Галоўнага рэдактара «Еўрарадыё» ўнеслі ў базу ўкраінскага сайта «Міратворац»
34‑гадовы кіраўнік незалежнага беларускага медыя Яўген Казарцаў трапіў у чорныя ўкраінскія спісы.

Галоўны рэдактар «Еўрарадыё» Яўген Казарцаў трапіў у базу ўкраінскага цэнтра «Міратворац». На партале, які фіксуе прыкметы злачынстваў супраць нацыянальнай бяспекі Украіны, з'явілася картка з яго асабістымі звесткамі.
Журналісту закідаюць «удзел у актах гуманітарнай агрэсіі супраць Украіны», распаўсюд расійскай прапаганды і маніпуляванне грамадска значнай інфармацыяй у інтарэсах Крамля.
Прэтэнзіі да Казарцава звязаныя з яго працай з 2015‑га па 2020‑ы гады на расійскім дзяржаўным рэсурсе «Спутнік».
Казарцава вінавацяць, што ў сваіх тагачасных публікацыях журналіст паўтараў ключавыя наратывы Крамля. Паводле «Міратворца», ён выпускаў тэксты, якія дыскрэдытавалі беларускіх добраахвотнікаў у зоне АТА.
У яго артыкулах на «Спутніку» знайшлі кампліментарныя характарыстыкі Аляксандра Лукашэнкі як «роднага прэзідэнта» і «бацькі нацыі», адмаўленне палітвязняў у Беларусі і фальсіфікацый на выбарах 2016 года.
Сам Казарцаў публічна тлумачыў сваю працу на «Спутніку» тым, што да 2020 года ён «не асабліва быў свядомы чувак».
Што такое сайт «Міратворац»
Украінскі праект «Міратворац» быў створаны ў 2014 годзе для даследавання прыкмет злачынстваў супраць нацыянальнай бяспекі Украіны. Фактычна ён уяўляе сабой адкрытую публічную базу даных, куды валанцёры заносяць асабістыя звесткі людзей, якіх падазраюць у падтрымцы расійскай агрэсіі, супрацоўніцтве з акупацыйнымі ўладамі і гэтак далей.
Трапіць у спіс «Міратворца» даволі проста — яго папаўняюць валанцёры, і ён не звязаны наўпрост з дзяржаўнымі органамі. Тым не менш, траплянне ў базу «Міратворца» часам становіцца падставай для забароны на ўезд ва Украіну, праблем з візамі ў ЕС альбо іншых юрыдычных ці рэпутацыйных праблем.
-
Прапагандысты паказалі моцна схуднелага Васіля Верамейчыка
-
Стала вядома, хто атрымаў жыллё ў «сакрэтным» доме пад Драздамі. Сярод іх — сілавік, які «вызначыўся» ў 2020 годзе
-
Дактары з Украіны і Беларусі з цяжкасцю здаюць польскі медыцынскі экзамен. Праўда, палякі з замежным дыпломам спраўляюцца не лепш
Каментары
...
аказваецца, як можна ўмомант пераабуцца.. можа і Азаронак так стане свядомым?