У Беларусі дазволяць удзельнічаць у перапісе насельніцтва з 15 гадоў
У 2030 годзе ў Беларусі адбудзецца чарговы перапіс насельніцтва. Белстат вынес на абмеркаванне законапраект, які дазваляе рэспандэнтам, што дасягнулі 15‑гадовага ўзросту, самастойна падаваць звесткі пра сябе, піша Office Life.

Дакумент накіраваны на аптымізацыю правядзення наступных перапісаў насельніцтва з улікам міжнародных стандартаў і рэкамендацый.
Перапіс будзе датычыць як грамадзян краіны, так і замежнікаў, уключаючы асоб без грамадзянства, якія пражываюць або часова знаходзяцца ў Беларусі. Таксама ўдзел змогуць узяць беларусы і замежнікі, што знаходзяцца за мяжой на момант перапісу. Апытанні будуць праводзіцца як анлайн, так і пры абходзе дамоў або на перапісных участках.
Абмеркаванне законапраекта праходзіць на Прававым форуме Беларусі. Па рашэнні ўрада пробны перапіс насельніцтва праводзіцца не пазней чым за два гады да правядзення асноўнага раўнду перапісу насельніцтва.
У дадатак да ўсяго ў сакавіку 2025 года стала вядома, што падчас перапісу ў 2030 годзе будзе прымяняцца штучны інтэлект, каб знізіць нагрузку на рэспандэнтаў.
Апошні перапіс насельніцтва ў Беларусі праходзіў з 4 па 30 кастрычніка 2019 года, і паводле яго вынікаў колькасць сталага насельніцтва склала 9 413 446 чалавек.
Каментары