Ліса і сабака разам апынуліся ў калодзежы ў Польшчы: ратавальнікі былі расчуленыя
Незвычайны выпадак здарыўся ў нядзелю, 19 кастрычніка, раніцай у польскай вёсцы Барвінэк. Пажарным давялося ратаваць сабаку і лісу, якія апынуліся ў закінутым і неагароджаным пяціметровым калодзежы.

Калі ратавальнікі, якіх выклікалі мясцовыя, зазірнулі ўнутр, яны ўбачылі шчымлівую карціну. Паводле іх слоў, дзве жывёлы былі «прытуленыя адна да адной, змерзлыя, але спакойныя», піша Fakt.
У калодзежы не было вады, што, верагодна, выратавала ім жыццё.
Кіраўнік ратавальнай групы Міхал Бугай адзначыў, што жывёлы не былі агрэсіўныя адно да аднаго, а выглядалі «так, быццам падтрымлівалі адно аднаго ў цяжкай сітуацыі».
Эвакуацыя праходзіла з дапамогай вяровак і плеценага кошыка.
Сабака самастойна заскочыў у кошык і яго выцягнулі. Асцярожная ліса пагадзілася заскочыць у кошык толькі пасля таго, як ратавальнікі дадалі ў калодзеж трохі вады.

Жывёлы не атрымалі траўм. Сабаку перадалі ўладальніку, а ліса ўцякла ў лес.
Уладальніку калодзежа рэкамендавалі неадкладна яго агарадзіць.
Каментары
Дарэчы, лісы й сабакі - сваякі, ны належаць да аднаго сямейства.