Грамадства4040

«Шынвізэ — кончаны садыст». Адзін з адыёзных начальнікаў калоніі Бабруйска перабраўся ў Германію

Дзмітрый «Рудольф» Шынвізэ — да нядаўняга часу начальнік аператыўна-рэжымнай часці калоніі №2 Бабруйска. Рукамі гэтага чалавека рабіліся многія подласці, ствараліся невыносныя ўмовы для сотняў ні ў чым не вінаватых людзей. У калоніі застаецца як мінімум 50 палітвязняў, а вертухай тым часам разам з сям'ёй абжываецца ў Германіі. Цяпер ён гер Dimitri Schönwiese.

Дзмітрый Шынвізэ, фота: база «Пашпарт», Белпол

«Вітаем у самай чырвонай зоне на постсавецкай прасторы! Пі*арасы, блакітныя, у ж*пу завадныя, выйсці са строю!» — такім воклічам афіцэр сістэмы Дэпартамента выканання пакаранняў Дзмітрый Рудольфавіч Шынвізэ кожны тыдзень год за годам сустракаў новых зняволеных, якіх адправілі ў бабруйскую калонію №2.

Пасля гэтага дзясяткі чалавек, якія вытрымалі этап, павінны падхапіць сумкі і пабегчы да будынка каранціну. З «Рудольфам» — так яго празвалі праз незвычайнае імя па бацьку — яны сустрэнуцца яшчэ не раз. Ён мог вынырнуць з-за вугла, каб без дай прычыны прычапіцца да зняволенага і скласці акт, які ўрэшце прывядзе да 10 сутак у ШІЗА — ці то за ўяўную няголенасць, ці то за тое, што не паспеў належна павітацца. А калі гэта палітвязень, то яму пагражала яшчэ і лекцыя пра тое, як дрэнна жывецца ў Еўрасаюзе.

Але ўсё гэта ў мінулым. Цяпер Дзмітрый Шынвізэ, адыёзны вертухай бабруйскай калоніі, жыве з сям'ёй у Германіі, у жывапісным горадзе Шверын, які стаіць сярод сістэмы азёраў у Заходняй Памераніі.

«Ненармальна тое, што ты з’явіўся на гэты свет!»

Вадзім Ермашук, студзень 2025 года. Фота: Наша Ніва

Блогер Вадзім Ермашук правёў у калоніі №2 у Бабруйску больш за два гады. Яго асудзілі за абразу Лукашэнкі і за «здзек» з дзяржаўнага сцяга. Але праз сэксуальную арыентацыю Ермашук атрымаў і дадатковае пакаранне — адміністрацыя калоніі перавяла яго ў «нізкі сацыяльны статус».

«Была зіма, і я захварэў. Шалік там можна было завязваць крыж на крыж. І вось мы ішлі ў сталовую, я завязаў шалік крыж на крыж і дадаткова яго абматаў вакол шыі. Я іду ў канцы, таму што ў мяне і жоўтая палітычная бірка, і нізкі статус.

І тут гэты Рудольф мяне ўбачыў, падыходзіць да мяне і торгае за шалік, адцягвае яго: «А ты што там?» Я падумаў, што ён правярае, ці пагаліўся я, бо за гэтым сачылі, а я якраз пагаліўся, таму адказваю: «Усё нармальна ў мяне». І ён закіпеў: «Паглядзіце, як ён размаўляе! Усё нармальна ў яго! Ненармальна тое, што ты з’явіўся на гэты свет!»

Я сірата, для мяне пачуць гэта наогул было вельмі крыўдна — у мяне маці-інвалід была, і я ў яе быў доўгачаканым. А тут я ціпа нейкі ў*бак — нас так і называлі, а яшчэ «залупамі» і «гандонамі». 

