Прэс-сакратар МЗС Беларусі Руслан Варанкоў выказаўся наконт пытання знаходжання ў Беларусі літоўскага грузавога транспарту. У нашай краіне пасля закрыцця мяжы аказаліся заблакаваныя каля 5 тысяч літоўскіх грузавікоў і паўпрычэпаў.

«Літоўскія СМІ наперабой цытуюць заяву прэм’ер-міністра Літоўскай Рэспублікі спадарыні Інгі Ругінене аб перагаворах з Беларуссю па пытанні вяртання літоўскіх грузавых транспартных сродкаў, якія знаходзяцца на нашай тэрыторыі. Сапраўды, адпаведны зварот, калі яго можна назваць афіцыйным зваротам на адрас Мінска, накіраваны кіраўніцтву Лідскага пагранічнага атрада», — зазначае прэс-сакратар МЗС.
Ён звярнуў увагу, што паколькі рашэнне аб закрыцці беларуска-літоўскай мяжы да 30 лістапада было прынята выключна літоўскім бокам у аднабаковым парадку, то Беларусь «не нясе адказнасці за яго негатыўныя наступствы, якія аказаліся шматграннымі — ад праблем з грузавым транспартам да істотнай шкоды, нанесенай не толькі беларускім грамадзянам і бізнесу, самому літоўскаму боку, але і грамадзянам трэціх краін, уключаючы дзяржавы — члены ЕС».
Варанкоў заклікаў літоўскія ўлады адмяніць сваё рашэнне і аднавіць нармальнае функцыянаванне пагранічных пераходаў для грамадзян, транспартных сродкаў і грузаў.
«Гэтага простага і лагічнага рашэння Вільні з нецярпеннем чакаюць тысячы грамадзян абедзвюх дзяржаў і ЕС у цэлым. Ім патрэбнае такое рашэнне, якое будзе мець устойлівы і прадказальны характар. Аб прыняцці якіх-небудзь выбарачных мер не можа быць і гаворкі», — заключыў ён.
У Беларусі аказаліся заблакаваныя каля 5 тысяч літоўскіх грузавікоў і паўпрычэпаў.
Учора прэм'ер Літвы Інга Ругінене заявіла, што перамовы вядуцца і хутка стане ясна, якім будзе вынік. «Мы прыкладзём усе намаганні, каб літоўскія грузавікі вярнуліся дадому. Але сама мяжа застанецца закрытай», — заявіла прэм'ер-міністарка.
Сёння яе дарадца Ігнас Дабравольскіс казаў, што, магчыма, дзеля гэтага будзе адкрыты прапускны пераход у Салечніках.
Каментары
/адпаведны зварот (..) накіраваны кіраўніцтву Лідскага пагранічнага атрада/
Перамовы кіраўніцтва Літвы выйшлі на найвышэйшы ўзровень.