Навука і тэхналогіі

Штучны інтэлект дапіша гісторыю Старажытнага Рыма там, дзе гісторыкі няздатныя супаставіць факты

Брытанскія навукоўцы і спецыялісты з лабараторыі Google DeepMind распрацавалі праграму, якая з дапамогай штучнага інтэлекту запоўніць прабелы ў нашых ведах пра гісторыю Старажытнага Рыма.

Фармулёўкі ў многіх старажытных надпісах стандартныя — і новая праграма, абапіраючыся на мноства шаблонаў і логіку, прапануе варыянты страчаных частак тэкстаў. Фота: Метраполітэн-музей

Яна будзе дапамагаць гісторыкам аналізаваць, параўноўваць і аднаўляць надпісы на помніках, сценах і прадметах побыту, піша Бі-Бі-Сі.

«Надпісы — адна з самых ранніх форм пісьменнасці. Гэта прамыя сведчанні пра антычную гісторыю, мовы і грамадствы, і таму яны маюць вялікую каштоўнасць для гісторыкаў. Але на працягу стагоддзяў яны пашкоджваюцца, і расшыфроўваць іх — гэта як быццам складаць гіганцкую мазаіку з дзясяткаў тысяч частак, 90 працэнтаў якіх страчаныя», — тлумачыць доктарка Тэа Сомершылд, гісторык з Нотынгемскага ўніверсітэта і адна з распрацоўшчыц праграмы «Эней» (Aeneas).

Назва праграмы «Эней» сімвалічная: у старажытнарымскай міфалогіі гэты герой Траянскай вайны з царскага роду дарданаў лічыўся продкам Ромула і Рэма, заснавальнікаў Рыма, які прывёў ацалелых траянцаў з разбуранай Троі ў Італію.

Як працуе «Эней»

«Эней» параўноўвае прадстаўленыя яму надпісы або фрагменты надпісаў з уласнай велізарнай базай даных з 176 тысяч рымскіх надпісаў і малюнкаў, знаходзіць падобныя або аналагічныя тэксты, прапануе магчымыя варыянты страчаных слоў і частак сказаў, прапануе дату стварэння — і робіць усё гэта імгненна.

«Гісторыкі не могуць знайсці ўсе гэтыя паралелі ў дзясятках тысяч надпісаў за лічаныя секунды — і менавіта тут штучны інтэлект можа стаць ім памочнікам», — тлумачыць другі сааўтар «Энея», доктар Яніс Асаэль, спецыяліст па ШІ з Google DeepMind.

Тэставанне на «Дзеяннях боскага Аўгуста»

Распрацоўшчыкі «Энея» пратэставалі сваю праграму на знакамітым тэксце «Дзеянні боскага Аўгуста» (Res Gestae Divi Augusti) з храма Аўгуста ў Анкіры (сучасная Анкара ў Турцыі).

Гэты тэкст быў напісаны першым рымскім імператарам Аўгустам, які апісаў у ім сваё жыццё і дасягненні. Ён мае велізарнае значэнне для разумення таго перыяду ў гісторыі Рыма. Аднак дакладная дата напісання тэксту застаецца прадметам спрэчак сярод гісторыкаў.

«Эней» прапанаваў два найбольш верагодныя перыяды: ад 10 да 20 года нашай эры і ад 1 да 10 года да нашай эры.

Распрацоўшчыкі падкрэсліваюць, што гэты вынік сведчыць пра высокую якасць праграмы: большасць гісторыкаў таксама лічыць, што тэкст быў напісаны менавіта ў адзін з гэтых перыядаў.

Папярэдняя версія праграмы ад Google DeepMind прапаноўвала адсутныя словы ў старажытнагрэчаскіх тэкстах. «Эней», па словах распрацоўшчыкаў, значна магутнейшы і разумнейшы. Фота: Google DeepMind

Не замена, а памочнік

Як адзначаюць Тэа Сомершылд і Яніс Асаэль, «Эней» — гэта менавіта памочнік гісторыка, а не замена жывому даследчыку.