І потым Рудольф бярэ адзін канец шаліка, дае свайму напарніку другі канец (не памятаю, як яго звалі). А трэці стаіць і назірае, як яны пачынаюць мяне душыць, расцягваючы шалік у два бакі. І рагочуць, маўляў, ты павесіцца захацеў, калі так шалік заматаў. А я паветра не паспеў набраць, і пачаў неяк спрабаваць супраціўляцца рукамі, таму што ўжо задыхаўся. Так секунд 40, можа, працягвалася.

Пасля гэтага быў нервовы зрыў, ужо проста накаціла… Я тады пракрычаў, што я хачу ў ШІЗА, мне ўсё надакучыла, што галасаваў за Ціханоўскую.

У ШІЗА і так цяжка сядзець, але былі супрацоўнікі, якія проста выконвалі свае абавязкі, а гэты Рудольф прыходзіў такі фанабэрлівы, заўсёды пад*бваў, зневажаў. Паказваў, што ён пры ўладзе.

Мужчына, які сядзеў там па 328-м наркатычным артыкуле расказваў мне, што Рудольф яго персанальна збіваў. За тое, што ён часам мог там рэжым парушаць.

А цётцы на званках я заўсёды казаў, што Шынвізэ — фашыст. Я яго так называў і скардзіўся на яго штораз, бо ён здзекаваўся з усіх, не толькі з нізкага статуса. Мне тады абрубалі той званок», — узгадвае Ермашук.

Палітвязень выйшаў на свабоду ў чэрвені 2024 года. Ермашук атрымаў прытулак у Польшчы. Ён даў паказанні наконт Шынвізэ Камітэту па катаваннях ААН.

«Сустрэча навічкоў вельмі нагадвала сцэны з фільмаў пра канцлагер»

«Вы памятаеце гэтага супрацоўніка калоніі?» — напісаў карэспандэнт «Нашай Нівы» яшчэ аднаму палітвязню, які сядзеў у Бабруйску.

«Канечне, кончаны садыст. Я гэтага вырадка ніколі не забуду», — адказаў ён.

Былы палітвязень пагаджаецца з меркаваннем Ермашука, што Шынвізэ падыходзіў да сваёй працы з садысцкай асалодай: «Колькі актаў праз яго было складзена! Колькі чалавек трапілі ў ШІЗА! І тут жа такая штука: калі ёсць на чалавека заказ зверху, то яго ўсё адно пакараюць, хоць якую прычыну прыдумаюць. Але пры камунікацыі з Рудольфам складвалася ўражанне, што ён хоча паздзеквацца яшчэ больш, чым загадана. І не для таго, каб выслужыцца, не. Проста яму падабаўся сам працэс».

Мы знашлі толькі аднаго былога палітвязня, які лічыць, што Шынвізэ — «нармальны чалавек, калі разумець яго прыколы».

«Ён хутчэй эпаціраваў. Калі не ўспрымаць яго як грознага дзядзьку, а разумець, як камунікаваць, то можна сказаць, што нармальны. Каб прам рабіць [усялякія гадасці], то не рабіў», — кажа ён.

Магілёўскія праваабаронцы з Mayday пісалі пра Шынвізэ яшчэ ў 2023 годзе:

«Былыя зняволеныя ўзгадваюць, што ён моцна схільны да тэатральнасці, а сустрэча навічкоў вельмі нагадвала сцэны з фільмаў пра канцлагер.

Вязням было відавочна, што гэта ўсё дастаўляла яму задавальненне. […] Шынвізэ любіў падысці так блізка, каб амаль дакранацца тварам да твару, глядзець у вочы і задаваць бессэнсоўныя пытанні, кшталту: «Што, што, што?», або «Дзе?», а потым казаў абсалютна нелагічныя і абсурдныя рэчы. У выніку асуджаны трапляў у ШІЗА за незашпілены гузік».

Пік кар'еры — начальнік аператыўна-рэжымнай часці

Званне маёра Шынвізэ атрымаў у 2011-м. Хутчэй за ўсё, за наступны час ён па выслузе мог стаць падпалкоўнікам.

