У Турцыі збіраюцца забараніць шведскія сталы ў гатэлях і рэстаранах. Мільёны тон ежы выкідаюцца
У Турцыі ўлады рыхтуюць заканадаўчыя меры па змаганні з марнаваннем прадуктаў, асабліва ў сферы грамадскага харчавання і турызму. Паводле даных Фонду прадухілення страт, у краіне штогод марнуецца каля 23 мільёнаў тон ежы, а прыблізна 35% садавіны і гародніны трапляе ў смецце яшчэ да таго, як трапіць на стол, піша турэцкае выданне Sabah.

Праблема з марнаваннем ежы спрыяе росту харчовай інфляцыі, таму пры прэзідэнце Турцыі створаны Камітэт па аграрнай і харчовай палітыцы, які падрыхтаваў шырокі аналітычны даклад. У найбліжэйшыя месяцы яго прадставяць прэзідэнту Рэджэпу Таіпу Эрдагану, а пасля — у парламент.
Адным з аб’ектаў крытыкі стала папулярная ў апошнія гады сістэма «серпме»-сняданкаў (калі на стол падаюць шмат дробных страў у агульным фармаце). Як адзначае кіраўнік Асацыяцыі рэстаранаў і турыстычных кампаній і член Камітэта Рамазан Бінгёль, каля паловы ежы з такіх сняданкаў выкідаецца.
Асноўная прычына — абавязак заказу сняданкаў у колькасці, роўнай колькасці людзей за сталом.
Напрыклад, нават калі тры чалавекі могуць лёгка падзяліць паміж сабой сняданак на дваіх, большасць устаноў усё адно патрабуюць аплату і падачу па колькасці гасцей, што вядзе да празмернай колькасці страў і, у выніку, да марнавання ежы.
Падобная сітуацыя назіраецца і ў гатэлях з сістэмай «усё ўключана» і «шведскім сталом».
Турысты бяруць розныя стравы «на ўсякі выпадак», але значная частка ежы застаецца некранутай і трапляе ў смецце. Па словах Бінгёля, гэта прыводзіць да марнавання вялізных грошай.
Плануецца, што новыя правілы прадугледзяць пераход гатэляў ад «усё ўключана» да фармату à la carte — калі госць загадзя выбірае толькі тое, што збіраецца з’есці. У рэстаранах і кавярнях павінны будуць адмяніць патрабаванне заказу сняданкаў па колькасці людзей, а калі ўстанова адмовіцца гэта зрабіць, то кліент зможа падаць скаргу ў Міністэрства гандлю, пасля чаго магчымы штраф.
Асобна ў дакладзе закранута пытанне кармлення бадзяжных жывёл.
Улады прапануюць забараніць выкіданне ежы на вуліцу пад выглядам «падкарміць сабак ці катоў», бо гэта прыводзіць да антысанітарыі і распаўсюджвання грызуноў і бактэрый. Рэшткі ежы прапануецца збіраць і перадаваць у спецыяльныя прытулкі.
Вялікай праблемай з’яўляецца і хлеб: у Турцыі штодня выкідаецца каля 12 мільёнаў боханаў, а за год — больш за 4 мільярды. Гэта азначае, што разам з хлебам марнуецца праца фермераў і пекараў, а таксама выдаткі на вытворчасць.
Уладам прапануюць устанавіць абмежаванні на колькасць хлеба, які падаюць у грамадскіх установах, і дадаваць яго толькі па запыце кліента.
Паводле статыстыкі, на аднаго жыхара Турцыі прыпадае ў сярэднім каля 102 кілаграмаў змарнаванай ежы ў год. Эксперты падлічылі, што нават калі скараціць страты на 5%, гэта прынясе эканомію ў дзясяткі мільярдаў турэцкіх лір (за адзін даляр па цяперашнім курсе даюць каля 40,7 лір). На фоне таго, што больш за 783 мільёны чалавек у свеце церпяць ад голаду, а штодня ад недаядання памірае больш за 25 тысяч дзяцей, улады падкрэсліваюць, што зніжэнне марнавання прадуктаў з’яўляецца не толькі эканамічнай, але і маральнай задачай.
«Прыходзілі людзі з ссабойкамі». Беларусы размялі ўсю ежу з безлімітнага рэстарана ў першы дзень адкрыцця
«Пакінуў ежу на талерцы — плаці?» Госць здзівіўся штрафу ў мінскім рэстаране з безлімітам
Мінчукі набылі тур у Турцыю, але толькі страцілі грошы
Ці сапраўды ў Турцыі сёлета паўпустыя пляжы?
Турцыя — ад 1600 еўра, Егіпет — каля 1800 долараў, і «танны» Тайланд. Колькі каштуе летні адпачынак з вылетам з Мінска
Каментары