З мінскай міліцыі звольніўся найлепшы супрацоўнік падраздзяленняў па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі — і адкрыў сваю IT-кампанію
Віталь Анісімаў за тры гады дарос з опера да намесніка кіраўніка аддзела. Але, нягледзячы на хуткі кар’ерны рост, нядаўна сышоў з міліцыі. Кажа, хацеў больш перспектыў і менш бюракратыі.

У 2024 годзе Віталя Анісімава ў Мінску прызналі найлепшым супрацоўнікам падраздзяленняў па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі. На той момант ён быў старшым оперупаўнаважаным па асабліва важных справах аддзела па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Заводскага РУУС Мінска.

Тады Яўген Будзько, кіраўнік мінскага гарадскога ўпраўлення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі крымінальнай міліцыі, падкрэсліваў, што конкурс, у ліку іншага, садзейнічае «фарміраванню і захаванню прафесійнага кадравага ядра».

Але пераможца ў сілавых структурах надоўга не затрымаўся.
Цяпер 26‑гадовы хлопец дзеліцца ў Threads, што сышоў з сілавікоў і стаў дырэктарам IT-кампаніі (гаворка ідзе пра створаную сёлета VIVIAR Tech), якая займаецца ўкараненнем ШІ ў бізнэс.
Віталь дадаў, што вырашыў глабальна змяніць сферу дзейнасці праз тое, што на грамадзянцы больш перспектыў і менш бюракратыі. Ён таксама вечарамі грае ў хакей у аматарскім клубе «Арыён».

У каментарах Віталь распавёў, што ў кампаніі дзевяць чалавек, але ён спадзяецца, што ў хуткім часе будзе больш.

Віталь таксама ўдзельнік моладзевай аналітычнай групы «Белай Русі». Напрыклад, сёлета ў сакавіку ён прысутнічаў на сустрэчы старшыні Канстытуцыйнага суда з моладдзю «Белай Русі».
А ў верасні ад таго ж грамадскага аб’яднання ўдзельнічаў у рэспубліканскім вебінары, прысвечаным платформе псіхалагічнай дыягностыкі для адукацыйных устаноў PsyTesty.com.
Каментары