Усю кар'еру Рудольф зрабіў у бабруйскай калоніі — служыў начальнікам аддзела выпраўленчага працэсу, дзяжурным памочнікам начальніка калоніі.

Пік яго кар'еры прыйшоўся на час палітычных рэпрэсій — у 2023-м Шынвізэ прызначылі начальнікам аператыўна-рэжымнай часці калоніі.

На новай пасадзе ён яшчэ больш заціскаў рэжымныя гайкі — напрыклад, адразу забараніў, каб зняволеным дасылалі кнігі проста ў канвертах. Былі ўведзеныя і абмежаванні па атрыманні медыцынскіх пасылак.

Гэта пасада ўплывовая — ад рашэнняў Шынвізэ залежалі побытавыя ўмовы ўсіх зняволеных, у тым ліку і палітычных — але не настолькі высокая, каб на яго звярнулі ўвагу замежнікі і ўключылі ў санкцыйныя спісы.

Нямецкія карані і таямнічае знікненне

«Фашыст» Шынвізэ раптоўна прапаў з калоніі ў пачатку 2024 года. Многія зняволеныя палічылі, што далі плён шматлікія скаргі на яго. Аднак выглядае, што Рудольф звольніўся сам — і адразу знік.

Пошукі ў Беларусі, якія зладзілі калегі, не далі плёну. А потым быццам бы высветлілася, што Шынвізэ з'ехаў з Беларусі ў трэцюю краіну па лініі рэпатрыяцыі. Але куды?

«Наша Ніва» правяла невялікае расследаванне, адштурхнуўшыся ад прадастаўленых «Белполам» звестак з базы «Пашпарт» пра кантакты і сваякоў Шынвізэ.

Аказалася, што бацька вертухая — ужо нежывы — Рудольф Гербертавіч Шынвізэ, які нарадзіўся ў Казахстане і, з вялікай верагоднасцю, з'яўляецца нашчадкам нямецкіх каланістаў, якія масава сяліліся на Паволжы, а потым былі раскіданыя Сталіным па Казахстане.

Шынвізэ — гэта нямецкае прозвішча, папулярнае ў каланістаў, якое літаральна перакладаецца як «прыгожая ніва». 

Далей мы праверылі беларускія нумары сваякоў Дзмітрыя і яго самога — у месенджарах на іх ужо нічога не зарэгістравана. 

Сам Дзмітрый па відавочных для міліцыянера прычынах неактыўны ў сацыяльных сетках. Яго складана адшукаць. Сваю закрытую старонку ў «Аднакласніках», напрыклад, ён назваў лаканічна і неперсалізавана: S S, акаўнт «УКантакце» закінуты

Гэтая старонка прывязаная да беларускага нумара Шынвізэ. Насамрэч ён нарадзіўся 1 верасня 1981 года. Фота: Скрыншот ok.ru

Але мы знайшлі ягоную жонку, Марыну. Яна мае Linkedin з усяго двума кантактамі ў ім, але гэтага дастаткова для таго, каб зрабіць высновы. 

Былая загадчыца бабруйскай фірмовай крамы дзяржынскай швейнай фабрыкі «Эліз» пазначыла, што ў красавіку 2024-га — прыкладны час знікнення Рудольфа з калоніі — узяла «кар'ерны перапынак» у сувязі з рэлакацыяй у Германію. Цяпер месцам жыхарства Марыны названы горад Шверын у Заходняй Памераніі. Да Балтыйскага мора адтуль — менш за гадзіну на машыне.

Напісанне свайго прозвішча жанчына змяніла на нямецкі лад — цяпер яна Marina Schönwiese.

Малаімаверна, каб жонка былога вертухая з нямецкімі каранямі перабралася ў Германію па нейкай іншай, самастойнай, не звязанай з мужам праграме. Больш верагодна, што яны зрабілі гэта разам і жывуць там разам.

