Беларуска непрыемна здзівілася, калі пабачыла ў Гродне дзіцячыя танкі побач з будынкам былой камендатуры
Гарадзенка Аляксандра абурылася таму, што ў цэнтры горада не могуць знайсці месца для дзіцячай пляцоўкі — затое знайшлі для ваенізаванага атракцыёну.

Аляксандра пабачыла маленькія танкі, разлічаныя на дзяцей, побач са знаёмым усім жыхарам Гродна будынкам. Назіраннем яна падзялілася ў Threads:
«Сучасная дзіцячая пляцоўка ў цэнтры горада — «месца няма», «куды яе ставіць?», «едзьце ў спальнік», «нікому не патрэбная». Зрабіць ваенізаваны атракцыён у цэнтры горада і вадзіць сваё дзіця катацца на танках па акопах» — «не, ну а што тут такога?»
Каментатары Аляксандру падтрымалі: маўляў, дзіўна бачыць танкі побач з помнікам архітэктуры. Гэты будынак — былы палац Чацвярцінскіх у парку Жылібера.
Яго пабудавалі ў 70‑я гады XVIII стагоддзя. Архітэктарам будынка, як лічаць даследчыкі, быў каралеўскі дойлід Джузэпэ дэ Сак. Будынак прызначаўся для размяшчэння Каралеўскай медыцынскай акадэміі.
Пасля заняпаду Антонія Тызенгаўза будынак перайшоў да князёў Чацвярцінскіх, якія мелі немалую вагу пры каралеўскім двары.
Пасля Другой сусветнай вайны ў былым палацы месцілася вайсковая камендатура.

З 2014 года будынак стаяў пусты доўгі час. З 2016 года яго неаднаразова спрабавалі прадаць. Атрымалася гэта толькі ў 2020 годзе — былы палац за 1,69 мільёна рублёў набыў уладальнік гродзенскага парку атракцыёнаў. Ён казаў, што плануе максімальна аднавіць гістарычны выгляд будынка.

Распавядаў, што працэс узгаднення займае шмат часу: толькі колер даху абмяркоўвалі два месяцы. Думалі пра тое, каб вакол палаца зрабіць аранжарэю і арганізаваць грамадскую прастору. Але атрымалася як атрымалася.
Каментары