Пасол: Украіна вядзе пазітыўныя перамовы з ЗША аб набыцці ракет «Тамагаўк»
Заявы Стэфанішынай прагучалі пасля таго, як Трамп даў зразумець, што не разглядае магчымасці адпраўкі «Тамагаўк» ва Украіну.

Пасол Украіны ў ЗША Вольга Стэфанішына заявіла, што яе краіна вядзе са Штатамі «пазітыўныя» перамовы аб набыцці ракет «Тамагаўк» і іншай зброі дальняга дзеяння. Пра гэта Стэфанішына заявіла ў эфіры тэлепраграмы Balance of Power, піша «Украінская праўда».
Заявы Стэфанішынай прагучалі пасля таго, як Трамп даў зразумець, што не разглядае магчымасці адпраўкі «Тамагаўк» ва Украіну.
«Абмеркаванне яшчэ працягваецца, але ў нас ёсць шмат дэлегацый, якія працуюць над павелічэннем даступных фінансавых рэсурсаў для набыцця большых ваенных магчымасцяў у ЗША. Гэта не толькі Tomahawk, але і розныя тыпы іншых ракет дальняга і блізкага дзеяння, і я магу толькі сказаць, што гэта даволі пазітыўна», — сказала яна.
На пытанне пра шматлікія расійскія атакі на энергетычную інфраструктуру Украіны на працягу апошніх тыдняў Стэфанішына адказала: «Гэта, безумоўна, вельмі цяжкі перыяд для Украіны».
Пасол адзначыла, што Украіна працуе над тым, каб атрымаць «больш сродкаў супрацьпаветранай абароны».
Яна дадала, што любая адмова чыніць ціск на Расію будзе ўспрымацца як «нешта, што дае ім (расіянам — рэд.) зялёнае святло для нарошчвання сваіх магчымасцяў».
Трамп 3 лістапада заявіў, што зараз не разглядае магчымасці перадачы ракет «Тамагаўк» Украіне.
Да гэтага выданне CNN паведамляла, што Пентагон даў зялёнае святло на пастаўку Украіне ракет Tomahawk, аднак фінальнае рашэнне будзе прымаць Дональд Трамп.
Генеральны сакратар NATO Марк Рутэ раней заяўляў, што перадача Украіне ракет «Тамагаўк» застаецца «на разглядзе» ў Трампа.
Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі распавёў, што падчас сустрэчы Трамп не сказаў «не» адносна магчымасці пастаўкі дальнабойных ракет, але не сказаў і «так».
Каментары