Марына Шынвізэ (Marina Schönwiese) у Германіі. Фота: Vk.com

Рэпатрыявацца ў Германію нашчадкі нямецкіх каланістаў могуць цалкам легальна і па спрошчанай праграме: пасля доказу нямецкага паходжання і сувязяў з нямецкай культурай такі чалавек атрымлівае асаблівую візу Spätaussiedler для ўезду ў Германію, пасля чаго на месцы — адразу пашпарт, без патрабавання па часе пражывання на тэрыторыі краіны. 

Вулачкі Шверына, якімі цяпер гуляюць Herr і Frau Schönwiese. Фота: Wikipedia.org

Адпаведна, з вялікай імавернасцю сёння сумнавядомы Дзмітрый «Рудольф» Шынвізэ з'яўляецца грамадзянінам Германіі і пражывае там пад іменем Dimitri Schönwiese.

Менавіта на такі правапіс ён змяніў імя свайго старога гугл-акаўнта, з якога ў сваім ранейшым жыцці ацэньваў бабруйскія крамы на карыстальніцкіх сайтах. 

Фота: скрыншот з google.com

Пры атрыманні грамадзянства ці хаця б прытулку ў Германіі Дзмітрый Шынвізэ павінен быў пісьмова засведчыць, што ніколі не ўдзельнічаў у катаваннях і не здзяйсняў злачынстваў супраць чалавечнасці.

Палітвязні бабруйскай калоніі №2 маюць іншае меркаванне наконт чысціні вертухая Шынвізэ перад міжнародным заканадаўствам.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары40

  • Спадар
    13.08.2025
    Спадзяюсь "даўжнікі" знойдуць...
  • Позорище
    13.08.2025
    Видимо, ник аккаунта в ОК ("SS”) приложил к анкете как доказательство связи с немецкой культурой.
  • Хейт
    13.08.2025
    Арыйцы, нямецкая правіца, AfD прыйдуць да ўлады, сябры Трампа Пуціна і Лукашэнкі і Schönwiese шчэ і тытул атрымаюць, на перамовах пра санкцыі - як Зенечка прадбачыў

Цяпер чытаюць

«Абмяркоўваем пытанне аб вызваленні яшчэ 1300 зняволеных». Трамп расказаў, пра што гаварыў з Лукашэнкам20

«Абмяркоўваем пытанне аб вызваленні яшчэ 1300 зняволеных». Трамп расказаў, пра што гаварыў з Лукашэнкам

Усе навіны →
Усе навіны

Кіты, карабель-прывід і чырвонае святло: беларус перасёк Атлантыку пад ветразем3

Колькасць машын на польскай мяжы пераваліла за 3500 — гэта рэкорд6

Сустрэча Трампа і Пуціна пачнецца а 22-й гадзіне

Толькі 1% тых, хто выжыў пасля Хірасімы і Нагасакі, пасля памерлі ад ракавых хвароб, выкліканых радыяцыяй9

«Нёман» урваў перамогу ў «Клаксвіка» па пенальці і прабіўся ў плэй-оф кваліфікацыі Лігі канферэнцый13

Прарыў расіян каля Дабраполля: ці сапраўды УСУ ўдалося нейтралізаваць пагрозу2

Трамп спадзяецца на добрую сустрэчу з Пуціным, але не лічыць яе самай важнай5

Кітаец спрабаваў пераслаць з ЗША ў шкарпэтках больш за 850 чарапах

Казахстан упершыню абышоў Расію па ВУП на душу насельніцтва7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Абмяркоўваем пытанне аб вызваленні яшчэ 1300 зняволеных». Трамп расказаў, пра што гаварыў з Лукашэнкам20

«Абмяркоўваем пытанне аб вызваленні яшчэ 1300 зняволеных». Трамп расказаў, пра што гаварыў з Лукашэнкам

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць