«Для кожнага быў свой тэлевізар». Беспрацоўны беларус расказаў, як у Германіі яму зрабілі бясплатную аперацыю
Павел Сакалоўскі, у мінулым адзін з лідараў Беларускага незалежнага прафсаюза на ААТ «Беларуськалій», напісаў для «Салідарнасці», як гэта — ляжаць у звычайнай нямецкай бальніцы, прычым быць пры гэтым «дармаедам».
На днях мяне выпісалі пасля аперацыі ў клініцы Брэмена. І пакуль свежыя ўспаміны, хачу падзяліцца гэтым досведам.

Аперацыя была планавая — па выразанні перфарацыі ў барабаннай перапонцы (наступствы даўняй спартыўнай траўмы: у школьныя гады актыўна займаўся боксам).
У бальніцы я правёў чатыры дні.
Важна: на дадзены момант у мяне няма пастаяннай працы. З пункту гледжання рэжыму Лукашэнкі, я адношуся да катэгорыі «дармаедаў», якія павінны плаціць за медыцынскую дапамогу (такія ідэі ўладамі выказваліся неаднаразова).
У Германіі ставяцца інакш: я не толькі атрымліваю дапамогу ад цэнтра па працаўладкаванні, але і стандартную медыцынскую страхоўку для такой катэгорыі людзей.
У дзень аперацыі ў 8:30 раніцы я быў у рэгістратуры. Аддаў дакументы для шпіталізацыі, якія былі падрыхтаваны загадзя. Мяне накіравалі ў аддзяленне, дзе ляжаць усе, каму робяць планавыя аперацыі.
Там выдалі меню, каб я адзначыў, што хачу на сняданак, абед і вячэру. Выбар вялікі, уключаючы пазіцыі для вегетарыянцаў.

Затым мяне запрасілі ў пакой, дзе чарговы раз спыталі пра мой стан, памералі тэмпературу, ціск, сатурацыю крыві і сказалі, што давядзецца крыху пачакаць.
Я пайшоў знаёміцца з тэрыторыяй. У бальніцы ёсць парк з сажалкай, фантанам і лавачкамі, свая кірха, некалькі карпусоў, будынкі для медыцынскіх лекцый і семінараў, уласнае кафэ, верталётная пляцоўка для дастаўкі складаных пацыентаў.

У прызначаны час я вярнуўся ў прыёмны пакой. Там мне выдалі рэчы, у якія трэба пераапрануцца, а мае асабістыя, перапісаўшы, паклалі ў вялікі бокс і апячаталі яго.
Мяне пасадзілі ў крэсла і павезлі ў аперацыйную. Затым у адным з памяшканняў пераклалі на каталку, накрылі коўдрай, і мы прадоўжылі шлях.
У перадаперацыйным аддзяленні да мяне прыйшла брыгада анестэзіёлагаў: пыталіся, як сябе адчуваю, ці ёсць алергіі, пераканаліся што я — гэта я, спытаўшы дату нараджэння і якую аперацыю мне трэба рабіць, праверылі бранзалет з асабістымі данымі на руцэ, які мне надзелі крыху раней.
Пасля гэтага далі наркоз. У момант, калі адчуў, што «вырубаюся», яшчэ паспеў паглядзець на гадзіннік, што вісеў у аперацыйнай — 13:40.
Ачуняў у прасторным памяшканні, падзеленым перагародкамі: гэта месца, дзе людзі прыходзяць у сябе пасля аперацыі. Там анестэзіёлагі і рэаніматолагі здымаюць паказанні з прыбораў, пастаянна запісваюць у часопіс усё гэта. Зноў спыталі, як сябе адчуваю, па маёй просьбе прынеслі ваду ў шклянцы з саломінкай.
У 17:00 па мяне прыйшлі і перавезлі ў палату, проста на ложку, які ўсе гэтыя дні быў потым маім.
У аддзяленні ўжо былі мае рэчы. Мне аддалі тэлефон, каб мог напісаць і патэлефанаваць сваякам. Ну а праз паўгадзіны прынеслі вячэру.
Падчас знаходжання ў бальніцы ваду, чай, каву, сок можна браць круглыя суткі (акрамя таго, што рэгулярна прыносіць персанал) у калідоры, на спецыяльным вазку.
Тры разы на дзень у цябе мераюць тэмпературу, ціск, сатурацыю, пытаюцца, як справы, ёсць кнопка выкліку медработніка.
Раніцай пасля сняданку дактары робяць агляд, у іх мабільны перасоўны пост з усім неабходным абсталяваннем. Яны ў камп'ютары адкрываюць тваю гісторыю і ўносяць новыя даныя.
Мне пашанцавала з відам з палаты, мог сустракаць шалёна прыгожыя світанкі (аддзяленне знаходзілася на 7‑ым паверсе).
Палата на тры чалавекі, для кожнага быў свой тэлевізар, таксама раздалі навушнікі, каб мы маглі глядзець тэлевізар і не замінаць адзін аднаму.
Праз чатыры дні мяне выпісалі, правёўшы раніцай некалькі тэстаў. Аперацыя прайшла добра, прызначылі час, калі прыйсці на агляд і зняцце швоў.
Я вельмі ўражаны ўзроўнем абслугоўвання і даступнасці медыцыны для ўсіх слаёў насельніцтва ў Германіі. Тут абсалютна не мае значэння, хто ты — працэс атрымання дапамогі аднолькавы для ўсіх.
Каментары