зрабіла ўсё на 100 працэнтаў».
Таксама яна адзначыла, што гэты алімпійскі сезон атрымаўся складаным і нашых фрыстайлістак можна толькі падтрымаць:
«Магу сказаць, што нам ужо помнікі пры жыцці можна ставіць. За такі кароткі тэрмін — толькі ў снежні пачалі гарналыжную падрыхтоўку — здолелі з дзяўчатамі Андрыянавай і Дзяругай адабрацца на Алімпіяду і паказаць усё, на што здольныя. А як усе бачылі, мы добра выступілі. Таму і няма каментарыяў наконт адзнак. Для мяне гэта вельмі дзіўна.
З плюсаў — вельмі задаволеная, што сваю праграму добра выканала. У фінале чацвёрты скачок прыйшлося выканаць адразу, упершыню ў сезоне, каб павысіць складанасць. Усё зрабіла дзеля медаля, але, на жаль, дадаць ужо няма чаго, вы самі ўсё бачылі. Нават вядучы на стадыёне пракаментаваў: «Бравісіма!». Аднак гэта не адмяняе таго факта, што я не ў шасцёрцы найлепшых».
Старшыня Беларускага лыжнага саюза Аляксандр Грэбнеў суддзямі таксама незадаволены:
«Сёння мы ўбачылі прыклад не самага сумленнага судзейства ў адносінах да нашых спартсменаў. Мы бачылі падобныя скачкі ў прадстаўнікоў іншых краін, і адзнакі вельмі моцна розніліся. Ды і скачкі ў іх былі не самай высокай якасці. Паўтаруся, што, на жаль, судзейскі фактар у фрыстайле вельмі суб'ектыўны. Так, сярод суддзяў геаграфічная разнастайнасць ёсць, але не буду канкрэтызаваць. Каму трэба — паглядзіць у інтэрнэце. Там усе сцягі і асобы вядомыя. Я ж як кіраўнік магу толькі абурыцца і зрабіць пэўныя высновы па сістэме судзейства».
Спартыўны чыноўнік абяцае пры гэтым «так проста сістэму судзейства не пакінуць».
У той жа час славуты трэнер Мікалай Казека, якога пасля 2020 года адхілілі ад працы, мае адносна выступлення Гуськовай і судзейства на Алімпіядзе іншую думку:
«Ганна выступіла годна. Была дапушчаная грубая памылка ў размеркаванні скачкоў. Менавіта гэта і не дазволіла Ганне трапіць у шасцёрку [удзельніц другога фіналу] і змагацца за медалі.
Яе другі скачок [у першым фінале] павінен быў ісці першым. Тады б яна была ў барацьбе за медалі. Другі скачок у яе быў больш складаны, за яго яна атрымала больш за 100 балаў, а за [больш лёгкі] першы — усяго 86,44.
На жаль, яна прывезла ў Італію тую самую праграму, з якой яна стала алімпійскай чэмпіёнкай у 2018 годзе і срэбранай прызёркай Алімпіяды ў 2022-м. Яна не ўскладнілася. Хоць усе магчымасці ў яе былі. Мы ў Мінску валодаем найлепшай у свеце базай па падрыхтоўцы фрыстайлістаў […]
Тэхнічна Гуськова знаходзілася на сваім узроўні. Вядома, не прасунулася наперад, але ўсё ж такі ўзровень быў нядрэнны. Я ўпэўнены, што другі скачок [першага фіналу ў выпадку выканання яго першым] прывёў бы яе да барацьбы за медалі. Быў тактычны промах».
Што да судзейства, то тут Казека катэгарычны:
«У мяне прэтэнзій няма. Мне здаецца, што ў гэтым плане ўсё было нармальна».
Пры гэтым ён адзначыў таксама, што ў Ганны Гуськовай цяпер вельмі сур'ёзна хворая маці, і гэта на яе магло таксама ціснуць.
Што ж тычыцца дзвюх іншых беларускіх удзельніц гэтай Алімпіяды, Ганны Дзяругі і Анастасіі Андрыянавай, то тут Мікалай Казека кажа так:
«Па-першае, нагадаю, што яны нават не адабраліся на Алімпіяду. Іх уключылі ў апошні момант. Па-другое, яны яшчэ не гатовыя да больш складаных скачкоў. Нават тыя не вельмі складаныя скачкі [з каэфіцыентам максімум 3,150], якія яны рабілі, былі выкананыя не вельмі якасна. [22-гадовая] Дзяруга і [21-гадовая] Андрыянава ўжо ў такім узросце, што павінны паказваць вынікі, але іх няма».
Ад адказу на пытанне, ці адбываецца так праз ягонае адхіленне ад працы са зборнай, Казека з усмешкай устрымаўся.
Нагадаем, што золата ў гэтай дысцыпліне выйграла кітаянка Сю Мінтаа (112,9), у аўстралійкі Дэніэл Скот — срэбра (102,17), у кітаянкі Ксі Шаа — бронза (101,9).
Трэніруе аўстралійку, якая заваявала срэбра, дарэчы, беларус Дзмітрый Дашчынскі — бронзавы прызёр Алімпіяды ў Нагана 1998 года і срэбраны — Турына 2006-га. Таму ў гэтай узнагародзе ёсць таксама ўплыў славутай беларускай школы лыжнай акрабатыкі.
Пачынаючы з 1998 года беларускія фрыстайлісты прывозілі медалі з усіх Алімпіядаў, у тым ліку у 2010, 2014 і 2018 гадах залатыя. Гэтая Алімпіяда стала першай без узнагарод за амаль 30 гадоў.
Ганна Гуськова не змагла прабіцца ў суперфінал у лыжнай акрабатыцы
Ганна Гуськова ў першай спробе фіналу па лыжнай акрабатыцы заняла 10‑е месца
Ганна Гуськова прабілася ў фінал спаборніцтваў па лыжнай акрабатыцы
Ніводная з беларускіх фрыстайлістак не прабілася ў фінал спаборніцтваў па лыжнай акрабатыцы ў першай кваліфікацыі
Сёння на Алімпіядзе паспрабуюць паўторна выступіць фрыстайлісткі, а таксама ў горных лыжах паспаборнічае Марыя Шканава
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары
Hetaha tre bylo čakac, i ciapier nie zdziūliacca, dobra, što ūvohule patrapili na toje mierapryjemstva. Nie tamu dobra, što sport, i tra-la-la (u ciapierašnich varunkach heta pir u čas čumy, jaki nielha bylo pravodzic, bo amaralna), a tamu, što niejak dy ūsprymajuc.