Каманда дала магчымасць пратэставаць праграму 23 гісторыкам і выявіла, што гісторык разам з «Энеем» дасягае лепшых вынікаў, чым кожны паасобку.

«У водгуках гаварылася, што «Эней» не толькі паскарае працу гісторыкаў, але і знаходзіць паралелі, якіх яны самі раней не заўважалі», — кажа доктар Сомершылд.

Кантроль за ШІ застаецца за гісторыкам

Усе, хто карыстаецца папулярнымі ШІ-праграмамі ў інтэрнэце, ведаюць, што яны часта даюць сумнеўную інфармацыю і дадумваюць адказы. Менавіта таму, кажа доктар Асаэль, «Эней» — гэта інструмент у руках гісторыка, а не яго заменнік.

«Мы прызнаём, што ШІ не заўсёды мае рацыю, і я не думаю, што гісторыкі будуць чакаць ад яго непахіснай праўды», — тлумачыць Яніс Асаэль. Гісторыкам трэба будзе самастойна ацэньваць прапановы «Энея» і вырашаць, якія з іх бліжэйшыя да гістарычнай праўды.

Іншыя поспехі ШІ ў археалогіі

Гэты абвуглены скрутак навукоўцы змаглі «разгарнуць» і пачаць расшыфроўваць дзякуючы рэнтгену і ШІ. Фота: Бадліянская бібліятэка

У пачатку гэтага года каманда навукоўцаў віртуальна «разгарнула» і пачала расшыфроўваць скрутак з горада Геркуланум, які разам з Пампеямі быў знішчаны вывяржэннем Везувія ў 79 годзе н. э.

Гэты папірусны скрутак, што захоўваецца ў Бадліянскай бібліятэцы ў Оксфардзе, цалкам абвугліўся і праляжаў пад пластом попелу і зямлі амаль дзве тысячы гадоў, таму фізічна яго разгарнуць немагчыма. Але дзякуючы рэнтгену і ШІ навукоўцы атрымалі «плоскую» лічбавую выяву скрутка.

Некаторыя літары і словы на ім можна прачытаць, і даследчыкі мяркуюць, што гэта быў філасофскі тэкст. Але ў цэлым ён застаецца малачытэльным — і тут, магчыма, «Эней» або іншая падобная праграма зможа дапамагчы ў яго аднаўленні і расшыфроўванні.

Каментары

Цяпер чытаюць

Лукашэнка: Што творыцца ў краіне, у нас усе гэтую гусь круцяць25

Лукашэнка: Што творыцца ў краіне, у нас усе гэтую гусь круцяць

Усе навіны →
Усе навіны

Штучны інтэлект рашыў задачу Наўе—Стокса, якую людзі не маглі разгадаць 90 гадоў. Гісторыя, аднак, абярнулася скандалам14

Украінскія беспілотнікі атакавалі Махачкалу3

Навукоўцы выявілі нечаканую сувязь паміж прыёмам парацэтамолу падчас цяжарнасці і здароўем дачок2

У Гродне зносілі склад і абрынулі частку сцяны на праезную частку. Аскепкі пашкодзілі аўтамабіль

«Не зразумелі, што гэта бегае». На запраўцы знайшлі ката, які быў увесь у апёках і зялёнцы3

Расійскія беспілотнікі атакавалі гандлёвы цэнтр у Сумах

Трамп заявіў, што «Пуцін хоча заключыць здзелку»12

Украіна аб'явіла ў вышук «Жэню з Гомеля». Што пра яго вядома?1

Беларуска Карына Казлоўская заваявала на чэмпіянаце Польшчы па стральбе з лука сем залатых медалёў. Больш проста не было 8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Лукашэнка: Што творыцца ў краіне, у нас усе гэтую гусь круцяць25

Лукашэнка: Што творыцца ў краіне, у нас усе гэтую гусь круцяць

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць